БЕЛ Ł РУС

У Швецыі левыя партыі атрымалі большасць на выбарах, прэм’ер пайшоў у адстаўку

17.09.2026 / 19:48

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Швецыі і лідар ліберальна-кансерватыўнай Партыі ўмераных Ульф Крыстэрсан падаў у адстаўку пасля паразы ягонага правацэнтрысцкага блока на парламенцкіх выбарах. Паводле папярэдніх вынікаў, чатыры левыя і левацэнтрысцкія партыі на чале з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Магдалены Андэрсан атрымліваюць большасць у Рыксдагу, піша Бі-бі-сі.

Ульф Крыстэрсан. Фота: AP Photo/Marius Burgelman

Крыстэрсан абвясціў пра адстаўку раніцай 17 верасня пасля таго, як былі апублікаваныя папярэднія вынікі нядзельнага галасавання. Левы блок перамог з вельмі невялікім адрывам — каля 50 тысяч галасоў.

Паводле папярэдніх падлікаў, левыя і левацэнтрысцкія партыі атрымаюць 176 з 349 месцаў у парламенце, што на адзін мандат больш за колькасць, неабходную для большасці. Правацэнтрысцкія партыі разам атрымліваюць 173 месцы.

Падлік галасоў яшчэ не завершаны. У сераду пачалі падлічваць бюлетэні датэрміновага галасавання, якія паступілі са спазненнем, а таксама бюлетэні з замежных участкаў. Канчатковыя вынікі чакаюцца ў выхадныя.

Пры гэтым, паводле шведскіх палітолагаў, змена ўрада істотна не паўплывае на палітыку краіны ў дачыненні да Расіі і Украіны. У шведскім грамадстве існуе шырокі кансэнсус наконт таго, што Расія нясе сур’ёзную пагрозу для Швецыі, а Украіне неабходна дапамагаць. Гэтую пазіцыю падзяляюць нават ультраправыя «Шведскія дэмакраты».

У шведскай палітыцы склалася сістэма двух асноўных блокаў — левага і правага, у кожным з якіх па чатыры партыі. Таму кааліцыйныя ўрады і ўрады меншасці з’яўляюцца звычайнай з’явай.

Пасля адстаўкі прэм’ер-міністра спікер Рыксдага павінен правесці перамовы з усімі парламенцкімі партыямі і вылучыць кандыдата на пасаду кіраўніка ўрада. Пасля гэтага парламент прагаласуе па яго кандыдатуры.

Магдалена Андэрсан ужо пачала перамовы аб стварэнні кааліцыі з трыма іншымі партыямі, лявейшымі ад цэнтра — Левай партыяй, Цэнтрысцкай партыяй і Партыяй зялёных. Аднак перамовы могуць быць складанымі і зацягнуцца, паколькі гэтыя партыі маюць розныя пазіцыі ў некаторых важных пытаннях, у тым ліку аб падатках.

Пасля выбараў 2022 года на фармаванне ўрада спатрэбілася 37 дзён, а пасля выбараў 2018 года гэты працэс заняў каля чатырох з паловай месяцаў.

У сваім паведамленні аб адстаўцы Ульф Крыстэрсан адзначыў, што цяпер асноўная роля ў фармаванні новага ўрада належыць спікеру, і папрасіў вызваліць яго ад пасады, каб гэты працэс мог пачацца неадкладна.

Андэрсан пасля выбараў заявіла, што шведскі народ прагаласаваў за новы курс краіны. Сацыял-дэмакраты на працягу большай часткі XX стагоддзя былі галоўнай палітычнай сілай Швецыі і застаюцца адной з вядучых партый. Калі Андэрсан зноў узначаліць урад, яна вернецца да ўлады пасля чатырохгадовага перапынку.

У правацэнтрысцкі блок, акрамя Партыі ўмераных Крыстэрсана, уваходзяць ультраправая антыіміграцыйная партыя «Шведскія дэмакраты», Хрысціянска-дэмакратычная і Ліберальная партыі.

«Шведскія дэмакраты» былі заснаваныя ў 1980‑х гадах людзьмі з пранацысцкімі поглядамі, таму асноўныя шведскія партыі доўгі час адмаўляліся ад супрацоўніцтва з імі. У сярэдзіне 2000‑х партыя змяніла свой імідж, стала больш памяркоўнай і набрала папулярнасць.

На выбарах 2022 года «Шведскія дэмакраты» занялі другое месца, выступаючы ў тым ліку з антыіміграцыйнай і антызлачыннай павесткай. Яны не ўвайшлі ва ўрад Крыстэрсана, сфармаваны трыма іншымі правацэнтрысцкімі партыямі, але падтрымлівалі яго галасамі ў парламенце. Перад цяперашнімі выбарамі Крыстэрсан абяцаў у выпадку перамогі даць прадстаўнікам «Шведскіх дэмакратаў» міністэрскія пасады.

Аднак на гэтых выбарах «Шведскія дэмакраты» выступілі слабей, чым чатыры гады таму, атрымаўшы прыкладна на тры працэнтныя пункты менш галасоў.

Чытайце таксама:

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў

На выбарах у Швецыі левыя партыі лідзіруюць з мінімальным адрывам

У Швецыі на выпадак вайны рыхтуюць месца для пахавання паўмільёна чалавек

У Швецыі хлопец узяў меч і пайшоў у школу. Пацярпелі тры чалавекі

Каментары да артыкула