Шанцы на саюз з ультраправымі таюць.

Кааліцыя левых партый на чале з былой прэм’ер-міністаркай Магдаленай Андэрсан лідзіруе на парламенцкіх выбарах у Швецыі з мінімальным адрывам. Падлічана ўжо большасць бюлетэняў, аднак розніца паміж левым і правым лагерамі настолькі малая, што казаць пра канчатковыя вынікі галасавання пакуль заўчасна, піша Бі-бі-сі.
Пасля апрацоўкі даных з 98% участкаў выбарчая камісія Швецыі прагназуе, што блок левацэнтрысцкіх партый на чале з сацыял-дэмакратамі атрымае ў новым Рыксдагу 176 месцаў з 349, забяспечыўшы сабе большасць у тры мандаты. Канчатковыя вынікі чакаюцца ў сераду.
Цяперашні правы прэм’ер-міністр Ульф Крыстэрсан разлічваў сфармаваць урадавую кааліцыю, у якую ўпершыню ў гісторыі краіны быў гатовы запрасіць ультраправых «Шведскіх дэмакратаў» — партыю з неафашысцкімі каранямі.
Экзіт-полы і першыя вынікі галасавання паказвалі, што разрыў паміж двума лагерамі застаецца мінімальным. У асобныя моманты правы альянс Крыстэрсана нават выходзіў наперад.
Ніхто не чакае, што вынікі выбараў зменяць палітычны курс Швецыі ў дачыненні да Украіны. Пасля пачатку расійскага ўварвання Стакгольм перагледзеў сваю шматгадовую палітыку ваеннага недалучэння і ўступіў у НАТА.
Паміж партыямі левага альянсу захоўваюцца сур’ёзныя рознагалоссі ў пытаннях эканамічнай палітыкі, таму патэнцыйная ўрадавая кааліцыя можа аказацца нетрывалай.
На гэтую акалічнасць указаў і Крыстэрсан, адзначыўшы, што, хоць ён з павагай паставіцца да спробаў Андэрсан сфармаваць кааліцыю, пытанне пра склад будучага ўрада застаецца адкрытым.
«Нават калі вынікі, якія мы назіраем сёння ўвечары, захаваюцца, я ўсё роўна разгледжу магчымасці кааліцыі на аснове несацыялістычнай большасці ў парламенце, каб знайсці працаздольную канфігурацыю ўрада. Які ўрад будзе кіраваць Швецыяй у бліжэйшыя гады, усё яшчэ застаецца адкрытым пытаннем», — падкрэсліў палітык.
Лідарка апазіцыі Магдалена Андэрсан з Сацыял-дэмакратычнай партыі (гэтая палітычная сіла кіравала Швецыяй на працягу большай часткі XX стагоддзя) абяцала ўмацаваць сацыяльную дзяржаву і дапамагчы сем’ям, якія маюць цяжкасці, справіцца з растучымі выдаткамі, калі чатыры левыя партыі атрымаюць большасць галасоў.
Дзейны прэм’ер-міністр ад кансерватараў Ульф Крыстэрсан заяўляў, што меры яго ўрада па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і іміграцыяй дасягнулі вынікаў.
Апошнія чатыры гады Крыстэрсан кіраваў пры падтрымцы ультраправай антыіміграцыйнай партыі «Шведскія дэмакраты».
Перад выбарамі ён паабяцаў упершыню ўключыць прадстаўнікоў гэтай партыі ў склад кабінета міністраў, калі чатыры правыя партыі перамогуць на выбарах.
Да нядаўняга часу вядучыя палітычныя партыі краіны аддавалі перавагу не мець са «Шведскімі дэмакратамі» нічога агульнага: карані гэтай партыі ляжаць у неанацысцкім руху канца 1980‑х гадоў, а рост папулярнасці супаў са значным прытокам імігрантаў.
У апошнія гады папулярнасць «Шведскіх дэмакратаў» паступова расла.
Калі ў 2010 годзе яны ўпершыню трапілі ў парламент з 5,7% галасоў, то на мінулых выбарах прыйшлі да фінішу другімі, атрымаўшы 20,6% (пры гэтым за Умераную кааліцыйную партыю прагаласавалі крыху больш за 19% выбаршчыкаў).
З таго часу яны аказваюць падтрымку цяперашняй правацэнтрысцкай кааліцыі, пад кіраўніцтвам якой была рэзка ўзмоцнена міграцыйная палітыка, у тым ліку адменена права на пастаяннае пражыванне для бежанцаў і павялічана колькасць дэпартацый.
Аднак дэпутаты ад гэтай партыі ніколі не займалі міністэрскіх пасад.
Падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі «Шведскія дэмакраты» апынуліся ў цэнтры скандалаў, у тым ліку з-за абвінавачанняў у тым, што адзін з партыйных функцыянераў распаўсюджваў прарасійскія наратывы ў сацыяльных сетках.
Вынікі падліку галасоў, да здзіўлення назіральнікаў, паказваюць, што «Шведскія дэмакраты» набралі менш, чым на мінулых выбарах: цяпер у іх 17,6% галасоў супраць 20,6% у 2022 годзе.
Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары
Есть ещё третий путь, граммотно наладить миграцию, требования к въезжающим, уголовное законадательство и изменить идеологию в отношении к мигрантам, поставив её на трезвые рельсы.