БЕЛ Ł РУС

22‑гадовую выпускніцу каледжа з Бабруйска асудзілі за «садзейнічанне экстрэміцкай дзейнасці»

2.10.2026 / 10:00

Баляслаў Ліманоўскі

Юліяне Малачковай далі хатнюю хімію.

Юліяна Малачкова. Фота з яе старонкі ў інстаграме

Юліяне Малачковай з Бабруйска 22 гады. Нядаўна дзяўчына выпусцілася з Мінскага каледжа прадпрымальніцтва.

Дзяўчыну судзілі ў Магілёўскім абласным судзе паводле часткі 1 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса. Яе абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Вядома, што суд прызначыў Малачковай хатнюю хімію.

***

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў. 

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы. 

Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Чытайце таксама:

56‑гадовую чыноўніцу з Бешанковічаў асудзілі адразу па пяці палітычных артыкулах

Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай. За краты кінулі супрацоўніка МТБанка

Кіроўцу пагрузчыка з Гродна асудзілі па шасці палітычных артыкулах. Імаверна, яго схапілі пасля вяртання ў Беларусь

Каментары да артыкула