Чалавек-павук, якога ўсе забылі. Чаму «Новы дзень» — адначасова найлепшы фільм Marvel за апошнія гады і ўсё тая ж старая гісторыя
Том Холанд зрабіў тое, што не ўдалося яго папярэднікам.

Увага: тэкст змяшчае спойлеры да фільма «Чалавек-павук: Новы дзень» і папярэдніх частак.
У фінале «Няма шляху дадому» Пітэр Паркер атрымаў тое, чаго супергероі звычайна баяцца больш за смерць: свет быў выратаваны, але ў гэтым свеце больш не засталося чалавека па імені Пітэр Паркер. Яго забылі сябры, каханая, выкладчыкі, дзяржаўныя рэестры — усе. Цётка Мэй загінула. Касцюм ад Тоні Старка, тэхналагічныя цацкі і статус малодшага ўдзельніка «Мсціўцаў» засталіся ў мінулым. У маленькай кватэры ён сам пашыў сабе новы чырвона-сіні касцюм і выйшаў у снег быццам сапраўдны, класічны Чалавек-павук: бедны, самотны і нікому не патрэбны без маскі.
Гэта быў амаль ідэальны пачатак новай гісторыі. І адначасова пастка, у якую чацвёрты фільм пра Павука Тома Холанда непазбежна мусіў трапіць. Ці здольная Marvel пакінуць свайго самага прыбытковага героя сам-насам з яго жыццём? Ці дазволіць яму ратаваць не мультысусвет, а некалькіх канкрэтных людзей? І ці можа карціна з Халкам, Карнікам, Аленай Бяловай, новай Джын Грэй і дзясяткам намёкаў на будучыя праекты называцца сапраўды «новым днём»?
Адказ атрымаўся парадаксальны. «Новы дзень» — адзін з самых жывых і чалавечных фільмаў Marvel за апошнія пяць-шэсць гадоў. Але яго навізна складаецца пераважна з вельмі ўмела сабраных старых дэталяў.

У Беларусь Павука не пусціў Калабок
Сусветная прэм’ера новага Чалавека-павука адбылася 31 ліпеня, але да гледачоў у Беларусі і Расіі фільм дабіраўся асобнай, даволі абсурднай дарогай. Першапачаткова паказы ў краінах СНД чакаліся 6 жніўня. На тую ж дату расійскі дыстрыб’ютар «Атмосфера кіно» перанёс сямейны блакбастар «Апошні волат. Калабок», і разам з Асацыяцыяй уладальнікаў кінатэатраў папрасіў пляцоўкі не паказваць новага «Чалавека-павука» да 20 жніўня. Афіцыйна гэта назвалі «антыпірацкай ініцыятывай» і жаданнем «эфектыўна размеркаваць рэсурсы». Тым, хто не пагодзіцца, маглі ўскладніць атрыманне будучых рэлізаў.
У Расіі Sony пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне афіцыйна свае навінкі не выпускае, таму галівудскія хіты там паказваюць у шэрай зоне як «перадсеанснае абслугоўванне» да кароткаметражак. Але расійскі пракатны каляндар уплывае і на нас. У беларускіх афішах «Новы дзень» у выніку з’явіўся пазней — з 13 жніўня. Так беларускія гледачы таксама апынуліся ўнутры гэтай барацьбы Павука з Калабком.
Ініцыятыва дала амаль карыкатурны вынік. Папярэднія продажы «Калабка» ў Расіі праваліліся, а пасля выхаду фільм накрыла хваля пратэсных нізкіх ацэнак. У Беларусі карціна ўвогуле не з’явілася ў пракаце: яе пакуль не ўзгадніла Міністэрства культуры. Так што гісторыя яшчэ да пачатку «Чалавека-павука» атрымала сюжэтны паварот у найлепшых традыцыях Marvel: індустрыя паспрабавала прыбраць героя з дарогі, але ў выніку толькі прыцягнула да яго яшчэ больш увагі.
А цяпер — да самога фільма і Пітэра Паркера, якога, у адрозненне ад гледачоў, сапраўды забыў увесь свет.

Свет без Пітэра Паркера
Прайшло чатыры гады. Пітэр жыве адзін і фактычна працуе Чалавекам-павуком поўны дзень. Ужо першыя кадры паказваюць, колькі ўсяго адбылося без нас: Скарпіён, Бумеранг, Насарог і іншыя злыдні з’яўляюцца на некалькі секунд, нібы вокладкі старых коміксаў, што раптам ажылі. Фільм не спыняецца, каб кожнаму выдаць біяграфію і пятнаццаціхвілінную гісторыю паходжання. Яны існуюць у гэтым Нью-Ёрку, Павук з імі біўся — гэтага дастаткова.

Гэта адзін з галоўных прынцыпаў карціны. Том Холанд калісьці таксама ўвайшоў у кінасусвет ужо гатовым Чалавекам-павуком: гледачу ў трэці раз не сталі паказваць радыеактыўнага павука, укус і смерць дзядзькі Бэна. Цяпер гэтак жа натуральна ў сюжэт заходзяць Карнік, Алена Бялова і Брус Бэнер. Фанат ведае іх мінулае і заўважыць дадатковыя сэнсы. Навічку дастаткова разумець службовую ролю: Бялова здабывае інфармацыю, Карнік добра страляе і не мае маральных праблем з забойствам, Бэнер ведае, што такое жыць у целе, якое можа выйсці з-пад кантролю.
Не ўсе дэталі пры гэтым аднолькава даступныя. Шафа Фрэнка Касла з фотаздымкамі сям’і значна мацней працуе для таго, хто ведае гісторыю Карніка.

Чырвоныя ніндзя Рукі не ўзнікаюць з пустаты — арганізацыя ўжо была ў серыялах пра Сарвігалаву, але пераглядзець для разумення аднаго фільма некалькі сезонаў серыялу наважыцца далёка не кожны. Marvel даўно ператварыла ўзаемазвязанасць гісторый у маркетынгавую мадэль: глядзі ўсё, інакш наступны фрагмент будзе менш зразумелы.

«Новы дзень», на шчасце, пакуль трымаецца на правільным баку гэтай мяжы. Іншыя героі тут пераважна служаць гісторыі Пітэра, а не замяняюць яе. Але ў фінале мяжа пачынае небяспечна сцірацца.
Новае нараджэнне ў чацвёртым фільме
Галоўны жарт назвы ў тым, што Холандаў Павук атрымлівае ўласную гісторыю паходжання толькі ў чацвёртым сольным фільме. Мы не бачылі, як ён упершыню вучыўся лазіць па сценах. Затое цяпер яго арганізм мяняецца нанова: з рук пачынае вылятаць арганічнае павуцінне, павучынае чуццё робіцца пакутліва адчувальным, а разам з сілай расце агрэсія. Пітэр ізноў падае, уразаецца ў перашкоды і спрабуе зразумець, які жэст прымушае павуцінне працаваць.

Гэта выразны рэверанс версіі Тобі Магуайра з фільма Сэма Рэймі 2002 года. Там Пітэр таксама з недаверам разглядаў дзіўныя змены ў запясцях і перабіраў жэсты, пакуль не навучыўся страляць павуціннем. Але ў «Новым дні» паўтор мае іншы сэнс. Тады цела паведамляла падлетку, што ён стаў асаблівым. Цяпер жа яно нагадвае даросламу герою: нельга бясконца душыць у сабе боль, тугу, злосць і жаданне быць побач з блізкімі.
Пітэр вырашыў, што самаахвярнасць патрабуе поўнай ізаляцыі. Ён назірае за Эм-Джэй і Нэдам здалёк, сочыць за іх жыццём і называе гэта клопатам. Па сутнасці ж ён робіць тое самае, што буйныя карпарацыі і дзяржаўныя структуры ў гэтым фільме: незаконна збірае звесткі пра людзей, бо ўпэўнены, што лепш за іх ведае, што ім патрэбна. Яго высакароднасць паступова становіцца формай кантролю.

Цела паўстае супраць гэтага кантролю. У гэтым сэнсе «Новы дзень» — амаль палегчаны боды-хорар: душэўная траўма літаральна прарастае праз скуру.
Тры мужчыны, якія не ўмеюць абыходзіцца са злосцю і болем
Брус Бэнер і Фрэнк Касл патрэбныя фільму не толькі як пазнавальныя твары. Яны паказваюць Пітэру два магчымыя вынікі жыцця з неперапрацаванай траўмай.
Бэнер падаўляе Халка з дапамогай тэхналогіі і будуе спакойнае жыццё ўніверсітэцкага прафесара. Здаецца, ён нарэшце навучыўся кантраляваць сваю другую сутнасць. Але пад гэтым інтэлектуальным і ўтульным фасадам па-ранейшаму хаваецца назапашаная лютасць — і істота, якая хоча крышыць усё навокал.

Калі ж сапраўдны Халк нарэшце вяртаецца, фільм на некалькі хвілін аддаецца чыстай дзіцячай радасці. Перад намі ўжо не разважлівы разумны «прафесар Халк», а той самы вялізны зялёны граміла, які ўдарам далоняў стварае магутную хвалю. Гэты фірмовы прыём героя даўно не з’яўляўся на экране.

Стваральнікі фільма добра разумеюць: часам гледачу не патрэбныя складаныя тлумачэнні і пераасэнсаванні, дастаткова даць Халку нарэшце нешта разбіць.
Карнік, наадварот, нічога ў сабе не падаўляе. Ён ператварыў боль ад забойства яго сям’і ў метад: калі праблему можна застрэліць, навошта з ёй размаўляць? Таму пара Фрэнка і Пітэра працуе так добра. Фрэнк гатовы спачатку забіць, а пасля задаваць пытанні, а Пітэр нават у бойцы спрабуе выслухаць ворага. У гэтым фільме Пітэр у выкананні Холанда стаў цішэйшым і ўжо не так часта сыпле жартамі. Але ў дуэце са змрочным і бязлітасным Каслам асабліва выразна праяўляюцца ягоная мяккасць і нежаданне адказваць на гвалт яшчэ большым гвалтам.

Іх дынаміка не толькі драматычная. Карнік, які ў бальніцы нацягвае маску Чалавека-павука, — адзін з самых смешных эпізодаў фільма. Гэтую ж гульню з супергеройскімі ўмоўнасцямі працягвае сцэна ў лазні: герой гатовы распрануцца амаль цалкам, але ні за што не здыме маску і не адкрые твар. Старая коміксная традыцыя тут даведзеная да абсурду: у адрозненне ад Жалезнага чалавека, які ахвотна раскрыў сваю асобу ўсяму свету, іншыя супергероі хутчэй зварацца ў лазні, чым адмовяцца ад таямніцы.
Фільм сабраны з таго, што мы ўжо любілі
У кіно ўжо было некалькі версій Чалавека-павука — спачатку Пітэр Паркер Тобі Магуайра, потым Эндру Гарфілда, а пасля Том Холанд. І менавіта Холанд стаў унікальным выпадкам для франшызы: ён пратрымаўся ў чатырох сольных фільмах, прычым кожны наступны гледачы прымалі ўсё цяплей. У яго папярэднікаў дынаміка была адваротнай: яркі старт паступова змяняўся расчараваннем, і фільм даводзілася перазапускаць.
«Новы дзень» вельмі цяжка назваць арыгінальным, і гэтак жа цяжка абвінаваціць яго ў няўменні карыстацца запазычаным. Карціна працуе як добры дыджэйскі сэт: бярэ пазнавальныя элементы з розных эпох і зводзіць іх у рытмічную кампазіцыю.
Амаль кожны з гэтых прыёмаў ужо сустракаўся ў ранейшых супергеройскіх фільмах. Арганічнае павуцінне і няўклюдныя спробы Пітэра авалодаць новымі здольнасцямі адсылаюць да трылогіі Сэма Рэймі. Павышаная агрэсія Пітэра нагадвае трэцюю частку, дзе чорны касцюм таксама выцягваў вонкі найгоршыя рысы героя. Кадры вачыма Павука ўжо эфектна працавалі ў фільмах з Эндру Гарфілдам, а запаволенае ўхіленне ад сюрыкенаў нагадвае адразу Нэа, які ўхіляўся ад куль у «Матрыцы», і Флэша, які ў «Лізе справядлівасці» гэтак жа ўнікаў бэтаранга — металічнай зброі Бэтмена. Пластыка часткі боек выглядае так, нібы камера часова перайшла ў відэагульню пра Чалавека-павука.

Нават вялікая павуціна, якой герой спыняе верталёт, выклікае ў памяці тызер «Чалавека-павука» 2002 года: у ім злачынны верталёт завісаў у павуціне паміж вежамі Сусветнага гандлёвага цэнтра. Пасля тэрактаў 11 верасня рэкламу знялі з паказу, а эпізод у сам фільм не ўвайшоў.
Фільм выкарыстоўвае не толькі вобразы з папярэдніх экранізацый, але і жарты, якія гадамі жылі ў інтэрнэце. На лекцыі студэнты пытаюцца ў Бруса Бэнера, чаму Танас замест знішчэння паловы насельніцтва Сусвету проста не стварыў удвая больш рэсурсаў. Гэтым пытаннем фанаты Marvel задаваліся яшчэ пасля «Вайны бясконцасці». Цяпер аўтары нарэшце запусцілі старую інтэрнэт-спрэчку ў сам кінасусвет і ператварылі адну з галоўных прэтэнзій да логікі Танаса ў кароткі жарт для сваіх жа гледачоў.
Для экранізацый коміксаў такі падыход цалкам натуральны. Найлепшыя супергеройскія фільмы рэдка пераносяць на экран адну канкрэтную гісторыю кадр за кадрам. Звычайна яны бяруць матыў тут, вобраз там, канфлікт з трэцяй гісторыі і збіраюць уласную версію. Знаёмыя элементы могуць загучаць па-новаму, калі аўтары напаўняюць іх іншым сэнсам.
У «Новым дні» гэта ўдаецца не заўсёды. Аднак галоўная метафара фільма — мутацыя як фізічнае ўвасабленне падаўленых пачуццяў — сапраўды злучае разрозненыя запазычанні ў суцэльную гісторыю.
Ідэальны механізм і яго прадказальнасць
Драматургічная схема фільма даволі простая. Першыя паўгадзіны паказваюць самотнае жыццё Пітэра. Потым герой адмаўляецца прыняць змены ў сабе і шукае спосаб іх заглушыць. Новая пагроза здаецца злом, з якім трэба змагацца. Пасля высвятляецца, што меркаванага ворага трэба ратаваць, а небяспека зыходзіць ад сістэмы, якая баіцца незразумелых ёй людзей. Нарэшце Пітэр прымае ўласную прыроду, перастае давяраць тэхналагічнаму «намордніку» і ў фінале класічна ратуе дзяўчыну (але не тую, пра каго вы хутчэй за ўсё падумалі).
Гэта шлях героя, адладжаны як гадзіннік. Нечаканасць тут не ў тым, куды ён прывядзе, а ў дробных паваротах механізма. Рэжысёр Дэстын Дэніэл Крэтан, вядомы па марвелаўскім фільме «Шан-Чы і легенда дзесяці пярсцёнкаў», умее рабіць бойку працягам характару. Таму экшэн у найлепшых эпізодах раскрывае драму і паказвае, хто з герояў страціў кантроль, хто выбірае забойства і хто яшчэ здольны спыніцца.

Праблема ўзнікае, калі машына пачынае абслугоўваць не гэты фільм, а наступныя. Дэпартамент ліквідацыі наступстваў ператвараецца з каманды па прыборцы супергеройскіх разбурэнняў у амаль што паліцыю па адлове мутантаў. Тэхналогія Бэнера, якую Пітэр мадыфікуе для кантролю над сабой, становіцца прататыпам прылады для падаўлення мутанцкіх здольнасцяў. А персанаж Сэдзі Сінк аказваецца Джын Грэй — адной з цэнтральных гераінь «Людзей Ікс».
Так інтымная гісторыя пра адзіноту Пітэра раптам робіцца брамай у мутанцкую эпоху Marvel.
Джын Грэй: гераіня ці прэзентацыя наступнай франшызы?

Тэматычна Джын упісаная дакладна. Яна, як Пітэр, застаецца самотнай з сілай, якую не разумее і якой баяцца іншыя. Абодва выбухаюць агрэсіяй, але не таму, што злыя, яны проста не маюць бяспечнага спосабу пражыць гора. Абодва сутыкаюцца з сістэмай, якая называе гвалт клопатам і хоча зрабіць незвычайнае кіраваным.
Але індустрыяльна яе з’яўленне — яшчэ і вялізны рэкламны шчыт: «Людзі Ікс ужо тут». Marvel адначасова распавядае гісторыю Пітэра і расстаўляе рэйкі на гады наперад. Алена Бялова расшыфроўвае матэрыялы пра таемныя эксперыменты, Дэпартамент назапашвае звесткі пра мутантаў, паслятытравая сцэна намякае яшчэ на аднаго Павука — магчыма, з іншай рэальнасці або з космасу.
Менавіта тут аптымістычная і песімістычная рэцэнзіі на фільм разыходзяцца. Для адных гэта найлепшая рыса жывога комікснага свету: героі жывуць у адным Нью-Ёрку і лагічна сустракаюцца. Для іншых — доказ, што Marvel не ўмее скончыць сказ, не пачаўшы адначасова тры наступныя.
Ці не адмяняе фільм уласную трагедыю
Найбольш далікатная частка — вяртанне Эм-Джэй і Нэда. Фінал «Няма шляху дадому» быў моцны менавіта незваротнасцю выбару: Пітэр паабяцаў усё растлумачыць, але ўбачыў, што сябры без яго ў бяспецы, і прамаўчаў. Калі «Новы дзень» проста верне старую кампанію магічнай кнопкай, папярэдняя ахвяра ператворыцца ў танны трук.
На шчасце, фільм не адмяняе заклён імгненна. Нэд і Эм-Джэй не атрымліваюць старыя ўспаміны ў гатовым выглядзе. Пітэру даводзіцца ўваходзіць у іх жыццё як незнаёмцу — няёмка, балюча і без гарантыі, што яны зноў пакахаюць таго ж чалавека.

Гэта больш цікавая задача, чым механічнае «вяртанне памяці»: ці можна пабудаваць тыя самыя адносіны нанова, калі агульная гісторыя знікла?
Тут асабліва добра працуе Зендэя. Яе Эм-Джэй — не прыз за выратаванне горада і не дзяўчына, якую сцэнар абавязаны вярнуць герою. Яна адчувае незразумелую блізкасць, але мае права не ведаць Пітэра і рухацца далей.

Рэальная гісторыя Холанда і Зендэі непазбежна дадае сцэнам пазатэкставую вагу: гледачы назіралі, як акцёры раслі разам амаль дзесяць гадоў, і цяпер іх экранным героям прапануюць пазнаёміцца ўпершыню.
Чаму ўсе ўсё яшчэ любяць Чалавека-павука
У сусвеце Marvel ёсць мацнейшыя героі, багацейшыя мільярдэры і больш велічныя богі. Але Пітэр Паркер застаецца самым чалавечным з іх. У адрозненне ад іншых супергерояў ён не мае ні грошай, ні ўплыву, ні паспяховай кар’еры. Ён не Кларк Кент — паспяховы журналіст і адначасова Супермен, побач з якім ягоная каханая Лоіс Лэйн. І не Тоні Старк — мільярдэр, уладальнік велізарнай карпарацыі і Жалезны чалавек з цэлым арсеналам высокатэхналагічнай зброі. Пітэр — звычайны хлопец з небагатай сям’і ў Квінсе, сірата, у якога вечна не ладзіцца з грашыма, вучобай і асабістым жыццём. Чалавека-павука могуць абагаўляць натоўпы, але самому Пітэру часам няма чым заплаціць за кватэру.
Версія Холанда пэўны час адхілялася ад гэтай формулы. Яна атрымала мільярдэра-настаўніка, тэхналагічны касцюм і імгненны доступ да «Мсціўцаў». «Новы дзень» нарэшце забірае падарункі Тоні Старка і пакідае хлопцу тое, што заўсёды рабіла Павука Павуком: адказнасць без узнагароды.

Ёсць і яшчэ адна прычына касавага феномену. Кожны сольны фільм Холанда заканчваецца пытаннем, якое немагчыма не панесці з сабой. У першым фільме Цётка Мэй даведалася, хто хаваецца пад маскай. Потым увесь свет даведаўся, хто ён. Потым увесь свет забыў Пітэра. Цяпер Нэд пачынае пазнаваць чалавека, якога не павінен памятаць, а Эм-Джэй стаіць на парозе таго ж адкрыцця. Гэта структура вельмі дарагога серыяла: «А што далей?» — галоўная звышздольнасць франшызы.
Новы дзень, які мы ўжо бачылі
Амерыканская прэса прыняла карціну пераважна добра, але без аднадушнасці. На Metacritic яна атрымала 66 балаў са 100. Адны крытыкі называюць яе найлепшым фільмам MCU за некалькі гадоў і найлепшай працай Холанда ў ролі Пітэра. Іншыя бачаць упушчаную магчымасць: фінал папярэдняй часткі вызваліў героя ад усяго багажу, але студыя зноў абклала яго знаёмымі героямі, працягамі і абавязкамі.
Размовы пра «найлепшы фільм Marvel за апошнія гады» шмат гавораць пра стан самой студыі. Пасля «Мсціўцаў: Фінал» яна выпускала праекты амаль канвеернымі тэмпамі, адначасова пашыраючы кінасусвет серыяламі. Гісторый і новых герояў станавілася ўсё больш, а паўнавартасных фільмаў сярод іх — усё менш. Адны карціны выглядалі толькі пралогамі да будучых падзей, іншыя патрабавалі знаёмства з некалькімі серыяламі, трэція зноў прапаноўвалі тую ж пагрозу знішчэння свету пад пластом няроўнай камп’ютарнай графікі. Нават удалыя праекты ўсё часцей успрымаліся як выключэнні на фоне агульнай стомленасці ад Marvel.
«Новы дзень» выйграе ўжо тым, што вяртае ў цэнтр канкрэтнага чалавека. Пітэру не трэба ратаваць свет, яму трэба даць рады ўласнай адзіноце, агрэсіі і немагчымасці быць побач з тымі, каго ён любіць. Пасля некалькіх гадоў перагружаных сувязямі і падрыхтоўкай да наступных франшыз праектаў такая простая чалавечая гісторыя сапраўды ўспрымаецца амаль як новы пачатак.
Таму абодва бакі маюць рацыю.

«Новы дзень» вяртае Чалавеку-павуку сэрца. Стаўкі тут пераважна асабістыя, а не касмічныя. Холанд перастае быць гаварлівым падлеткам пры дарослых супергероях, цяпер ён грае чалавека, чыё дабро пачынае мяжваць з самаразбурэннем. Карнік і Халк не проста махаюць гледачу з суседніх франшыз, яны ўвасабляюць розныя спосабы жыць з болем і злосцю. Нават мутацыя Пітэра аказваецца метафарай таго, што пачуцці нельга бясконца выключаць.
І ўсё ж аўтары не наважваюцца да канца захаваць камернасць гэтай гісторыі. Фільм пачынаецца як аповед пра хлопца, якога ніхто не памятае, а завяршаецца раскладваннем фігур для «Людзей Ікс», новых «Мсціўцаў» і наступнага Паўка. Ён абяцае новы пачатак, толькі збірае яго з папярдніх фільмаў, коміксаў, гульняў, «Матрыцы», «Лігі справядлівасці» і ўласнага каталога Marvel.
Магчыма, у гэтым і ёсць яго сутнасць. «Новы дзень» як вельмі добра зроблены выпуск старога комікса: з яркай вокладкай, нечаканым госцем на пятай старонцы, бойкай пасярэдзіне і апошнім кадрам, пасля якога трэба купіць наступны нумар.
І мы, вядома, купім. Не, не таму, што Marvel зноў паабяцала змяніць увесь сусвет, гэта ўжо надакучыла. Больш цікава тое, што Пітэр Паркер усё яшчэ не ведае, як жыць у гэтым сусвеце заўтра.
Каментары
ЧП был снят уже давно и с лучшим целовальником по версии MTV Тоби Магвайром, против него ещё был мужик Доктор Зло руки-базуки из лаборатории. Смотрели на VHS с девчонками, девчонки залазили под стол от страха когда ЧП попадал в передряги.
Даже американцы сняли пародию на ЧП и уже успели о ней забыть, где в лаборатории с насекомыми человек в каталке похожий на Хокинга, что со своей сомнительной ухмылкой пытался припарковаться к упругим попам студенток, как бы невзначай, и настойчиво предлагая им посидеть у него не коленях. Что было тогда просто смешно, но сейчас когда стало известно о похождениях Хокинга на рабских островам Эпстина, то намёк сценаристов этой пародии стал абсолютно ясен, явно у них была инфа сотка о Хокинге. И в результате этих навязчивых практик со студентками человеку в каталке похожему на Хокинга абсолютно случайно помогли въехать в аквариум с кодлом пчел - убийц. Все потом бегали и кричали по лабе. Было весело. Девчонки ржали.
А эти - кто они такие? Какой юный ЧП? Сколько можно! Он за тридцать лет уже опух и обрюзг и снялся в Вавилоне.