Свет1212

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў

Яшчэ дзесяць гадоў таму Швецыя трымалася адной з самых ліберальных міграцыйных палітык у Еўропе. Цяпер жа яе правілы — адны з найстражэйшых на кантыненце. Як адбылася такая рэзкая змена і чаму ранейшы курс наўрад ці вернецца, тлумачыць выданне The Conversation.

Сталіца Швецыі Стакгольм. Фота: «Наша Ніва»

Адной з найбольш прыкметных змен у шведскай палітыцы за апошняе дзесяцігоддзе стаў новы падыход да міграцыі. Як з адной з самых адкрытых для мігрантаў краін Швецыя стала адной з самых закрытых, на старонках The Conversation аналізуе Хенрык Эмільсан, старшы выкладчык Універсітэта Мальмё.

Як адзначае даследчык, паваротным момантам стаў міграцыйны крызіс 2015 года. Тады за год у Швецыі папрасілі прытулку больш за 160 тысяч чалавек, што складала звыш 12% усіх заявак у Еўрасаюзе. Сярод іх было каля 35 тысяч непаўналетніх без суправаджэння дарослых, што складала больш за траціну агульнаеўрапейскага паказчыка.

Неўзабаве шведскія партыі дасягнулі шырокай дамоўленасці аб узмацненні правілаў атрымання прытулку і ўз'яднання сем'яў. З'явіўся часовы памежны кантроль, а пастаянныя дазволы на жыхарства для большасці бежанцаў замянілі часовымі. Характэрна, што гэтыя захады ўводзіў левы ўрад сацыял-дэмакратаў. Таму яны аказаліся не проста часовай рэакцыяй на крызіс, а пачаткам новага палітычнага кансэнсусу: міграцыю трэба істотна абмежаваць.

Да сярэдзіны 2010‑х Швецыя прымала даволі шмат імігрантаў — як з Усходняй Еўропы, так і з Азіі ды Афрыкі. Ілюстрацыйнае фота: шведская футбольная зборная на ЧС-2026, AP Photo/Frank Franklin II

Новы ўрад пайшоў яшчэ далей

Наступны вялікі паварот адбыўся пасля выбараў 2022 года, калі да ўлады прыйшла правацэнтрысцкая кааліцыя на чале з прэм'ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам. Новы ўрад паставіў задачу зрабіць правілы атрымання прытулку настолькі жорсткімі, наколькі дазваляюць мінімальныя патрабаванні заканадаўства ЕС і міжнароднае права.

Змены закранулі практычна ўсе сферы міграцыйнай палітыкі: прыём бежанцаў, уз'яднанне сем'яў, працоўную міграцыю, грамадзянства, дэпартацыю і доступ да сацыяльных выплат. Выключэнне зрабілі для высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Першыя новыя правілы пачалі дзейнічаць у канцы 2023 года. Улады ўскладнілі ўз'яднанне сем'яў і атрыманне дазволу на жыхарства з гуманітарных прычын, а гадавую квоту на перасяленне бежанцаў скарацілі з 5000 да 900 чалавек.

Асноўная ж частка рэформаў была прынятая ў 2025‑2026 гадах. Доступ да некаторых сацыяльных выплат, у тым ліку дапамогі на дзяцей і выплат падчас бацькоўскага адпачынку, цяпер будзе залежаць ад выканання патрабаванняў да пражывання і працы ў краіне.

Складаней будзе атрымаць і шведскае грамадзянства. Улічвацца будуць працягласць пражывання, паводзіны чалавека, веданне мовы і асноў жыцця ў Швецыі, а таксама здольнасць самастойна сябе забяспечваць.

Акрамя таго, улады істотна спрасцілі магчымасць дэпартацыі замежнікаў, асуджаных за злачынствы.

З 160 тысяч заявак да некалькіх тысяч

На фоне новай палітыкі колькасць ахвотных атрымаць прытулак рэзка скарацілася. У 2025 годзе ў Швецыі было зарэгістравана каля 6700 першасных заявак на прытулак. Станоўчае рашэнне атрымалі толькі 23% заяўнікаў. У разліку на колькасць насельніцтва гэта менш за палову сярэдняга паказчыка па Еўрасаюзе. Пры гэтым шведскае міграцыйнае ведамства чакае далейшага зніжэння: прыкладна да 4200 заявак у 2026 годзе і 3700 у 2027-м.

Крыніца: theconversation.com

Такім чынам, краіна, якая ў 2015 годзе была сярод еўрапейскіх лідараў па колькасці просьбаў аб прытулку на душу насельніцтва, праз дзесяць гадоў апынулася ў ніжняй частцы гэтага спісу.

Аднак яшчэ больш істотнай за самі лічбы аўтар матэрыялу лічыць змену палітычнага клімату. Сёння сярод асноўных шведскіх партый існуе кансэнсус наконт таго, што жорсткую міграцыйную палітыку трэба захоўваць.

Сацыял-дэмакраты, якія кіравалі краінай падчас крызісу 2015 года, адкрыта або маўкліва падтрымалі большасць рэформаў цяперашняга ўрада. Партыя дала зразумець, што нават пасля вяртання да ўлады не збіраецца адмаўляцца ад цяперашняга курсу.

Змянілася і грамадская думка. Пасля крызісу 2015 года вырасла доля шведаў, якія выступаюць за скарачэнне іміграцыі, асабліва прыёму бежанцаў.

І нават калі пасля парламенцкіх выбараў 13 верасня зменіцца ўрад, вяртання да ранейшага, значна больш ліберальнага курсу не будзе.

Каментары12

  • Тодар
    15.09.2026
    Паспрыяла гэтаму у першую чаргу справа Брэйвiка!
  • Стары цынік
    15.09.2026
    Еўропе (усёй) трэба 0.5-0.6 млн прадуктыўных (выключна) мігрантаў.

    1% ад 1% ад 6 мільярдаў.

    Гэта можна зрабіць 3-4-5 ступенчаты адбор і браць тых, хто падыходзіць па кваліфіцыкацыі, светапогляду і менталітэту. І аніякіх сацыяльных праблемаў, і эканамічна запяспечаны працоўнай сілай год-пагод, стабільна і на дзесяцігоддзі наперад.

    Што даказвае, што масавая міграцыя, якую запусцілі з 00-х, а дзе левыя ва ўладзе, тое працягваюць і зараз - як у Іспаніі, не зважаючы на сацыяльныя і крымінальныя наступствы, - выключна палітычны праект стварэння новага лаяльнага электарату, які б зменьшыў палітычны і эканамічны баланс у дачыненні старага, г.зн. звычайных еўрапейцаў.

    Каб просты еўрапеец меў меньш правоў і магчымасцяў для негацыяцыі сацыяльнай дамовы з бюракратычна-акадэмічным класам. А калі ён паспрабуе - бясконца стыдзіць яго, павесіць таўро "фашыста" і "нацдэма", і катэгарычна не даваць аніякай публічнай платформы, а пажадана яшчэ ў турму саджаць за меркаванні як за злачынствы. Ну, як новы стары СССР.

    І калі аб гэтым размаўляеш з якім прафесарам - у адказ чуеш, што ўсе гэтак робяць. Гэта нармальна! І калі гэта не зробім мы (немцы, французы), то іншым болей дастнецца (улады і рэсурсаў, бенефітаў і мерапрыемстваў). Людзі гатовыя знішчыць уласную цывілізацыю за прыгожую карцінку і пачуццё ўласнай маральнай перавагі перад суседам-пралетарыям.

    Вось дзе паразітычны клас. Па Вэблену ці па Леніну.
  • Ррр
    15.09.2026
    Разумныя людзі.
    Добры прыклад.

Цяпер чытаюць

Выкладчыцы вакалу з Бабруйска далі 14 гадоў у Расіі за сэксуальны гвалт над дзяўчынкамі3

Выкладчыцы вакалу з Бабруйска далі 14 гадоў у Расіі за сэксуальны гвалт над дзяўчынкамі

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтара скандальнай «Быхаўскай мадонны» выключылі з Беларускага саюза мастакоў. Сам ён застаўся без заказаў і ў крэдытах24

Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка10

Мінскія ўлады ўжо абмяркоўваюць ідэю Лукашэнкі запусціць трамваі ў метро14

Людзі спяшаюцца перабрацца з Расіі ў Эстонію1

Выйдзе працяг «Адзін дома» з Макалеем Калкіным

Мінчане купілі пустуючую хату за 2300 рублёў і вяртаюць яе да жыцця5

Чаму ўсё новае цяпер выглядае крыху вінтажным1

У Мінску прадаюць чарэшні па касмічнай цане1

Вадзім Галыгін: Я крыху стаміўся ад гумару. Хочацца паспрабаваць нешта іншае8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выкладчыцы вакалу з Бабруйска далі 14 гадоў у Расіі за сэксуальны гвалт над дзяўчынкамі3

Выкладчыцы вакалу з Бабруйска далі 14 гадоў у Расіі за сэксуальны гвалт над дзяўчынкамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць