БЕЛ Ł РУС

З самаробным чоўнам, гусямі і зёлкамі замест лекаў. Як жыве сапраўдны палескі рабінзон

15.09.2026 / 20:47

Nashaniva.com

Барысу Цеслюку 75 гадоў. Ён нарадзіўся на Палессі, на беразе Прыпяці. Паспеў пажыць у розных месцах — дабраўся нават да Якуціі — але з часам усё адно вярнуўся дадому, у вёску Перароў. Дарэчы, яна афіцыйна прызнаная цэнтрам захавання ўнікальнага палескага промыслу — выдзяўбаных з суцэльнага дуба чаўноў. Умее іх рабіць сваімі рукамі і Барыс Цяслюк. І не проста ўмее, а сапраўды выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці. Як гэта выглядае, зрабіў фотарэпартаж «Анлайнер».

З’явіўся на свет Барыс 8 жніўня 1951 года. Цяпер дату назвалі б шчаслівай — 8.08, адразу дзве бясконцасці. Тады на такія «знакі» ніхто ўвагі не звяртаў. Тым не менш герою рэпартажу шанцавала: пасля школы ўдалося паступіць у інстытут у Мінск. Хлопец, які вырас сярод векавых дуброў, выбраў факультэт лясной гаспадаркі.

Так ён стаў інжынерам-таксатарам — спецыялістам па ўліку, ацэнцы і апісанні лясных масіваў. Па размеркаванні адправіўся ў Якуцк, аж за 9000 кіламетраў ад дому. Дарэчы, гэта найбуйнейшы ў свеце горад, размешчаны ў зоне вечнай мерзлаты. Але самым яскравым успамінам за гады працы там стаў не холад, а сустрэча ў лесе з мядзведзем. Знаёмства атрымалася не казачным — звер паспрабаваў напасці. Як успамінае сам Барыс, прыйшлося хутка сарыентавацца і абараняцца, для абароны ён выкарыстаў паляўнічую стрэльбу.

Настолькі далёка ад роднага Палесся мужчына змог вытрымаць толькі 5 гадоў. І праз нейкі час зноў пасяліўся на беразе знаёмай у найдрабнейшых дэталях Прыпяці. Працаваў у Жыткавіцкім і Тураўскім лясгасах майстрам, апошнія 15 гадоў на пенсіі.

Тая самая рака працягвае карміць мясцовых жыхароў дагэтуль, як і сотні гадоў таму. Плаваючы на самаробным чоўне, Барыс адпільвае і збірае адмерлыя дрэвы, што ўпалі пасля вясновай высокай вады. У асноўным гэта дубы або вербы — як іх тут называюць, вётлы. Потым паляшук распільвае гэтую драўніну на палены, прыдатныя для распальвання печак у мясцовых хатах.

Зрабіць човен уручную — задача няпростая. Трэба ўмець выбраць прыдатнае дрэва — прыглядаць яго могуць некалькі гадоў. Плюс важна ідэальна вытрымаць баланс, адчуць яго: найменшая памылка — і на рацэ човен будзе раз за разам перакульвацца. Апрача навыку неабходная немалая фізічная сіла: літаральна выдзёўбваць драўніну трэба ўручную. Нягледзячы на ўзрост, звыклую справу Барыс і не думае кідаць.

Раней мужчына шмат рыбачыў. Але ў апошнія гады, па ягоных словах, рака абмялела і рыбы стала заўважна менш.

Аднак у астатнім прырода як і раней шчодрая: Барыс збірае ў прыбярэжных лясах грыбы і ягады, добра ведае найлепшыя месцы з журавінамі і чарніцамі. У цёплы сезон абавязкова нарыхтоўвае зёлкі. Каб падтрымліваць моцнае здароўе, менавіта іх ён выкарыстоўвае замест лекаў.

Дарэчы, тут жа здабываюць і адметны па сваіх уласцівасцях дзікі мёд. Бортніцтва — яшчэ адна традыцыя, якая лепш за ўсё захавалася на Палессі.

Разам з сястрой, якая большую частку года жыве ў Маскве, Барыс пабудаваў на сваім участку вялікі трохпавярховы дом. Але сам па звычцы працягвае туліцца ў маленькай драўлянай хаце — там з дзяцінства знаёмы кожны куток.

Сам мужчына ў разводзе, жыве адзін, але ў яго трое дарослых дзяцей — Косця, Каця і Алег.

Ёсць у Барыса і свая чарада — гусі, якіх ён даглядае.

Родная вёска палешука знаходзіцца ў Жыткавіцкім раёне на поўдні нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Паводле даных 2020 года, у ёй жыло каля 250 чалавек. Частка вёскі ўшчыльную прылягае да ракі. Пра паселішча на гэтай тэрыторыі вядома яшчэ з часоў прыняцця хрысціянства — менавіта тут знаходзіўся адзін з Тураўскіх крыжоў.

А традыцыя вырабу чаўноў тут жыве і ўвогуле тысячагоддзямі — і ўсё яшчэ не ператварылася ў турыстычны атракцыён. Не выпадкова яна атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Чытайце таксама:

Пад Столінам ужо другі раз за год прадалі дваранскую сядзібу з вежай-абсерваторыяй

У бабулі і дзядулі з Палесся 57 унукаў і 38 праўнукаў

Лукашэнка заявіў, што злавіў 54‑кілаграмовага сома на Прыпяці. У папярэдняй байцы гэты ж сом важыў 57 кг

Музей паэткі Яўгеніі Янішчыц перавезлі ў Пінск. Цяпер уся экспазіцыя змяшчаецца на дзвюх паліцах

«Цяпер гэта пяскі Герадота». Так цяпер выглядае Прыпяць ВІДЭА

Каментары да артыкула