Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Праект электроннай энцыклапедыі, які на працягу некалькіх гадоў прэзентавалі як ідэалагічна правільны адказ Вікіпедыі, спыніў сваё існаванне. Сайт праекта больш не адкрываецца, падраздзяленне, якое яго стварала, ліквідавалі, а невялікі вынік шматгадовай працы цэлага штата навукоўцаў перадалі Нацыянальнай бібліятэцы Вадзіма Гігіна.
Галоўная старонка электроннай «Беларускай энцыклапедыі»
Тое, што сайт праекта belarusenc.by не адкрываецца на працягу доўгага часу, заўважыў беларускі вікіпедыст Уладзіслаў Чаховіч. Апошні раз «жывой» старонка «Беларускай энцыклапедыі» была зафіксавана 17 чэрвеня 2026 года.
Грандыёзныя планы па напісанні «ідэалагічна правільнай» гісторыі
Рашэнне аб стварэнні ўласнай электроннай энцыклапедыі было ініцыявана тагачасным кіраўніком Акадэміі навук Уладзімірам Гусаковым. У 2021 годзе ў структуры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН стварылі асобны Цэнтр энцыклапедычных выданняў (ЦЭВ).
Загадчыкам ЦЭВ у ліпені 2023 года згадваўся кандыдат філалагічных навук Мікола Трус, які пасля ўзначальваў Цэнтр даследаванняў старадрукаў і рукапісаў (сёння ліквідаваны). Загадчыцай галоўнай рэдакцыі была гісторык і энцыклапедыстка Соф'я Самуэль.
Пры гэтым да працы над праектам фармальна быў прыцягнуты ледзь не ўвесь акадэмічны бамонд. Акрамя самога Гусакова, у навукова-рэдакцыйную раду і калегіі ўваходзілі дзясяткі акадэмікаў і дактароў навук.
Намеснікам старшыні рады значыўся акадэмік, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя. Таксама ў спісах фігуравалі такія вядомыя навукоўцы, як гісторыкі Вадзім Лакіза і Вячаслаў Даніловіч, фізік Сяргей Гапоненка, архітэктар Аляксандр Лакотка, філолагі Ігар Капылоў і Іван Саверчанка, а таксама кіраўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Аляксей Літвін.
Дзяржаўныя СМІ не шкадавалі эпітэтаў для праекта. Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Станіслаў Юрэцкі называў яго «непазбежным этапам развіцця», «прасторай дакладных ведаў» і «ўнікальным праектам па аб’ёме інфармацыі». Там жа Соф'я Самуэль хвалілася, што перад стварэннем сайта каманда «вывучыла больш за дваццаць сайтаў іншых энцыклапедый» і марыла, што з часам кожная тэма вылучыцца ў асобны сайт, утварыўшы «сучасны інфармацыйна насычаны партал».
Праектам нават ездзілі выхваляцца на міжнародныя форумы ў расійскі Татарстан.
Асаблівы акцэнт рабіўся на ідэалогію. Напрыклад, Аляксей Літвін прама заяўляў, што ў энцыклапедыі трэба абавязкова адлюстраваць новыя абставіны з крымінальнай справы аб «генацыдзе беларускага народа», якую вядзе Генеральная пракуратура.
Канец «эпохі навуковага стэндапу»
Сам куратар праекта Уладзімір Гусакоў быў вядомы сваімі эксцэнтрычнымі ініцыятывамі: як мы пісалі раней, ён прапаноўваў вылучыць Аляксандра Лукашэнку на Нобелеўскую прэмію міру, спрабаваў выдаць збор яго твораў, уводзіў у абарот дзіўнае паняцце «беларускі свет» і прымушаў Акадэмію навук праводзіць бясконцыя форумы даследчыкаў казак.
Аднак у маі 2025 года кіраўніцтва ў Акадэміі змянілася: Гусакова на пасадзе змяніў былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Мяркуючы па ўсім, са звальненнем галоўнага ініцыятара энцыклапедыі скончылася і тое, што навукоўцы называлі «эпохай навуковага стэндапу» — праект страціў адміністрацыйную падтрымку і сэнс існавання ў вачах новага кіраўніцтва.
Ужо недзе ў пачатку вясны 2026 года, менш чым праз год пасля таго, як ініцыятар праекта Гусакоў пакінуў сваю пасаду, са структуры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН знік і сам Цэнтр энцыклапедычных выданняў, які раней займаў асобны паверх і шукаў у штат навуковых рэдактараў, бібліёграфаў і карэктараў.
Гара нарадзіла мыш: 4000 артыкулаў за 5 гадоў
Вынікі працы дзяржаўнай установы з вялікім штатам і фінансаваннем аказаліся больш чым сціплымі — усяго 4000 артыкулаў за пяць гадоў. Для параўнання: у Беларускай Вікіпедыі, якую ствараюць без цэлага штату навуковых супрацоўнікаў энтузіясты і валанцёры цалкам бясплатна, толькі за адзін каляндарны год з'яўляецца каля 10 000 новых артыкулаў.
Як бачна з захаванай архіўнай карты сайта, амбіцыйныя планы ў асноўным так і засталіся на паперы.
З дзясяткаў заяўленых тэм рэальна былі створаны толькі раздзелы «Прырода» і адзін гістарычны перыяд — «Беларусь у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах».
Усе астатнія гістарычныя эпохі (ад паходжання беларусаў і ВКЛ да сучаснай Рэспублікі Беларусь), а таксама ключавыя раздзелы «Грамадства», «Дзяржава», «Эканоміка», «Культура», «Адукацыя», «Навука» так і засталіся не запоўненымі.
Спадчыну перадалі Гігіну
Нягледзячы на ліквідацыю асобнага сайта, сабраныя тэксты вырашылі захаваць. У чэрвені 2026 года генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і дэпутат Вадзім Гігін абвясціў, што каля 4 тысяч запісаў, створаных Акадэміяй навук, былі безаплатна перададзены яго ўстанове.
Цяпер гэтыя тэксты плануюць інтэграваць у бібліятэчны праект «Беларусь у асобах і падзеях». Паводле слоў Гігіна, гэта робіцца для таго, каб стварыць «альтэрнатыву знешнім крыніцам інфармацыі».
Такім чынам, амбіцыйны праект НАН ператварыўся ўсяго толькі ў дадатак да базы дадзеных іншай дзяржаўнай установы. Тэхнічна інтэграцыя будзе складанай, бо структура сайтаў кардынальна розная, і, імаверна, перанос будзе ажыццяўляцца ў ручным рэжыме.
Самая маштабная спроба беларускіх уладаў стварыць уласную «правільную» і кіраваную энцыклапедыю ў інтэрнэце завяршылася закрыццём рэдакцыі, выдаленнем сайта і ціхай перадачай сціплых архіваў у бібліятэку.