БЕЛ Ł РУС

Пасля Літвы Джон Коўл наведаў і Латвію

17.09.2026 / 18:38

Nashaniva.com

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл 17 верасня наведаў Рыгу. Там ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам, міністрам замежных спраў і кіраўніком Дзяржаўнай памежнай службы краіны. Пра візіт паведаміла амбасада ЗША ў Латвіі.

Джон Коўл і Андрыс Кулбергс. Фота: facebook.com/usembassyriga

У Рыгу, як паведамляецца, Коўл прыехаў, каб больш даведацца пра праблемы бяспекі на ўсходняй мяжы Латвіі, а таксама абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва паміж ЗША і Латвіяй.

Падчас сустрэчы з Андрысам Кулбергсам асаблівую ўвагу бакі надалі бяспецы латвійскай мяжы з Беларуссю і Расіяй, супрацьдзеянню нелегальнай міграцыі, якую латвійскія ўлады звязваюць з дзеяннямі беларускага рэжыму, а таксама намаганням ЗША па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі.

Кулбергс назваў ЗША стратэгічным саюзнікам і важным партнёрам Латвіі. Ён адзначыў значэнне амерыканскай вайсковай прысутнасці ў краіне і практычнай падтрымкі ў абароне ўсходняй мяжы. Паводле яго слоў, умацаванне латвійскай мяжы адначасова ўзмацняе бяспеку Еўрапейскага саюза і НАТА.

Латвійскі прэм’ер таксама станоўча ацаніў вызваленне 25‑ці беларускіх палітвязняў, але падкрэсліў, што ў дзеяннях беларускіх уладаў істотных паляпшэнняў не назіраецца.

Паводле меркавання Кулбергса, беларускі рэжым працягвае рэпрэсіі супраць грамадства, падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны і выкарыстоўвае міграцыю як інструмент гібрыднай атакі. У сувязі з гэтым Латвія лічыць неабходным захоўваць палітычны і санкцыйны ціск ды падтрымлівае пашырэнне і ўзмацненне санкцый Еўрасаюза.

Акрамя пытанняў бяспекі, падчас сустрэчы пацверджаная зацікаўленасць Латвіі ў паглыбленні эканамічнага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі і прыцягненні новых амерыканскіх інвестыцый.

Чытайце таксама:

Джон Коўл пасля вяртання з Мінска сустрэўся з кіраўнікамі Літвы

Коўл спадзяецца, што Лукашэнка вызваліць у наступным месяцы яшчэ сотні зняволеных

Ціханоўская: Перамовы пра вызваленне людзей ідуць цяжка

Коўл: Лукашэнка адпусціць 25 чалавек у абмен на санкцыі на «Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам»

ЗША вернуць Беларусі грошы, замарожаныя ў Сіцібанку

Каментары да артыкула