БЕЛ Ł РУС

У нацпарку «Нарачанскі» знайшлі новы для навукі арганізм

16.09.2026 / 17:54

Nashaniva.com

У Беларусі знайшлі новы для навукі від міксаміцэтаў, або слізевікоў. Яго знайшлі ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» на гнілой драўніне яліны каля вёскі Альшэва. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Фота: t.me/botanyby

Новы від атрымаў навуковую назву Lycogala umbrinum. Знаходку зрабілі супрацоўнікі лабараторыі мікалогіі. Каб пацвердзіць, што гаворка сапраўды ідзе пра раней невядомы навуцы від, спатрэбілася даследаванне міжнароднай групы навукоўцаў.

У яе склад увайшлі беларуская даследчыца Алена Мароз, а таксама навукоўцы з Германіі і Нарвегіі.

Вучоныя не абмежаваліся вывучэннем знешняга выгляду арганізма. Яны правялі падрабязныя марфалагічныя даследаванні з дапамогай светлавой і сканавальнай электроннай мікраскапіі, а таксама генетычны аналіз. Акрамя таго, даследчыкі вывучылі філагенетычныя сувязі — тое, якое месца новы від займае сярод роднасных арганізмаў.

Пасля правядзення ўсіх даследаванняў Lycogala umbrinum зарэгістравалі ў міжнароднай базе даных MycoBank пад нумарам 857829.

Міксаміцэты, якіх таксама называюць слізевікамі, даўно цікавяць навукоўцаў сваімі незвычайнымі здольнасцямі. Напрыклад, раней даследчыкі вывучалі Physarum polycephalum — арганізм, які не мае мозгу і нервовай сістэмы, але здольны знаходзіць найкарацейшы шлях у лабірынце, не вяртацца на ўжо даследаваныя ўчасткі і ствараць эфектыўныя сеткі, падобныя да чыгуначнай сістэмы.

Навукоўцы працягваюць дыскутаваць, ці можна лічыць такія паводзіны своеасаблівай прымітыўнай формай памяці або інтэлекту.

Чытайце таксама:

У Белавежскай пушчы знайшлі два рэдкія міксаміцэты

У Белавежскай пушчы знайшлі грыб, раней невядомы навуцы

У Белавежскай пушчы знайшлі грыб, які не сустракаецца больш нідзе ў Еўропе

Каментары да артыкула