«Ён выбраў мяне сам». У Гомелі 19‑гадовая дзяўчына збірае грошы на ўласнага каня
Выданне «Моцныя навіны» спытала ў гамельчукоў, на што яны збіраюць грошы. Сярод гісторый пра адпачынкі, пенсіі і канапы вылучаўся расказ 19‑гадовай Дарыі з Гомеля, якая збірае 3,5 тысячы рублёў на куплю ўласнага каня.
Гамяльчанка з дзяцінства займалася конным спортам, але праз цяжкую траўму калена трэніроўкі давялося кінуць, а ўласную жывёліну прадаць. Два гады таму Дарыя, аднак, вярнулася ў сядло і на міні-ферме пад аграгарадком Урыцкае сустрэла свайго каня.
«Жарабятка з першага погляду вельмі палюбіла і, можна сказаць, паставіла на ногі. Малы вырас з характарам і нікога да сябе не падпускае, акрамя мяне. Я зразумела — ён сам мяне выбраў! Калі прыйшоў час развітвацца, а дакладней пераязджаць у горад на працу, я паразмаўляла з гаспадаром і дамовіліся, што пакуль ён малы, але забяру яго праз год», — расказала дзяўчына.
Гаспадар пагадзіўся пачакаць: жарабя каштуе 3,5 тысячы рублёў, Дарыі засталося сабраць усяго тысячу. Як толькі ўся сума будзе ў кішэні, жарабя пераедзе ў коннаспартыўны комплекс на гомельскай вуліцы Шылава, дзе гаспадыня плануе асабіста даглядаць новага сябра і трэніравацца з нім. Гэта была мара дзяцінства.
Пакуль жа дзяўчына наведвае ўлюбёнца па выхадных і ў вольны ад працы час. Дарыя працуе ў сферы адукацыі ў Гомелі.
Чытайце таксама:
Мінчука запрасілі зняцца ў кіно. Але цікавы рэжысёрам быў зусім не ён