Падлеткі тупеюць? Новае даследаванне паказала трывожную тэндэнцыю
Апошнія звесткі міжнароднага тэставання PISA засведчылі трывожную тэндэнцыю: узровень ведаў 15‑гадовых падлеткаў у большасці развітых краін няўхільна зніжаецца. Калі раней гэты спад тлумачылі часовымі наступствамі пандэміі і паўсюднымі смартфонамі, то цяпер эксперты ўсё часцей звяртаюць увагу на сістэмныя памылкі саміх рэфарматараў адукацыі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: LookByMedia
Раз на тры гады Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) ладзіць маштабнае тэставанне 15‑гадовых школьнікаў, ацэньваючы іх здольнасці ў матэматыцы, чытанні і прыродазнаўчых навуках. Апошнія вынікі, якія ахапілі 38 краін АЭСР і яшчэ 53 краіны і тэрыторыі, чыноўнікі чакалі з надзеяй на паляпшэнне. Здавалася, пасля катастрафічнага правалу часоў каранавірусных лакдаўнаў паказчыкі мусілі пайсці ўверх.
Аднак, як піша The Economist, статыстыка паказала адваротнае: у багатых дзяржавах балы працягваюць зніжацца, а падзенне навыкаў чытання нават паскорылася.
Калі ацаніць дынаміку за апошнія дзесяцігоддзі, высвятляецца, што пік паспяховасці ў краінах АЭСР прыпаў на 2012 год. З таго часу веды падлеткаў няўхільна пагаршаюцца, і сёння сярэдні 15‑гадовы школьнік дае рады заданням на ўзроўні, які дзесяць гадоў таму дэманстравалі 14-гадовыя.
Як змяняліся сярэднія вынікі PISA па матэматыцы, чытанні і прыродазнаўчых навуках у 23 краінах АЭСР з 2000 да 2025 года. Крыніца: PISA 2025 Result / oecd.org
Асабліва хутка адстаюць вучні, якія і раней мелі слабыя вынікі.
Разрыў паміж самымі моцнымі і самымі слабымі ўдзельнікамі цяпер стаў найбольшым за ўсю гісторыю PISA ва ўсіх трох дысцыплінах.
Каля 20% 15‑гадовых у краінах АЭСР маюць нізкія вынікі адначасова ў чытанні, матэматыцы і прыродазнаўчых навуках. Чатыры гады таму такіх было 16%. На практыцы гэта азначае, што такім юнакам і дзяўчатам цяжка нават асэнсаваць просты пісьмовы тэкст або самастойна разабрацца ў рахунку за камунальныя паслугі.
Чаму так?
Пандэмія сапраўды пакінула па сабе глыбокі след. Па-першае, дзеці, якія пісалі апошнія тэсты, падчас лакдаўнаў былі якраз у тых гадах, калі закладваюцца базавыя акадэмічныя навыкі. Па-другое, пасля вяртання ў класы паўстала праблема масавых прагулаў: колькасць вучняў, якія рэгулярна прапускаюць заняткі, істотна вырасла ва ўсім свеце, а нават некалькі дзён пропуску наўпрост б’юць па адзнаках.
Але доўгатэрміновае падзенне пачалося раней, таму даследчыкі шукаюць і іншыя прычыны. Паўсюдны доступ да смартфонаў і сацыяльных сетак прывёў да ўзнікнення цэлага пласта «паспешлівых чытачоў». Гэта падлеткі, якія хутка прабягаюць тэкст вачыма, але не здольныя па-сапраўднаму заглыбіцца ў змест і зрабіць лагічныя высновы.
Змяніліся і чытацкія звычкі дзяцей. У 1990‑я амаль 60% дзевяцігадовых у ЗША казалі, што чытаюць кнігі дзеля задавальнення. Цяпер такіх 37%. А паколькі разуменне тэксту — гэта падмурак для ўсіх астатніх дысцыплін, разам з чытаннем пацягнуліся ўніз і матэматыка з фізікай.
Аднак смартфоны самі па сабе не тлумачаць усёй карціны. Імі карыстаюцца дзеці ва ўсім свеце, а вынікі розных адукацыйных сістэм істотна адрозніваюцца.
Кіраўнік адукацыйнага кірунку АЭСР Андрэас Шляйхер (Andreas Schleicher) адзначае і іншы трывожны фактар: зніжэнне патрабавальнасці ў саміх школах. Паводле яго назіранняў, настаўнікі і адміністрацыя ўсё часцей хваляць пасрэдныя вынікі, а бяздумнае насычэнне класаў недапрацаванымі лічбавымі прыладамі і праграмамі часта шкодзіць больш, чым дапамагае.
Да таго ж, педагогі ва ўсім свеце адзначаюць, што захаванне элементарнай дысцыпліны на занятках патрабуе цяпер усё больш высілкаў.
Фінляндыя ўжо не аўтарытэт
Асобнай тэмай для дыскусій сталі самі педагагічныя метады. Пасля таго як у 2000 годзе Фінляндыя ўзначаліла рэйтынг PISA, многія краіны кінуліся капіяваць яе падыходы: мінімум праверак і іспытаў, стаўка на навучанне праз гульню (асабліва для малодшых школьнікаў) і памяншэнне ролі настаўніка каля дошкі на карысць самастойнай працы.
Аднак з часу першага тэставання амаль ні ў адной краіне вынікі не падалі так моцна, як у Фінляндыі. Апошнія звесткі паказваюць, што падзенне працягваецца.
Крытыкі фінскай мадэлі мяркуюць, што высокія паказчыкі 2000 года насамрэч адлюстроўвалі старыя, кансерватыўныя педагагічныя падыходы, якія яшчэ панавалі ў школах краіны на працягу 1990-х, а зусім не тыя навамодныя «прагрэсіўныя» методыкі, дзякуючы якім яна праславілася. Калі гэта так, то фатальная памылка магла збіць з правільнага курсу дзясяткі адукацыйных сістэм па ўсім свеце.
Як змяніліся вынікі школьнікаў па чытанні за дзесяць гадоў у розных краінах і тэрыторыях. Значэнні паказваюць сярэднюю змену балаў за дзесяцігадовы перыяд: чым ніжэйшы слупок, тым мацнейшае падзенне. Крыніца: Education and Skills Global Webinar, 8 верасня 2026 года.
На каго цяпер раўняцца?
Як і амаль ва ўсіх даследаваннях PISA з 2000 года, сярод лідараў дамінуюць адукацыйныя сістэмы Усходняй Азіі. Найвышэйшыя вынікі паказалі школьнікі з чатырох заможных рэгіёнаў Кітая, якія ўдзельнічалі ў даследаванні.
У прыродазнаўчых навуках і матэматыцы іх вынікі прыкладна на 100 балаў вышэйшыя за сярэднія па АЭСР. The Economist адзначае, што 20 балаў можна вельмі прыблізна лічыць прагрэсам, якога сярэдні вучань дасягае за год навучання. Следам за імі размясціліся падлеткі з Сінгапура, Макаа, Тайваня і Японіі.
Як піша выданне, іх поспех грунтуецца не толькі на культурнай традыцыі і вялікай увазе бацькоў да рэпетытарства, але і на прагматычных рашэннях улад. Замест таго каб імкнуцца да максімальнага змяншэння колькасці дзяцей у класах, там робяць стаўку на якасную падрыхтоўку настаўнікаў і высокія заробкі для іх.
Сярод краін Захаду найлепшыя вынікі па-ранейшаму паказвае Эстонія. Вельмі хутка ідзе ўгару Турцыя. Цікавы досвед паказала і Англія, якая за апошнія гады здолела ўвайсці ў сусветны топ-10 па ўсіх трох дысцыплінах.
Па словах аўтараў, у той час як многія захапіліся размытымі канцэпцыямі «гнуткіх навыкаў» (soft skills), брытанскія рэфарматары вярнуліся да насычаных фактамі праграм, зрабілі іспыты больш строгімі і адмовіліся ад практыкі курсавых прац, якія лёгка спісаць.
Паказальна, што суседняя Шатландыя, якая пайшла шляхам модных паслабленняў і павялічыла выдаткі на кожнага вучня, у выніку істотна саступіла англічанам у якасці ведаў.
Ці сапраўды падлеткі тупеюць?
PISA не вымярае інтэлекту і не дае падстаў сцвярджаць, што сучасныя дзеці сталі дурнейшымі. Даследаванне паказвае іншае: у значнай частцы багатых краін 15‑гадовыя горш ведаюць матэматыку, менш чытаюць і горш разумеюць складаныя тэксты. Прычым гэты працэс працягваецца ўжо больш за дзесяць гадоў.
Гэта важна не толькі для школьных адзнак. The Economist адзначае, што найлепшыя адукацыйныя вынікі звязаныя з больш высокімі даходамі, лепшым здароўем і большай працягласцю жыцця. На ўзроўні краін паляпшэнне ведаў і навыкаў насельніцтва таксама звязана з эканамічным ростам.
Так, адзін з аналізаў паказвае, што павышэнне балаў PISA на 25 пунктаў здольнае павялічыць штогадовы рост ВУП у заможных краінах на 0,5%.
«Пакуль няма дастаткова доказаў таго, што штучны інтэлект знізіць каштоўнасць выдатнай адукацыі. Наадварот, ёсць шмат прычын меркаваць, што новыя тэхналогіі асабліва моцна ўдараць па людзях са слабымі ведамі і навыкамі. Школьным рэфарматарам час самім сесці за кнігі», — падсумоўвае The Economist.
Чытайце таксама:
ЮНЕСКА заклікае школы ўсяго свету забараніць выкарыстанне смартфонаў на ўроках
Фінская сярэдняя школа: расказвае чалавек, які праз яе прайшоў