БЕЛ Ł РУС

Міліцыя выклала сваю версію, чаму хлопец, які зрабіў заўвагу турысту за недакурак у цэнтры Мінска, правёў ноч у аддзяленні

19.09.2026 / 07:48

Nashaniva.com

Блогер пазваніў у міліцыю, каб яго абаранілі, далі спакойна сесці на цягнік і з'ехаць дадому. Але ў выніку сам правёў ноч у аддзяленні і быў шакаваны кепскім стаўленнем.

Скрыншот відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Малады блогер пад псеўданімам Леў Беларусаў стаў вядомы пасля відэа, дзе зрабіў заўвагу мужчыну, які на пераходзе на Нямізе ў Мінску кінуў недакурак на зямлю. Сітуацыя мела такі грамадскі рэзананс, што таго госця сталіцы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Але Леў сцвярджае, што пасля гэтай сітуацыі яго па ўсёй краіне праследуюць знаёмыя таго мужчыны і пагражаюць забіць, прымяняюць фізічную сілу.

Адзін з інцыдэнтаў здарыўся ў Талачыне на паркоўцы, дзе да яго прычапіўся незнаёмец:

«Ён паклікаў іншых цыган, якія пачалі перашкаджаць майму перамяшчэнню, абмяжоўвалі прастору. Яны крычалі: «Мы цябе зараз заб'ём!». Як выявілася пазней, той чалавек, які пачаў на мяне агрызацца, — гэта родны брат таго самага хлопца з таго самага відэа з недакуркам». 

Перад гэтай сустрэчай, па словах Льва, на яго напаў сябар той кампаніі. «Ён дастаў з-пад гумкі ў вокладцы майго пашпарта апошнія грошы і сказаў: «Гэта мне на піва». Таксама пагражаў жыццю». 

Юнак пазваніў у міліцыю, каб яго абаранілі, далі спакойна сесці на цягнік і з'ехаць дадому. Але ў выніку сам правёў ноч у аддзяленні і быў шакаваны кепскім стаўленнем.

Блогер у аддзяленні міліцыі. Скрыншот відэа МУС

На ролік адрэагавала МУС. Там заявілі, што, як толькі хлопец пазваніў ім са скаргай, следча-аператыўная група прыехала на вакзал і затрымала яго крыўдзіцеляў за дробнае хуліганства.

А ноч у аддзяленні юнак правёў «у сувязі з правядзеннем неабходных працэсуальных дзеянняў». Сілавікі кажуць, што прапанавалі Льву плед, гарачую гарбату, ежу і медыцынскую дапамогу і ён «прыняў гэта з натхненнем».

А за відэа ў сацсетках са скаргамі прыгразілі прыцягнуць да адказнасці.

Блогер пазней выдаліў сваё відэа з сацсетак.

Чытайце таксама:

Памятаеце хлопца, які зрабіў заўвагу турысту за недакурак у цэнтры Мінска? Цяпер ён сам правёў ноч у аддзяленні міліцыі

Каментары да артыкула