БЕЛ Ł РУС

Беларус, якога абмянялі на Пачобута, не прыехаў на свой суд у Польшчы

17.09.2026 / 10:57

Nashaniva.com

Суд быў адкладзены, паколькі абвінавачаны ў трохгадовым шпіянажы супраць Польшчы не прыехаў на пасяджэнне з Беларусі.

Уладзіслаў Надзейка. Фота з яго выдаленай старонкі ў Аднакласніках

Судовае пасяджэнне раённага суда Беластока павінна было пачацца 16 верасня, але яго адклалі праз тое, што падсудны не з'явіўся, піша «Белсат».

Пры гэтым раней абвінавачаны ў шпіянажы беларус ужо даў паказанні і пагадзіўся на працяг судовага разгляду ў яго адсутнасць, а таксама падаў кантактны адрас электроннай пошты для позвы. Але суд вырашыў, што гэтага недастаткова для разгляду ў яго адсутнасць, і яшчэ раз накіруе позву ў амбасаду Беларусі ў Польшчы з просьбай асабіста ўручыць яе абвінавачанаму.

Пракурор Лешак Божэк паведаміў, што абвінавачаны зараз не ў Польшчы ў сувязі з абменам зняволенымі з Беларуссю. Ён адмовіўся каментаваць абвінавачанні, аднак сказаў, што «дзеянні абвінавачанага былі накіраваныя перадусім супраць беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы».

Пракурор падасць хадайніцтва аб засакрэчванні паказанняў абвінавачанага, у тым ліку з-за асцярог за дабрабыт сведак, даныя пра якіх збіраў абвінавачаны.

«Гэтая справа вядомая, абвінавачанага замяніў спадар (Анджэй) Пачобут. Гэта было пытанне дзяржаўнай важнасці, і яно было прызнанае больш значным», — заявіў адвакат абвінавачанага Міхал Корсак.

Адвакат таксама заявіў, што апошні раз бачыў падсуднага ў красавіку, калі той знаходзіўся пад вартай у Беластоку.

Ён дадаў, што мужчына раней даваў паказанні па справе і пагаджаўся з'явіцца ў любы час, але зараз адвакат ацаніў яўку падсуднага як сумнеўную праз «цяжкасці выстаўленых абвінавачанняў, яго папярэднія паводзіны і тое, што ён здзейсніў».

У выніку абмену зняволенымі 28 красавіка з Беларусі вызвалілі Анджэя Пачобута, двух палякаў і двух малдаванаў, з польскага боку — пяць грамадзянаў Беларусі, Расеі і іншых дзяржаў СНД.

Сярод перададзеных беларускаму боку асоб ад пачатку было некалькі чалавек, імёны якіх трымаліся ў таямніцы і якія выконвалі «асабліва важныя заданні ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі».

Адным з іх быў 33‑гадовы грамадзянін Беларусі Уладзіслаў Надзейка, якога затрымалі ў 2025 годзе паводле абвінавачання ў шпіянажы на карысць замежнай разведкі.

Тады паведамлялася, што мужчына быў удзельнікам беластоцкай харугвы «Паспалітага рушэння», а ягонае імя раней згадвалася КДБ Беларусі ў сувязі з «экстрэмісцкім фармаваннем» «Беларуская грэнадзёрская харугва».

У Польшчы Надзейка займаўся перавозкамі пасажыраў як індывідуальны прадпрымальнік, што супадала з інфармацыяй СМІ пра затрыманне таксіста-актывіста, які мог быць датычны да шпіёнскай сеткі КДБ у Еўропе.

Чытайце таксама:

Сярод перададзеных Польшчай Беларусі — таксіст з «Паспалітага рушэння» Уладзіслаў Надзейка

Па тэлебачанні паказалі пятага ўдзельніка абмену, перададзенага ў Беларусь

Каментары да артыкула