Зладзіла дзень нараджэння для дарагога сабакі мальтыпу, марыць пра ўнукаў: як цяпер жыве Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш, якая займела праблемы ад лукашыстаў за сваю пазіцыю ў 2020-м, адышла ад палітыкі, затое вярнулася да свецкага жыцця.

У 2020 годзе Анжаліка Агурбаш удзельнічала ў мітынгах супраць фальсіфікацыі выбраў у Беларусі ля амбасады ў Маскве. Па словах артысткі, апалітычнай яна перастала быць, каля пабачыла затрыманні Сяргея Ціханоўскага ды Віктара Бабарыкі.
Тады яна заклікала кожнага беларуса дапамагаць пратэстам: «У Расіі ў мяне сэрца разрываецца, паверце, у дзесяць разоў больш, чым нават у тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Ад бяссілля і безвыходнасці. Кожную нядзелю я прыходжу да беларускага пасольства, прапусціла толькі адзін дзень, калі захварэў сын. Хай гэта маленькая, але падтрымка».
Прызнавалася, што плакала, калі бачыла жорсткі разгон маршу пенсіянераў: «Прыходжу да беларускага пасольства — і становіцца крыху лягчэй. Я цудоўна разумею, што адчуваюць цяпер людзі ў Беларусі, — гэты гвалт я перажыла ў сваёй асабістай гісторыі. Ты павінен жыць, хадзіць і дыхаць так, як хоча адзін чалавек. Паводле Лукашэнкі, трэба яшчэ і думаць так, як ён».
Праз гэта ў Агурбаш, якая акрамя беларускага пашпарту мае і расійскі, пачаліся праблемы на радзіме. Яе ўключылі ў чорны спіс артыстаў, а таксама завялі крымінальныя справы — абвінавацілі ў распальванні варожасці і абразах у адрас Лукашэнкі.
Дайшло да таго, што ў 2024 годзе нават беларускі пасол у Расіі Дзмітрый Круты выказаў абурэнне гендырэктару «Першага канала» Канстанціну Эрнсту праз з'яўленне ў эфіры Анжалікі Агурбаш. А беларуская прапаганда была ў шаленстве праз тое, што артыстка можа выступаць з гастролямі ў Расіі.
Пазней Анжаліка пачала падтрымліваць сям’ю Цапкалаў. Яна неаднаразова з’яўлялася ў іх стрымах, крытыкавала Святлану Ціханоўскую.

Цяпер жа Агурбаш публічна не праяўляе сваіх палітычных поглядаў. Максімум выказванняў, якія артыстка дазваляе сабе — гэта тое, што больш за ўсё марыць спыніць войны ва ўсім свеце. А навіны з яе жыцця зноў тычацца выключна свецкай хронікі.
Летась у маі Анжаліка распавядала, што збіраецца ў чарговы раз схадзіць у ЗАГС — вяселле было запланаванае на ліпень. Шчаслівая спявачка казала, што нават і белая сукенка ўжо пашытая. У планах было мінімум на год разам з новым мужам пераехаць з Масквы ў іншы горад Расіі.

Пазней вяселле перанеслі на верасень. Маўляў, сябры па астравах летам разляцеліся — вось вернуцца з адпачынкаў, і можна святкаваць. Плюс восенню танчыць не так горача будзе.
Але свята зноў адклалася. Агурбаш казала, што ўсе праблемы з заключэннем шлюбу праз палітычны пераслед у Беларусі: «Я абмежаваная ў выездах, у мяне яшчэ пара палітычных артыкулаў… Таму мы думалі-думалі і вырашылі ўсё ж адкласці ўрачыстасць да таго моманту, пакуль у мяне не будзе ўжо нармальнай, цудоўнай і бяспечнай гісторыі, каб я магла рэальна ўзаконіць шлюб, каханне, паказаць свайго жаніха нарэшце».
Дарэчы, імя таямнічага каханага Анжаліка так і не паведаміла. Казала, што з мэтаў бяспекі, бо жаніх мае бізнэс у тым ліку і ў Беларусі.
Затое сёлета яна арганізавала свята для свайго хатняга гадаванца — мальтыпу Рокі (каштаваў гэты сябар больш за 5 тысяч даляраў). З нагоды таго, што сабаку споўніўся годзік, Анжаліка зрабіла для яго вечарыну з гасцямі, гірляндамі ды тортам са свечкай. Кажа, што Рокі яе старанні вельмі ацаніў.

Пра тое, што адбываецца ў яе жыцці цяпер, спявачка распавяла ў падкасце Арцёма Сарокіна «Да зоркі».
Сёлета на восень у артысткі ўжо іншыя планы — яна запрашае прыхільнікаў на свой монаспектакль. Кажа, што даўно пра гэта марыла і нарэшце знайшла аўтара, які дапамагае ўсё зрабіць — Славу Шэйна. Працоўная назва — «Ад кахання да кахання».
Таксама спявачка запланавала на восень прэзентацыю свайго новага альбома. Працягвае працу і Цэнтр творчага развіцця Анжалікі Агурбаш у Маскве.
Распавяла артыстка пра траіх сваіх дзяцей. Нагадаем, Анжаліка мае дачку Дар’ю, якую нарадзіла ў 17 гадоў ад свайго першага мужа, беларускага акцёра і рэжысёра Ігара Лянёва, сына Мікіту ад культурыста Валерыя Бізюка ды сына Анастаса ад другога афіцыйнага мужа бізнэсмена Мікалая Агурбаша.

Анжаліка кажа, што дзеці вельмі сябруюць. Спявачка прызнаецца, што без дапамогі сярэдняга сына (той цяпер працуе дырэктарам па камерцыйных пытаннях у швейцарскім стартапе) ёй было б складана выцягнуць адукацыю малодшага ў Еўропе. Бо Анастас цяпер трэцякурснік у Берліне, вывучае музычнае прадзюсіраванне, займаецца рок-музыкай: «Рэч тут не толькі ў грашах, але і ў парадзе, у кантролі. Цяпер старэйшы брат узяў шэфства над малодшым».

Праз абмежаванні сама Агурбаш не можа выязджаць у Еўропу, таму сыноў часцей бачыць анлайн. Яна сумуе, што пакуль яшчэ не стала бабуляй. Адзначае, што раней не разумела людзей, якія сваім дзецям кажуць: «Ну калі ўжо ўнукі?!», — але ўжо год як сама марыць патрымаць на руках немаўля.
Анжаліка пахвалілася, што Анастас у адносінах з опернай спявачкай — дзяўчынай, якая вучыцца ў яго ж універсітэце.
А Мікіта зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй каханай, і хутка адбудзецца вяселле. Плануецца, што свят будзе некалькі: у Маскве, Мінску, а таксама ў Еўропе. Дарэчы, нявеста Мікіты беларуска — яе бацькі і бабулі-дзядулі жывуць у Мінску.

Для 29‑гадовага хлопца гэта будзе ўжо другі шлюб. Агурбаш жартуе, што сын яе доўга не можа сядзяць у жаніхах і да новых адносін у разводзе не прабыў і тыдня.
Дачка Дар’я жыве ў Маскве, выкладае вакал у тэатральнай акадэміі Табакова, займаецца этнамузыкай. Анжаліка кажа, што малілася пра тое, каб дачка шалёна закахалася — і нарэшце гэта адбылося.

Анжаліка смяецца, калі згадвае: дачка з шаснаццаці гадоў працавала ў камандзе Цімаці, шмат з ім гастраліравала і ў той момант магла зарабляць больш за маці. Але ж прыгод з ёй хапала, і Агурбаш не аднойчы прыходзілася забіраць Дар’ю з паліцыі.
Пытанне ж пра тое, ці свабоднае сэрца самой Анжалікі, стала для яе няёмкім. Яна паспрабавала адказаць па-філасофску: «Маё сэрца заўсёды будзе свабодным. І яно злёгку занята». Сцвярджае, што ёй зараз патрэбны проста сябар — верны, адданы, з якім будзе камфортна.
Цяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
Каментары