У Лынтупах амаль за два мільёны даляраў выставілі на продаж будынкі старога бровара
У Пастаўскім раёне на продаж выставілі былы бровар у Лынтупах. За вялікі комплекс гістарычных і вытворчых будынкаў просяць 5 833 554 рублі — гэта каля 1,93 мільёна даляраў, піша domovita.by.

Прадпрыемства размешчанае недалёка ад літоўскай мяжы на тэрыторыі плошчай больш за 6 гектараў. Усяго ў склад гэтага комплексу ўваходзіць каля трох дзясяткаў будынкаў. Некалі тут актыўна выраблялі спірт, але пасля сур'ёзнай аварыі 13 гадоў таму вытворчасць спынілі, а завод паступова ператварыўся ў закінуты прамысловы комплекс.

Гісторыя прадпрыемства пачалася яшчэ ў часы, калі Лынтупамі валодаў шляхціц-прадпрымальнік Юзаф Бішэўскі. У пачатку XX стагоддзя ён заснаваў тут вялікую вінакурню з чырвонай цэглы, якая пазней стала паўнавартасным броварам. Пра Бішэўскага ў Лынтупах захавалася легенда, нібыта ён укладаў вялікія грошы ў развіццё маёнтка, каб уразіць французскую актрысу, у якую быў закаханы. Аднак актрыса ў выніку з'ехала ў Парыж, а шляхціц так і застаўся халасцяком.
Акрамя вінакурні, Бішэўскі заклаў у Лынтупах парк з сажалкамі, заснаваў піўны бровар і пабудаваў вежу-капцільню, выява якой цяпер ёсць на мясцовым гербе.

Пасля 1939 года завод працягнуў працаваць і ў савецкі час стаў дзяржаўным прадпрыемствам. На піку сваёй магутнасці ён вырабляў больш за 600 тысяч дэкалітраў спірту ў год.
Аднак каля 13 гадоў таму на прадпрыемстве адбылася сур'ёзная аварыя: у рэктыфікацыйным цэху выбухнула ёмістасць. Пасля гэтага вытворчасць спынілі, будынкі закансервавалі, а завод пачаў паступова занепадаць.

Цяпер на продаж выстаўлены комплекс плошчай больш за 6 гектараў. Найбуйнейшы аб'ект — вытворчы корпус плошчай больш за 6200 квадратных метраў. Акрамя яго, у лот уваходзяць адміністрацыйны будынак, некалькі зернескладоў, кацельня, спіртасховішча, старая сталовая, стайня і невялікая крама. Агульная плошча ўсіх будынкаў перавышае 13 тысяч квадратных метраў.
На тэрыторыі ёсць чатыры ўласныя артэзіянскія свідравіны, электрычныя сеткі, цеплатрасы і каналізацыя. Таксама новаму ўладальніку перададуць 68 адзінак абсталявання, якое засталося ў вытворчых цэхах.

Электронныя таргі пройдуць на пляцоўцы Gostorg. Прымаць заяўкі будуць да 21 верасня, а сам аўкцыён пачнецца 22 верасня. Для ўдзелу неабходна ўнесці задатак у памеры 10% ад пачатковай цаны — 583 355 рублёў.
Калі на таргі прыйдзе толькі адзін удзельнік, ён зможа набыць комплекс па пачатковай цане, павялічанай на 5%. Будынкі перадаюцца ў прыватную ўласнасць, а зямельны ўчастак — у пастаяннае карыстанне.

Пры гэтым будучаму ўладальніку давядзецца ўлічваць гістарычную каштоўнасць часткі аб'ектаў. Некаторыя будынкі маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму іх перабудову або істотныя змены неабходна будзе ўзгадняць з Міністэрствам культуры.
«Абгрунтаваны спосаб ліквідацыі аварыйнай пагрозы і навядзення парадку». Мінаблвыканкам падтрымаў знос царквы XIX стагоддзя — ці не першы за апошнія паўстагоддзя
У Беларусі вырашылі знішчыць любыя праявы «польскасці»? Улады цішком рыхтуюць глабальную зачыстку Дзяржаўнага спісу помнікаў
У цэнтры Мінска прадаюць заводскі корпус за велізарныя грошы
У Нясвіжы з вялікай зніжкай прадаюць стогадовую вілу польскіх чыноўнікаў. За што яе хвалілі міжваенныя крытыкі?
Каментары