БЕЛ Ł РУС

Зяленскі выказаўся за энергетычнае перамір'е з Расіяй, але сумняецца, што яна будзе яго выконваць

14.09.2026 / 20:30

Nashaniva.com

Пасля заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра нібыта дасягненне энергетычнага перамір'я паміж Расіяй і Украінай прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў зразумець, што Кіеў сапраўды гатовы да такой дамоўленасці, але сумняваецца, што Расія будзе яе выконваць.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Byron Smith/Getty Images

Зяленскі заявіў, што Украіна ўжо прапаноўвала партнёрам дамовіцца з Расіяй аб спыненні ўзаемных удараў па крытычнай інфраструктуры. Аднак, паводле яго, пакуль няма ўпэўненасці, што Расія сапраўды хоча прытрымлівацца любых падобных дамоўленасцяў.

Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што калі партнёры змогуць гарантаваць рэальнае выкананне Расіяй абавязацельства не атакаваць украінскую электраэнергетыку, іншыя энергетычныя аб’екты, крытычную інфраструктуру і шляхі перавозкі харчавання, то Украіна таксама гатовая ўстрымацца ад адпаведных удараў па расійскіх аб’ектах.

Пры гэтым Зяленскі настойвае, што такая дамоўленасць павінна быць надзейнай і доўгатэрміновай, а не часовай мерай. Ён папярэдзіў, што не хоча сітуацыі, калі напружанасць часова знізіцца, а пасля правядзення ў Расіі «выбараў» усё вернецца да ранейшага стану.

Зяленскі таксама звязаў магчымую часавую паўзу з сітуацыяй на рынку паліва. Паводле яго, Расія можа быць зацікаўленая ў часовым змякчэнні напружанасці, каб на перыяд сваіх «выбараў» атрымаць палёгку з праблемамі з бензінам і дызельным палівам.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што цяпер чакае ад міжнародных партнёраў канкрэтных прапаноў і механізмаў, якія маглі б забяспечыць выкананне такой дамоўленасці.

На момант публікацыі матэрыялу афіцыйнай рэакцыі Масквы на заявы Трампа і Зяленскага яшчэ не было.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна нібыта пагадзілася не наносіць удараў па расійскіх энергетычных аб’ектах, а Расія, паводле яго слоў, згодная дзейнічаць гэтак жа. Пра гэта ён напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

Чытайце таксама:

Трамп запатрабаваў ад Зяленскага спыніць знішчэнне расійскіх НПЗ з-за пагрозы сусветнага дэфіцыту паліва

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е

Сябар начальніка аховы Пуціна быў удзельнікам і спонсарам вяселля сына Трампа

Каментары да артыкула