«Шторанку тазік памідораў». Што за беларускі сорт «Зорка», які так хваляць
«Родзяць як трусы», — так беларуска апісала ўраджай памідораў «Зорка». Пры гэтым, паводле яе, кусты амаль не бачылі нармальнага догляду: перанеслі спёку і недахоп вады, сутыкнуліся з фітафторай, але працягвалі пладаносіць. Расказваем, што за такі сорт і чаго ад яго сапраўды можна чакаць.

«Купілася на рэкламу і набыла насенне памідораў «Зорка». Беларуская селекцыя, быццам бы не хварэюць, не пасынкуюцца, не сохнуць — так было абяцана. Дык што скажу. Родзяць яны як трусікі — я ўжо не ведаю, у якія слоікі мне што складаць з тых памідораў. Пакутуе і мая сваячка, з якой я падзялілася расадай — шторанку тазік памідораў! Памідоры вельмі смачныя, сапраўдныя, ніякай там зялёнай дупкі, адно таматнае мяса», — напісала адна з дачніц у сябе ў інстаграме.
За эмацыйным водгукам стаіць цалкам рэальны беларускі сорт — прычым далёка не новы. «Зорка» належыць да ранняспелых таматаў: ад з'яўлення ўсходаў да пачатку плоданашэння праходзіць каля 103‑105 дзён. Вырошчваць яе можна як у адкрытым грунце, так і пад укрыццём.
Сорт дэтэрмінантны, што азначае, што рост куста абмежаваны. Паводле апісання, расліна кампактная і дасягае вышыні 50‑60 см. Гэта зручна для невялікіх участкаў і невысокіх парнікоў, ды і даглядаць такі куст прасцей, чым высокарослыя таматы.
Невялікі памер куста не азначае невялікага ўраджаю. «Зорка» здольная ўтвараць шмат плодных гронак. Колькі кілаграмаў атрымаецца сабраць, натуральна, залежыць ад надвор'я і догляду.
Кампактнасць куста не азначае, што пра яго можна зусім забыцца. Дэтэрмінантныя таматы таксама ўтвараюць бакавыя парасткі, таму ў залежнасці ад спосабу вырошчвання «Зорцы» можа спатрэбіцца пасынкаванне. А калі пладоў завяжацца шмат — і падвязка, каб галінкі не клаліся на зямлю пад іх цяжарам.
За што «Зорку» можна палюбіць
Самі памідоры ў «Зоркі» каля 80‑100 грамаў, круглява-пляскатыя, у спелым выглядзе насычана-чырвоныя.
Ёсць у іх адна асаблівасць, якую добра заўважыла і аўтарка допісу: у спелага памідора няма цвёрдай зеленаватай часткі каля «хвосціка», якую пры перапрацоўцы даводзіцца выразаць.
Смак «Зоркі» ў апісаннях сорту ацэньваецца на 4,8‑5 балаў з пяці. Плады мясістыя і сакавітыя, з балансам салодкасці і кіслінкі.
Памер таксама даволі ўніверсальны: гэта не памідоры-гіганты, якія даводзіцца рэзаць на некалькі частак, але і не дробныя чэры. Іх можна есці свежымі, пускаць на соусы і сок, а таксама кансерваваць цалкам. Так што праблема, «у якія слоікі складаць», у выпадку добрага ўраджаю сапраўды можа стаць актуальнай.

А што з фітафторай?
Вось тут да рэкламных абяцанняў варта ставіцца больш асцярожна.
«Зорку» сапраўды называюць адносна ўстойлівай да фітафтарозу. Але адна з прычын гэтага — яе ранняспеласць. Сорт можа паспець сфармаваць значную частку ўраджаю да таго часу, калі ў другой палове лета ствараюцца асабліва спрыяльныя ўмовы для масавага развіцця фітафторы.
Таму цудаў ад яе чакаць усё ж не варта. Паліў, харчаванне, абарона ад хвароб і нармальныя ўмовы вырошчвання ўплываюць на «Зорку» гэтаксама, як і на іншыя таматы.
Расаду высаджваюць пасля таго, як мінае небяспека замаразкаў, на сонечным месцы. Памідоры любяць урадлівую, добра дрэнаваную глебу і не любяць застою вады. Паліваць лепш пад корань, не мочачы лісце.
Пры гэтым кампактны куст і ранняе паспяванне робяць «Зорку» даволі зручным варыянтам для тых, хто не хоча ператвараць вырошчванне памідораў у асобную працу на ўсё лета.
Сам сорт не гібрыд F1, а сорт. Для агародніка гэта азначае яшчэ адну практычную рэч: з паспелых пладоў можна нарыхтаваць уласнае насенне на наступны сезон.
Каментары
Летом, ещё до созревания помидоров, проявляется альтернариоз на томатах и бахчевых культурах, тех же огурцах. От него хорошо помогает куркума, 20 гр. куркумы на 10 литров рабочего раствора, но ее нужно настаивать на водке или варить на слабом огне полчаса.
ЗУСІМ рэальны беларускі гатунак
Міхаіл Міхайлавіч Дабродзькін — кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, загадчык кафедры, адзін з вядучых селекцыянераў акадэміі, распрацаваў і зарэгістраваў дзясяткі паспяховых беларускіх сартоў і гібрыдаў таматаў.
Аляксандр Пятровіч Дабродзькін — кандыдат сельскагаспадарчых навук, вядомы навуковец-даследчык, шмат гадоў прысвяціў селекцыі і насенняводству агароднінных культур у Горках.
Тамара Уладзіміраўна Ніканава — навуковец і вопытны аграном-селекцыянер акадэміі, якая непасрэдна працавала над скрыжаваннем і адборам перспектыўных ліній таматаў.