У зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы ўпершыню за 30 гадоў памянялася галоўная трэнерка
Галоўнай трэнеркай нацыянальнай зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы прызначылі Любоў Чаркашыну. На гэтай пасадзе яна змяніла Ірыну Ляпарскую, якая ўзначальвала беларускую зборную ажно з 1996 года.
Любоў Чаркашына
З працай Ірыны Ляпарскай звязаныя найбольш яркія поспехі беларускай мастацкай гімнастыкі. За гады трэнерскай дзейнасці яна падрыхтавала некалькі пакаленняў спартсменак высокага ўзроўню, якія паспяхова выступалі на міжнародных спаборніцтвах. Сярод яе найбольш вядомых выхаванак — алімпійская чэмпіёнка яшчэ Сеула-1988 Марына Лобач, прызёркі Алімпійскіх гульняў Іна Жукава, Юлія Раскіна, Любоў Чаркашына, Аліна Гарнасько і іншыя.
Ірына Ляпарская
Новая трэнерка Любоў Чаркашына сама з’яўляецца адной з найбольш паспяховых беларускіх гімнастак. На Алімпіядзе 2012 года ў Лондане яна заваявала бронзавы медаль. Акрамя таго, у яе калекцыі ёсць шмат узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Чытайце таксама:
«МЛ Віцебск» развітаўся з трэцім трэнерам за сезон
Што вядома пра хакейнага суддзю, затрыманага па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі
Былога трэнера зборнай Беларусі па баскетболе дыскваліфікавалі на пяць гадоў