Аршанскі рыбак зрабіў незвычайную і небяспечную знаходку. Вяртаючыся з рыбалкі, ён заўважыў на дне вадаёма прадмет, падобны да рэвальвера. Дастаўшы яго з вады, мужчына добраахвотна здаў зброю ў міліцыю, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Мужчына праходзіў па мосце каля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і вырашыў праверыць узровень вады ў канале. Менавіта тады ён убачыў на дне прадмет, які нагадваў зброю.
Каб вызначыць характарыстыкі знаходкі, у Віцебскім абласным упраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі судова-балістычную экспертызу.

Эксперты вызначылі, што гэта сямізарадны рэвальвер, выраблены саматужным спосабам. Нягледзячы на такое паходжанне, па сваёй канструкцыі ён практычна дакладна паўтарае рэвальвер сістэмы Нагана ўзору 1895 года.
Падчас эксперыментальнай стральбы спецыялісты высветлілі, што ўдзельная кінетычная энергія снарадаў пры стрэле з гэтага рэвальвера істотна перавышае ўзровень, дастатковы для паражэння чалавека.
Паводле заключэння экспертаў, рэвальвер прыдатны для стральбы вінтовачнымі патронамі кальцавога ўзгарання калібру 5,6×16R. Яго прызналі наразной агнястрэльнай зброяй.

У адной з камор барабана эксперты знайшлі выраблены на заводзе вінтовачны патрон кальцавога ўзгарання калібру 5,6×16R. Аднак ён аказаўся ўжо сапсаваным. Падчас трох спробаў зрабіць з яго стрэл гэтага не атрымалася, пасля чаго эксперты прызналі боепрыпас непрыдатным для выкарыстання.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары