БЕЛ Ł РУС

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?

23.09.2026 / 19:28

Максім Мазыркевіч

На рынку сталічнай нерухомасці назіраецца анамалія.

«Мінск-Свет». Фота: забудоўшчыка

Горад у горадзе

Сярэдні кошт метра ў сталіцы працягвае расці. Паводле даных Realt.by, па стане на 20 верасня метр у Мінску па прапановах каштуе $2525.

Пры гэтым назіраецца цікавая тэндэнцыя — цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце», наадварот, падаюць на працягу ўсяго верасня. Толькі за апошні тыдзень квадрат па прапановах там патаннеў на 3,2%.

У той час, як агулам па Мінску за гэты перыяд цэны ў аб'явах падраслі на 1,5%.

Паралельна з тым, як квадрат у «Мінск-Свеце» пачаў таннець, расце колькасць прапаноў у гэтым раёне. За кароткі час кватэр у продажы пабольшала на траціну.

Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей?

Галоўнай прычынай, чаму цэны ў гэтым мікрараёне пачалі прасядаць, сапраўды можа быць павелічэнне прапаноў пасля здачы ў эксплуатацыю чарговых будынкаў.

Калі колькасць ахвотных набыць там жытло застаецца стабільнай, а колькасць ахвотных прадаць кватэру расце, то па законе попыту і прапановы цэны мусяць ісці ўніз, бо прадаўцам даводзіцца змагацца за пакупніка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота забудоўшчыка

З улікам таго, што «Мінск-Свет» усё яшчэ працягвае забудоўвацца, хоць і падыходзіць да завяршэння, тэндэнцыя са зніжэннем цэн можа мець працяг.

Многія куплялі і працягваюць набываць кватэры ў «Мінск-Свеце» як інвестыцыю, а не як жытло, куды плануюць пераехаць самі. На фоне таго, як квадрат у Мінску цягам апошніх гадоў даражэў, абнаўляючы рэкорды, купля кватэры на этапе будаўніцтва як інвестыцыя сапраўды з'яўляецца выгаднай задумай.

Аднак у выпадку з «Мінск-Светам» колькасць патэнцыйных інвестыцыйных кватэр у раёне вялікая. І ўлічваючы, што цэны цяпер на піку, многія могуць пачаць спяшацца прадаць кватэру па высокім кошце, што таксама ўплывае на колькасць прапаноў.

Асобна можна вылучыць перапродаж бізнэс-апартаментаў — жытла новага для Беларусі юрыдычнага фармату, якое па факце з'яўляецца звычайнымі кватэрамі з самым танным метрам, але з нюансамі, да якіх многія былі не гатовыя. Сярод іх — больш высокая камуналка, чым у звычайных кватэрах, а таксама складанасці з узвядзеннем сцен і іншых змен, да якіх першасныя пакупнікі былі не гатовыя.

Гэта таксама магло стаць дадатковым стымулам да таго, каб выставіць кватэру (бізнэс-апартаменты) на продаж. Падрабязней пра такой фармат нерухомасці «Наша Ніва» пісала раней.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула