Гатунак і сорт: у чым розніца?
У прадуктаў, тавараў — гатункі. А ў раслін — сарты. Гэта важная асаблівасць логікі беларускай мовы.
Яблыкі сорту «Залаты ранет» ураджаю 2026 года. Фота з сацсетак
Пабачыў пытанні ў сацсетках адносна артыкула «Шторанку тазік памідораў». Што за беларускі сорт «Зорка», які так хваляць», таму запішу адказы і тут. Чаму тут сорт, а не гатунак?
Гатунак — гэта разрад, катэгорыя якогасьці тавару па якасці, расцэнках і пад. Мука першага гатунку. Чай вышэйшага гатунку. Сукно лепшага гатунку. Цукеркі розных гатункаў.
Калі ж гаворка пра разнавіднасць расліны, якая адрозніваецца ад іншых раслін гэтага ж віду, — тут сорт. Сарты пшаніцы. Сарты памідораў. Старыя беларускія сарты яблык: штрыфель, залаты ранет, пепін літоўскі.
Калі сорт памідораў называюць «гатункам» — гэта з разраду асабліва прыкрых для мяне памылак мовы. У беларускай мове словы маюць не тое ж поле значэнняў, што ў расейскай. Гэта тонка. Кожная мова — гэта асобная сістэма, са сваёй логікай.
Прыкладам, па-расейску кажуць «сильный дождь», «сильный мороз». Па-беларуску натуральней: «вялікі дождж», «вялікі мароз».
Што да «сартоў» і «гатункаў», то тут прыклад парадаксальнай русіфікацыі «логікі» мовы тымі, хто схільныя валіць усё «абы каб не як па-расейску».
У прадуктаў, тавараў — гатункі. А ў раслін — сарты.
Правярайце значэнні словаў праз слоўнікі, найперш — праз акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.