БЕЛ Ł РУС

У Сірыі выбухнулі буйныя пратэсты пасля моцнага падаражання паліва

15.09.2026 / 20:01

Nashaniva.com

У Сірыі выбухнулі найбуйнейшыя пасля звяржэння Башара Асада ў канцы 2024 года пратэсты. Людзі выйшлі на вуліцы пасля таго, як улады значна павысілі кошты на паліва. Пратэстоўцы палілі шыны і перакрывалі аўтамабільныя дарогі, піша Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo/Ahmed Albam

У нядзелю, 13 верасня, сірыйскі ўрад абвясціў пра павышэнне кошту дызельнага паліва на 40%, а бензіну — на 28%. Улады назвалі гэта часовай мерай, звязанай з ростам сусветных цэн на нафту і нафтапрадукты. Яшчэ адной прычынай стала спыненне на мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчага завода ў Баніясе — найбуйнейшага з двух такіх прадпрыемстваў у Сірыі.

Міністр энергетыкі Сірыі Махамед аль-Башыр паведаміў, што краіна цяпер здабывае толькі каля 102 тысяч бараляў нафты ў суткі, а спажывае каля 325 тысяч. Таму Сірыі даводзіцца імпартаваць паліва.

Жыхары краіны асцерагаюцца, што падаражанне бензіну і дызеля прывядзе да росту цэн практычна на ўсе тавары і паслугі. У адказ яны пачалі выходзіць на вуліцы, паліць аўтамабільныя шыны і перакрываць трасы.

У панядзелак паведамленні пра пратэсты паступалі з Хамы, Хан-Шэйхуна і Маарат-эн-Нумана, размешчаных каля шашы, якая праз Алепа вядзе да турэцкай мяжы. Акцыі таксама адбываліся ў Азазе і Аль-Бабе ў раёне Дамаска, а таксама ў Рацы, Дэйр-эз-Зоры, Хасацы і іншых гарадах усходу краіны. Пратэсты прайшлі і ў Камышлы на паўночным усходзе Сірыі, у раёнах, населеных сірыйскімі курдамі.

Служба праверкі фактаў Бі-бі-сі пацвердзіла сапраўднасць відэазапісаў беспарадкаў на двух памежных пунктах — адзін з іх знаходзіцца на мяжы з Іракам, другі — на мяжы з Турцыяй.

Карэспандэнт AFP у Камышлы паведаміў, што на вуліцы выйшлі сотні людзей. Яны трымалі плакаты з надпісамі «Не палітыцы голаду!» і «Не павышэнню цэнаў на паліва!», а таксама скандавалі: «Паліва — для народа!»

Асабліва востра наступствы падаражання адчулі таксісты. Таксіст з Дамаска па імені Махамед расказаў Reuters, што напярэдадні заліў у машыну 10 літраў бензіну за 185 тысяч старых сірыйскіх фунтаў, а за цэлы дзень зарабіў 225 тысяч. Пасля выліку кошту паліва ў яго засталося толькі 20—25 тысяч фунтаў. Пасля дэнамінацыі, праведзенай у Сірыі ў пачатку 2026 года, гэта адпавядае 200—250 новым фунтам — менш за два даляры.

Іншы дамаскі таксіст, Імад Абу-Рас, заявіў, што пасля бензіну і дызеля пачнуць даражэць гародніна і прадукты харчавання. Ён расказаў, што мае пяцёра дзяцей і штодня яму неабходна купляць пяць пачкаў хлебных аладак. Калі іх цана вырасце да дзевяці тысяч старых сірыйскіх фунтаў за пачак, толькі на хлеб для сям'і спатрэбіцца каля 40 тысяч фунтаў у дзень, або прыкладна мільён фунтаў у месяц. Гэта каля 76 даляраў.

Эканамісты таксама лічаць абгрунтаванымі асцярогі насельніцтва наконт далейшага росту цэн. Сірыйскі эканаміст Хасан Мурад адзначыў, што праблема падаражання паліва не зводзіцца толькі да кошту літра бензіну або дызеля. Яна закранае выдаткі на транспартаванне, цэны на прадукты харчавання, пакупніцкую здольнасць насельніцтва, прыбытковасць прадпрыемстваў, занятасць і інвестыцыі.

Паводле яго слоў, рост цэн на паліва можа паўплываць і на агульную здольнасць сірыйскай эканомікі аднавіцца і выйсці з цяперашняга крызісу.

Чытайце таксама:

Курдскія фармаванні ў Сірыі абвясцілі пра самароспуск і далучэнне да сірыйскага войска

Суд у Сірыі завочна прысудзіў Башара Асада да смяротнага пакарання

Сірыя і Расія ператвораць расійскія ваенныя базы ў сумесныя навучальныя цэнтры

Сірыя гатовая адмовіцца ад расійскай нафты дзеля зняцця амерыканскіх санкцый

Каментары да артыкула