БЕЛ Ł РУС

У Баварыі на Дунаі злавілі анаконду

12.09.2026 / 16:42

Nashaniva.com

На беразе Дуная каля баварскага Кірхрота ў раёне Штраўбінг-Боген 66‑гадовая жанчына падчас прагулкі заўважыла змяю даўжынёй больш за два метры, якая грэлася на сонцы. Яна адразу зразумела, што гэта не мясцовы від, піша Euronews.

Фота: Polizeiinspektion Straubing

«Яна даўжэйшая за нашых звычайных змей», — расказала жанчына паліцыі.

У гэтым рэгіёне добра вядомыя звычайныя і эскулапавыя вужы. Гэтыя неядавітыя рэптыліі звычайна вырастаюць максімум да паўтара метра.

На месца прыбылі паліцыянты і спецыялістка па рэптыліях, якая хутка вызначыла від змеі. Аказалася, што гэта анаконда — буйная змяя з падсямейства ўдаваў, якая паходзіць з Паўднёвай Амерыкі.

Мяркуецца, што некаторы час анаконда жыла ў якасці хатняй жывёліны. Змея дазволіла сябе злавіць без найменшага супраціву.

Фота: Feuerwehr Kirchroth

У Баварыі ўтрыманне анаконды дазваляецца толькі пры строгім выкананні спецыяльных патрабаванняў, бо буйныя ўдавы адносяцца да катэгорыі небяспечных дзікіх жывёл.

Анаконды могуць вырастаць да дзевяці метраў у даўжыню і важыць каля 200 кілаграмаў. Невялікія асобіны ў асноўным харчуюцца птушкамі. Для самцоў гэта застаецца асноўнай здабычай на працягу ўсяго жыцця. Самкі па меры росту пераходзяць на больш буйную здабычу — напрыклад, капібар і маладых аленяў, а таксама кайманаў.

Сваю здабычу анаконда забівае, абвіваючыся вакол яе і сціскаючы цела, пасля чаго праглынае ахвяру цалкам.

Чытайце таксама:

На адной з гродзенскіх вуліц заўважылі метровага вужа ФОТЫ

Настаўнік біялогіі ў Пінску прыносіць на ўрокі змяю

Беларус пайшоў гуляць у лес і сустрэў «вужа на максімалках» ФОТАФАКТ

Гіганцкая змяюка напалохала людзей у Мазыры. Высветлілася, што яе выгульваў 12‑гадовы хлопчык

Кроў мужчыны, якога больш за 200 разоў кусалі змеі, стала асновай для ўніверсальнага супрацьяддзя

Каментары да артыкула