БЕЛ Ł РУС

У Чачэрску не трацяць надзеі збыць з рук старадаўнюю сядзібу

25.09.2026 / 23:03

Nashaniva.com

У Чачэрску чарговы раз выставілі на аўкцыён закансерваваную сядзібу плошчай 1129 квадратных метраў. У XIX стагоддзі яна належала графу Захару Чарнышову-Круглікаву, піша Office Life.

Фота: БУТБ-Маёмасць

Сядзібу ўжо спрабавалі, прытым не першы раз, прадаць у чэрвені, але купцоў тады не знайшлося. Цяпер яе зноў прапануюць за адну базавую велічыню — 45 рублёў. Такім жа застаецца і памер задатку. Крок аўкцыёну складае 2,25 рубля. Торгі прызначаныя на 28 верасня, але па стане на вечар 25 верасня заявак не было.

Разам з будынкам Г-падобнай формы новы ўладальнік атрымае і шэраг абавязкаў. Ён павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства, цалкам адрэстаўраваць гістарычна-культурную каштоўнасць на працягу двух гадоў, а пасля яшчэ як мінімум два гады весці ў сядзібе гаспадарчую дзейнасць.

Інвестара для аб'екта спрабуюць знайсці ўжо больш за тры гады. Увесну 2023 года сядзібу ўпершыню выставілі на біржавыя таргі за 859 тысяч рублёў. Праз некалькі месяцаў кошт знізілі да 429 тысяч рублёў, а да лета 2025 года ён упаў да адной базавай велічыні.

Зямлі ў Чачэрску Захару Чарнышову ў 1774 годзе асабіста падаравала расійская імператрыца Кацярына II. Каменны палацавы дом будавалі паступова і завяршылі ў 1860 годзе.

За сваю гісторыю сядзіба выкарыстоўвалася не толькі як жылыя памяшканні. Тут працавалі земская школа, дзіцячая бібліятэка і Дом піянераў. Падчас вайны немцы прыстасавалі будынак пад стайню. На балансе аддзела культуры Чачэрскага райвыканкама сядзіба знаходзіцца з 2002 года.

Чытайце таксама:

У Віцебску на аўкцыён выставілі Смаленскі рынак

На таргах прадалі закінуты санаторый пад Ракавам

Падрыхтавалі праект рэканструкцыі сінагогі ў Слоніме

На Брэстчыне скасавалі ахоўны статус старажытнага парку

«Гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына II». Вам самім не смешна?»

Графскую сядзібу ў Чачэрску выставілі на продаж трэці раз, ужо практычна задарма

Каментары да артыкула