БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, як цяпер будуць выдаваць італьянскія візы

23.09.2026 / 17:47

Міра Нікановіч

На мінулым тыдні прыпынілі прыём заявак на італьянскія візы, а пазней аднавілі, але не для ўсіх. Цяпер турфірмам агучылі новыя правілы, як будуць выдаваць шэнген італьянцы.

Фота: LookByMedia

Складанасці з італьянскімі візамі распачалася 15 верасня — тады прыпынілі прыём заявак на іх праз візавы цэнтр VFS. Незадоўга да таго стала вядома, што мужчына з Беларусі з расійскім пашпартам, які якраз атрымаў шэнген у італьянскім пасольстве ў Мінску, аказаўся адным з падазраваных у дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга.

Пазней аказалася, што тураператары дагэтуль працягваюць запісваць на італьянскія візы, а перамены датычаць толькі індывідуальных турыстаў. 21 верасня ў візавым цэнтры Італіі ў Мінску зладзілі сустрэчу акрэдытаваных турфірмаў з прадстаўнікамі пасольства і візавага цэнтра, дзе патлумачылі, як цяпер будуць выдаваць візы.

Што новага ў правілах? Адзін з тураператараў дзеліцца, што цяпер падацца на італьянскі шэнген можна будзе толькі праз стандартны запіс на сайце VFS, а жывой чаргі больш не будзе. Таксама Італія пастрожыць падыход да выдачы віз — шэнгены будуць выдаваць выключна пад канкрэтную паездку і пацверджаныя мэты.

Візавая экспертка дапаўняе, што запіс у ліст чакання пакуль спынены. Невядома, калі яго адновяць — магчыма, гэта адбудзецца, калі апрацуюць усе ўжо наяўныя заяўкі. Але, ўпэўнівае экспертка, усё будзе добра:

«Візы выдаюць і будуць выдаваць. Пытанне, якія, мы пакуль не абмяркоўваем, гэта пакажа толькі час».

Іншая візавая экспертка піша ў сацсетках, што да Новага года месцы ў аператараў пад італьянскія туры будуць скарочаныя, ды і на на тое, што ў 2027‑м нешта палепшыцца, не даводзіцца спадзявацца.

Верагодней за ўсё, лічыць экспертка, што ранейшай шчодрай выдачы візаў ад італьянскага пасольства больш не будзе.

Чытайце таксама:

Прыпынілі прыём заявак на італьянскія візы. Раней стала вядома, што падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў Мінску

Тураператары працягваюць запісваць на італьянскія візы ў Мінску

Многія беларусы страцяць магчымасць ехаць на працу ў Літву. Вось што зменіцца з лістапада

Каментары да артыкула