«Назаву хоць зайцамі». Джон Коўл патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязняў
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл даў 17 верасня ў Рызе інтэрв’ю тэлеканалу «Настоящее время». Сярод іншага ён адказаў на пытанні пра вызваленне беларускіх палітвязняў і пра адносіны Злучаных Штатаў з Беларуссю, піша «Радыё Свабода».
Джон Коўл. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis
Адным з першых пытанняў да Джона Коўла было тое, чаму сёлета ў сакавіку ўлады Беларусі пасля сустрэчы з ім вызвалілі больш за 200 палітвязняў, а гэтым разам толькі 25.
— Я лічу, што ў ходзе цяперашніх перамоў, якія ўсё яшчэ працягваюцца, мы зможам у вельмі блізкай будучыні — напэўна, прыкладна праз месяц — вызваліць яшчэ каля сотні ці нават больш за 100 чалавек.
— Якія пытанні трэба вырашыць, каб гэта стала рэальнасцю?
— Ну, напрыклад, раней мы ўжо здымалі пэўныя санкцыі дзеля вызвалення людзей, і цяпер трэба пераканацца, што банкі і бізнэс у Злучаных Штатах разумеюць, што азначае гэтае зняцце санкцый — што весці бізнэс у гэтай сферы, па сутнасці, дазволена.
Такім чынам, нам трэба вярнуцца да гэтага пытання і ўсё ўрэгуляваць. Мы не ведалі, што амерыканскі бізнэс, банкі і іншыя структуры не разумелі сутнасці гэтых мер. Таму нам трэба гэта зрабіць, а потым мы вернемся да працэсу.
Пра «гандаль палітвязнямі»
Журналіст «Настоящего времени» сказаў, што, паводле Святланы Ціханоўскай, Аляксандр Лукашэнка прадае зняволеных, каб дамагчыся зняцця санкцый. Ён спытаўся, ці не заахвочваюць Лукашэнку гэтыя дамоўленасці і зняцце санкцый арыштоўваць новых палітвязняў, каб мець тавар для гандлю?
— Я не ўпэўнены. Не ведаю дакладнай колькасці; усе, з кім я размаўляю, называюць розныя лічбы адносна таго, колькі людзей цяпер арыштоўваюць.
Таму я не ведаю, якая лічба рэальная. Але калі Лукашэнка гандлюе зняволенымі ў абмен на паслабленне санкцый, я не маю з гэтым праблемы, бо менавіта я гляджу ў вочы вызваленым вязням і бачу, што для іх значыць свабода. Для мяне гэта значна важней за нейкія палітычныя пытанні, якія могуць хваляваць кагосьці звонку.
Мая пазіцыя і пазіцыя Злучаных Штатаў — гуманітарная: дапамагчы людзям. Калі я магу вызваліць 25 чалавек — гэта выдатна. Калі 200 — таксама выдатна.
Менавіта так мы на гэта глядзім. І, ведаеце, у Святланы можа быць сваё меркаванне, а ў мяне — сваё.
— Што тычыцца погляду Аляксандра Лукашэнкі, дык ён заявіў, што адмаўляе статус палітвязняў для гэтых вызваленых людзей. Што вы яму адказалі?
— Я называю іх зняволенымі; калі ён хоча, каб я так рабіў — няхай; калі ён хоча, каб я называў іх хоць зайцамі (у арыгінале — rabbits, трусы. — РС), для таго, каб іх вызвалілі — мне ўсё роўна. Калі ён лічыць, што яны не палітвязні — няхай лічыць. Я проста ведаю людзей.
Таму для мяне семантыка ў гэтым пытанні не мае вялікага значэння. Іншым людзям гэта можа быць важна, але мне — не.
Пра адносіны ЗША з Беларуссю
— Ці ёсць у вашых візітаў у Беларусь іншыя мэты, акрамя вызвалення палітвязняў?
— О, так. Гаворка ідзе не толькі пра зняволеных, але і пра тое, каб паводзіны беларускага ўрада сталі лепшымі — прынамсі, лепшымі за тыя, якія, на маю думку, яны дэманстравалі ў адносінах да некаторых сваіх суседзяў, — каб мы маглі вярнуць іх у сям’ю народаў. І яны з гэтым згодныя.
За апошнія паўтара года мы прасоўваліся крок за крокам, і я мяркую, што мы дасягаем поспехаў, але, вядома, Лукашэнку трэба кіраваць краінай, у яго ёсць саюзнік — Пуцін, таму сітуацыя складаная.
Але я думаю, што свет стаў бы лепшым, калі б Беларусь падтрымлівала добрыя дачыненні з астатнім светам. І мне здаецца, што яны намагаюцца.
— Што дае вам упэўненасць у тым, што Беларусь можна паспяхова рэінтэграваць у сям’ю народаў?
— Яны робяць спробы, і справа рухаецца ў гэтым кірунку.
Я не магу сказаць, што я ўпэўнены, але мы робім поспехі, і яны робяць поспехі. Таму, думаю, мы рухаемся ў правільным кірунку.
Не думаю, што гэта адбудзецца за адну ноч. Гэта рэальны працэс. Расія — галоўны саюзнік Беларусі, а Беларусь — адзін з нешматлікіх саюзнікаў Расіі. Таму ім і трэба вырашаць гэтае пытанне, а не мне.
— Так, і цяпер аб’ём узаемнага гандлю Беларусі з гэтым яе галоўным саюзнікам — Расіяй — летась перавысіў 50 мільярдаў даляраў. Амерыканскі ж гандаль з Беларуссю быў толькі каля 20 мільёнаў даляраў, таму розніца велізарная. Ці ёсць намер прапанаваць Лукашэнку нешта большае, чым можа прапанаваць яму Пуцін?
— Не, думаю, гэтыя лічбы гавораць самі за сябе.
Думаю, Злучаныя Штаты хацелі б калі-небудзь наладзіць больш шчыльныя эканамічныя сувязі з Беларуссю. Думаю, Захад хацеў бы, каб гэта стала нормай. Пакуль жа гэта не так.
Гэта працэс, які патрабуе развіцця. Рэч у тым, што наяўнасць эканамічных адносін з краінай — як у выпадку з Кітаем і тым, як ЗША ўзаемадзейнічаюць з ім, — дазваляе пазбегнуць найбольш небяспечных сцэнарыяў развіцця падзей.
— Дык ці магчыма надаць будучым адносінам паміж ЗША і Беларуссю інстытуцыйны характар, ці яны будуць будавацца проста на балансе сіл?
— Не, я думаю, што мы можам надаць ім інстытуцыйную форму.
Я мяркую, што нам трэба зноў адкрыць нашу амбасаду. Трэба зрабіць шмат крокаў. Але я зразумеў, што гэта паступовы працэс.
Свет вельмі складаны. Але, як па мне, усё рухаецца ў правільным кірунку, а гэта значна лепш, чым рухацца ў няправільным.
Пра Лукашэнку як пасярэдніка ў перамовах з Пуціным
— Аляксандр Лукашэнка ў сваіх інтэрв’ю згадваў, што прапануе сябе Дональду Трампу і іншым лідарам у якасці пасярэдніка ў дачыненнях з Крамлём. Ці разглядае Дональд Трамп Лукашэнку як патэнцыйнага пасярэдніка?
— Я думаю, што патэнцыйна — так, бо паміж Пуціным і Лукашэнкам існуюць адносіны, якія цягнуцца ўжо больш за 30 гадоў. Яны сябры.
Адзін — «старэйшы брат», другі — «малодшы», але яны сябры і падтрымліваюць сувязь. Яны пастаянна размаўляюць. І Лукашэнка даволі часта наведвае Маскву.
Таму гэта магло б быць карысна. Ён мог бы дапамагчы ў якасці пасярэдніка ў кантэксце вайны.
Журналіст «Настоящего времени» таксама спытаўся, хто ў Злучаных Штатах вызначае, якія санкцыі выносяцца на абмеркаванне перад вызваленнем палітвязняў?
— Ну, у выпадку з Беларуссю гэта раблю я, а потым абмяркоўваю пытанне з Дзяржаўным сакратаром ці самім прэзідэнтам, і мы праходзім праз пэўную працэдуру. Напрыклад, Джон Коўл лічыць, што варта зняць санкцыі з таго, таго і таго. І гэта альбо зацвярджаецца, альбо мне кажуць: «Не, гэтага рабіць нельга, а вось гэта — можна».
Чытайце таксама:
Пасля Літвы Джон Коўл наведаў і Латвію. Магчыма, гаворка ішла пра экспарт беларускага калію
Джон Коўл пасля вяртання з Мінска сустрэўся з кіраўнікамі Літвы
Статкевіч: Учора было парушана ключавое правіла гандлю
Коўл спадзяецца, што Лукашэнка вызваліць у наступным месяцы яшчэ сотні зняволеных
Коўл: Лукашэнка адпусціць 25 чалавек у абмен на санкцыі на «Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам»