Гродзенец знайшоў у лесе старыя снарады, якія ўраслі ў дрэвы
Жыхар Гродна падчас паходу па грыбы знайшоў у лесе чатыры артылерыйскія снарады часоў Другой сусветнай вайны, піша УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Мужчына адправіўся на «ціхае паляванне» ў лясны масіў каля агародніннай фабрыкі. На адной з палян ён заўважыў незвычайныя ствалы дрэў. Прыгледзеўшыся, зразумеў, што непасрэдна ў іх знаходзяцца чатыры 152‑міліметровыя снарады.
Мяркуецца, што падчас баявых дзеянняў боепрыпасы пакінулі на зямлі і злёгку прысыпалі. З цягам часу пра іх забыліся, а лес, які вырас на гэтым месцы, сваімі каранямі і стваламі паступова падняў снарады з зямлі.
Месца знаходкі ачапілі, а пасля сапёры вайсковай часці 5522 вывезлі снарады і знішчылі іх.
Падобны выпадак у Гродне адбыўся шэсць гадоў таму. Падчас рэканструкцыі казармаў на вуліцы Пралетарскай боепрыпас таксама знайшлі непасрэдна ў ствале таполі.
Чытайце таксама:
У Оршы рыбак знайшоў у вадзе рэвальвер, прыдатны для стральбы
У Гродзенскім раёне ў рэчцы знайшлі снарады часоў Другой сусветнай вайны
У Пінскім раёне малады мужчына загінуў ад выбуху боепрыпасу часоў Другой сусветнай вайны