Усяго патроху

Кроў мужчыны, якога больш за 200 разоў кусалі змеі, стала асновай для ўніверсальнага супрацьяддзя

Амерыканец Цім Фрыдэ амаль два дзесяцігоддзі свядома ўводзіў у свой арганізм яд самых небяспечных змей планеты і перажыў больш за дзвесце ўкусаў. Эксперыменты ледзь не каштавалі яму жыцця, але цяпер яго кроў дапамагла навукоўцам стварыць супрацьяддзе, здольнае абараняць ад укусаў многіх відаў змей адначасова.

Цім Фрыдэ. Скрын відэа: Associated Press / YouTube

Сённяшнія супрацьяддзі маюць сур’ёзнае абмежаванне: яны звычайна дзейнічаюць толькі супраць канкрэтнага віду змей. Калі чалавека ўкусіла іншая змяя або нават тая ж самая, але з іншага рэгіёна, эфектыўнасць лячэння можа быць значна ніжэйшай. Гэта вялікая праблема для краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі, дзе ад укусаў змей штогод памірае да 140 тысяч чалавек, а яшчэ сотні тысяч застаюцца інвалідамі або страчваюць канечнасці.

Як паведамляе BBC, амерыканец Цім Фрыдэ пачаў свае эксперыменты 18 гадоў таму не дзеля навукі.

Былы механік грузавікоў захапляўся змеямі і хацеў выпрацаваць уласны імунітэт, каб бяспечна працаваць з імі. Ён самастойна рыхтаваў малыя дозы яду і паступова ўводзіў іх сабе. З часам ён пачаў дакументаваць свае досведы на YouTube.

Фрыдэ перанёс больш за 200 укусаў і больш за 700 ін’екцый яду. Сярод змей, з ядаў якіх ён рыхтаваў сумесі, былі мамбы, кобры, крайты і тайпаны — адны з самых небяспечных рэптылій у свеце.

Навуковы пошук

Сёння супрацьяддзе вырабляюць шляхам увядзення невялікіх доз змяінага яду жывёлам, напрыклад коням. Іх імунная сістэма змагаецца з таксінамі, выпрацоўваючы антыцелы, якія затым выкарыстоўваюць у тэрапеўтычных мэтах. Але праблема ў тым, што яд розных змей моцна адрозніваецца. Нават яд аднаго і таго ж віду можа мець розны склад у залежнасці ад рэгіёна.

На гэтым відэа, створаным 13 гадоў назад, Цім Фрыдэ паказвае два выпадкі ўкусаў тайпана — адной з самых атрутных змей у свеце

Менавіта таму навукоўцы ўжо даўно шукалі так званыя «антыцелы шырокага спектру». У адрозненне ад звычайных антыцелаў, яны нацэлены не на ўнікальныя асаблівасці канкрэтнага таксіну, а на агульныя ўчасткі, уласцівыя цэлым класам таксінаў.

Кіраўнік біятэхналагічнай кампаніі Centivax Джэйкаб Глэнвіл лічыць, што сустрэча з Цімам Фрыдэ стала ключавым момантам даследавання. Паводле яго, ён адразу падумаў, што чалавек, які гадамі ўводзіў сабе яд розных змей, мог выпрацаваць унікальны імунны адказ.

Даследчыкі ўзялі ў Фрыдэ ўзоры крыві і пачалі вывучаць антыцелы. Праект атрымаў этычны дазвол, бо мужчыну больш не ўводзілі яд — навукоўцы толькі аналізавалі механізмы абароны, якія ўжо сфармаваліся ў яго арганізме.

Як паведамляюць аўтары артыкула ў навуковым часопісе Cell, асноўная ўвага даследавання была скіраваная на аспідавых (Elapidae) — адно з двух галоўных сямействаў ядавітых змей, куды ўваходзяць каралавыя аспіды, мамбы, кобры, тайпаны і крайты. Іх яд змяшчае найперш нейратаксіны, якія паралізуюць мышцы, неабходныя для дыхання.

Даследчыкі выбралі 19 відаў аспідавых, якія Сусветная арганізацыя аховы здароўя адносіць да найбольш небяспечных змей планеты. Затым яны пачалі аналізаваць кроў Фрыдэ ў пошуках ахоўных механізмаў.

У выніку навукоўцы выявілі два тыпы антыцелаў шырокага дзеяння, якія ўздзейнічаюць на дзве вялікія групы нейратаксінаў. Да іх дадалі яшчэ адзін прэпарат, што блакуе трэцюю групу таксінаў, і стварылі эксперыментальны «кактэйль» супрацьяддзя.

Падчас выпрабаванняў на мышах гэты сродак дазволіў жывёлам выжыць пасля смяротных доз яду 13 з 19 даследаваных відаў змей. Яшчэ супраць шасці відаў была зафіксаваная частковая абарона.

Даследчыкі называюць такі вынік беспрэцэдэнтным. Паводле іх, новы падыход можа адкрыць шлях да стварэння сапраўды ўніверсальнага супрацьяддзя, якога пакуль не існуе.

Цяпер навукоўцы спрабуюць удасканаліць формулу і правяраюць, ці можна дадаць чацвёрты кампанент, каб забяспечыць поўную абарону ад усіх аспідавых.

Будучыня даследаванняў

Паралельна даследчыкі працуюць і з іншымі сямействамі змей. Напрыклад, гадзюкі выкарыстоўваюць пераважна гематаксіны, якія пашкоджваюць кроў і тканкі, а не нервовую сістэму. Увогуле ў змяіным ядзе вылучаюць каля дзясятка асноўных класаў таксінаў.

Таму даследаванне ўзораў крыві Фрыдэ працягваецца. Вучоныя адзначаюць, што яго антыцелы сапраўды ўнікальныя: імунная сістэма амерыканца навучылася вельмі шырока распазнаваць розныя таксіны.

У перспектыве навукоўцы спадзяюцца стварыць або адзінае ўніверсальнае супрацьяддзе, або хаця б два шырокія прэпараты — асобна для аспідавых і гадзюк.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі58

Экскаватар ужо зносіць мінскую «Белую крэпасць» — адзіны прыватны дом сярод забудовы шматпавярховікаў ВІДЭА3

Прэс-сакратар Азарава, чыю машыну падарвалі ў Маскве, быў афіцэрам СЗР Расіі3

У сям'і Уладзіміра Пуціна з'явілася Меланія2

У Маскве, імаверна, узарвалі аўтамабіль прэс-сакратара былога прэм'ера Украіны Азарава2

У Оршы запусцілі новую вытворчасць: з лёну будуць рабіць тонкую пражу для адзення

Пад Мінскам прадаецца лецішча-замак1

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць