БЕЛ Ł РУС

На Брэстчыне скасавалі ахоўны статус старажытнага парку

16.09.2026 / 20:19

Nashaniva.com

Жабінкаўскі райвыканкам скасаваў статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння ў парку «Ацячызна», размешчаным у пасёлку Ленінскі Жабінкаўскага раёна. Гэты статус парк атрымаў у лістападзе 2017 года, піша «Радыё Свабода».

Фота: Мінпрыроды

Рашэнне мясцовыя ўлады ўзгаднілі з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку, Жабінкаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ААТ «Рагазнянскі» і Ленінскім сельвыканкамам.

Парк «Ацячызна» быў заснаваны каля 1800 года і ўваходзіў у склад сядзібы шляхецкага роду Бельскіх. Першапачаткова яго плошча складала 7,3 гектара, пазней яе паменшылі да 5,973 гектара.

Найбольш вядомай адметнасцю парку быў старажытны дуб, узрост якога ацэньвалі на 700—800 гадоў. Дрэва мела вышыню каля 25 метраў, а дыяметр ствала дасягаў 2,6 метра. У 2015 годзе значная частка дуба абламалася і ўпала падчас моцнага ветру.

Акрамя дуба, у парку захоўваліся старыя буйныя дрэвы граба звычайнага, дуба чарэшчатага, ліпы сэрцалістай, піхты белай, ясеня, каштана і іншых відаў. Міністэрства прыродных рэсурсаў характарызавала іх як вялікаўзроставыя, буйнамерныя і экалагічна ды эстэтычна значныя расліны, якія знаходзіліся ў добрым стане.

Ад сядзібы Бельскіх да нашага часу дайшлі толькі асобныя гаспадарчыя пабудовы. Сярод іх — фрагменты бровара, пабудаванага ў 1904 годзе, склад і флігель. Сама сядзіба і іншыя будынкі былі цалкам знішчаныя падчас вайны і ў пасляваенныя гады.

Род Бельскіх быў старажытным каталіцкім шляхецкім родам, які паходзіў з Люблінскага ваяводства Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадстаўнікі роду былі прызнаныя расійскімі дваранамі і ўнесеныя ў шостую частку Радаводнай кнігі Гродзенскай губерні. У гэтую частку запісвалі найстарэйшыя дваранскія роды, шляхецтва якіх пацвярджалася да 1685 года.

Першай гаспадыняй маёнтка была Яўгенія Бельская. Пры яе сыне Ксаверыі сядзіба ператварылася ў значны гаспадарчы і культурны цэнтр. Ён пабудаваў сучасны для свайго часу бровар, вялікую сыраварню, дзе выраблялі сыры паводле швейцарскіх рэцэптаў, а таксама заклаў пейзажны парк.

Нашчадкі Бельскіх у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя працягвалі развіваць маёнтак, мадэрнізавалі вытворчасць і ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці Кобрынскага павета. Род быў звязаны сваяцкімі адносінамі з іншымі вядомымі шляхецкімі сем'ямі Берасцейшчыны і Палесся — Шадурскімі, Быхаўцамі, Рэйтанамі і Ажэшкамі. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Эдвард Бельскі, сын Ксаверыя.

У сакавіку 2025 года парк стаў месцам паказальнай акцыі ўпарадкавання. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Жабінкаўскага райвыканкама і мясцовага савета дэпутатаў, прадстаўнікі праўладнай партыі «Белая Русь», супрацоўнікі МНС, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, раённай бальніцы, цукровага завода, вучні Ленінскай сярэдняй школы і іншыя жыхары раёна.

Фота: Брэсцкі аблвыканкам

Дзяржаўныя СМІ тады паведамлялі, што пасля праведзеных работ парк стаў больш дагледжаным і эстэтычна прывабным.

Цяпер стан захаваных гаспадарчых пабудоў сядзібы ацэньваецца як крытычна аварыйны. Часткі цагляных сцен яшчэ захаваліся, як і аўтэнтычныя арачныя аконныя праёмы. Аднак дах будынкаў цалкам разбураны, унутраныя перакрыцці абрынуліся, а ўнутраная прастора паступова зарастае раслінамі. Сам старажытны парк цяпер фактычна апынуўся сярод сучаснай забудовы пасёлка Ленінскі.

Тэрыторыя былой прамысловай зоны сядзібы агароджаная. Захаваныя аб'екты знаходзяцца на балансе Ленінскага сельвыканкама і Жабінкаўскага райвыканкама. Фрагменты гаспадарчых пабудоў раней належалі мясцоваму сельскагаспадарчаму прадпрыемству, якое цяпер называецца ААТ «Рагазнянскі».

Апошнімі гадамі ў Беларусі разбураныя гістарычныя сядзібы часта выстаўляюць на аўкцыёны з вельмі нізкай стартавай цаной — за адну базавую адзінку, якая цяпер складае 45 рублёў. Аднак захаваныя пабудовы сядзібы Бельскіх на аўкцыён пакуль не выстаўляліся.

Чытайце таксама:

Пад Столінам ужо другі раз за год прадалі шляхецкую сядзібу з вежай-абсерваторыяй

Тэнісны корт, пляж і аранжарэя. Як пад Нясвіжам збіраюцца перарабіць старажытны парк сядзібы Рдултоўскіх

У Лынтупах амаль за два мільёны даляраў выставілі на продаж будынкі старога бровара

Руіны касцёла ў Бабруйску бясплатна аддалі «кашальку» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву

Каментары да артыкула