БЕЛ Ł РУС

Новы фільм пра Чалавека-павука ўзначаліў рэйтынг самых касавых фільмаў у ЗША за ўсю гісторыю

17.09.2026 / 16:50

Nashaniva.com

Фільм «Чалавек-павук: Новы дзень» (Spider-Man: Brand New Day) з Томам Холандам у галоўнай ролі ўстанавіў новы рэкорд у паўночнаамерыканскім пракаце кінатэатраў. Ён абагнаў стужку «Зорныя войны: Абуджэнне сілы», якая з 2015 года ўтрымлівала першае месца з прыбыткам 936 мільёнаў даляраў, піша Variety.

Фота: Columbia Pictures/Courtesy Everett Collection

За 47 дзён пракату «Чалавек-павук: Новы дзень» сабраў у Паўночнай Амерыцы 936,773 мільёна даляраў. Цяпер стваральнікі фільма разважаюць, ці зможа ён стаць першай стужкай у гісторыі, якая заробіць на гэтым рынку 1 мільярд даляраў. Аднак без паўторнага выпуску ў кінатэатрах дасягненне такой мэты лічыцца малаверагодным.

Сусветныя зборы фільма дасягнулі 2,45 мільярда даляраў. Паводле прыведзеных звестак, гэта трэці вынік у гісторыі кіно пасля «Аватара» 2009 года з 2,9 мільярда даляраў і «Мсціўцаў: Фінал» з 2,7 мільярда. Фільм абышоў «Аватар: Шлях вады» і «Тытанік».

Стужка, якая стала чацвёртым сольным фільмам пра Чалавека-павука з Томам Холандам, выйшла ў канцы ліпеня. У першыя выхадныя яна сабрала рэкордныя 360 мільёнаў даляраў у Паўночнай Амерыцы і 932 мільёны ва ўсім свеце. Мільярдны рубеж быў пераадолены ўжо праз шэсць дзён пасля прэм’еры, а 2 мільярды даляраў фільм зарабіў за тры ўік-энды.

«Чалавек-павук: Новы дзень» таксама стаў самым хуткім фільмам, які дасягнуў адзнак 700, 800 і 900 мільёнаў даляраў у паўночнаамерыканскім пракаце. На гэта яму спатрэбілася адпаведна 13, 19 і 36 дзён. Акрамя таго, гэта толькі другая стужка ў гісторыі, якая сабрала на ўнутраным рынку больш за 900 мільёнаў даляраў.

Рэжысёрам фільма выступіў Дэстын Дэніэл Крэтан, вядомы з фільму «Шан-Чы і легенда дзесяці пярсцёнкаў». Сюжэт працягвае падзеі фільма «Чалавек-павук: Няма шляху дадому» 2021 года.

Высокая цікавасць да новай стужкі была звязаная з жаданнем гледачоў даведацца пра наступствы рашэння галоўнага героя. Дадатковую ўвагу выклікала і пытанне, каго менавіта сыграла актрыса Сэйдзі Сінк. У фільме яна ўвасобіла Джын Грэй. Поспеху карціны таксама спрыялі станоўчыя водгукі гледачоў, якія падтрымлівалі яе папулярнасць на працягу ўсяго пракату.

Для Marvel гэты вынік стаў важным поспехам пасля няўдалага ў камерцыйным плане 2025 года, калі не апраўдалі чаканняў фільмы «Капітан Амерыка: Адважны новы свет» і «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі». Наступным буйным праектам студыі павінны стаць «Мсціўцы: Судны дзень», прэм’ера якіх запланаваная на снежань. У фільме з’явіцца вялікая колькасць супергерояў, а Роберт Даўні — малодшы сыграе не Жалезнага чалавека, а злыдня Доктара Дума.

Чытайце таксама:

Том Холанд стаў самым касавым акцёрам усіх часоў

І Украіна, і Расія выразалі з «Чалавека-павука» песню Манетачкі. А што Беларусь?

Зендэя — спартыўны чалавек? У дзяцінстве зорка «Чалавека-павука» і «Дзюны» займалася «сокерам» і баскетболам

Чалавек-павук, якога ўсе забылі. Чаму «Новы дзень» — адначасова найлепшы фільм Marvel за апошнія гады і ўсё тая ж старая гісторыя

Новы «Чалавек-павук» стаў другім самым паспяховым дэбютам за гісторыю Галівуда

Чалавек-павук (Том Холанд) прайграў у конкурсе двайнікоў Чалавека-павука

Каментары да артыкула