Хлопец прыехаў з Емена, каб стаць стаматолагам, і за 10 гадоў амаль стаў беларусам
Саід прыляцеў у Беларусь з Емена дзесяць гадоў таму, каб вывучыцца на стаматолага. Рускай мовы ён тады не ведаў, а снег бачыў хіба што на малюнках. Цяпер хлопец лечыць зубы мінчукам, сустракаецца з беларускай, упэўнена выкарыстоўвае ў размове слова «прыгожа» і рыхтуецца падаваць дакументы на беларускае грамадзянства. На радзіме за ўвесь гэты час ён не быў ні разу, піша «Анлайнер».
«Пра існаванне Беларусі даведаўся з інтэрнэту»
У самым пачатку размовы Саід прызнаецца: пра Беларусь упершыню прачытаў у інтэрнэце. Шукаў, куды можна паехаць вучыцца, а тут і кошт навучання быў прымальным, і ўзровень адукацыі — добрым. Як адзначае сам стаматолаг, да таго ж з нашым дыпломам потым можна працаваць у розных краінах.
Еменцы ў беларускіх медуніверсітэтах не рэдкасць. Паводле слоў Саіда, больш за ўсё ягоных землякоў вучыцца ў Гомелі, а вось у Віцебску ў ягоны час іх было чалавек з пятнаццаць. Сам ён прыехаў адзін, без кампаніі сяброў.
Спачатку план быў просты: атрымаць дыплом і з'ехаць. Але з часам стала зразумела: малады чалавек вельмі хоча застацца тут. Сваякі ідэю падтрымалі.
Доктарам Саід марыў стаць з дзяцінства, прычым менавіта стаматолагам. «Вінаваты» ў гэтым ягоны родны дзядзька — таксама стаматолаг.
«Я быў яшчэ дзіцём, калі ён браў інструменты і тлумачыў мне, што ён робіць і навошта. Мне было так цікава! Яшчэ тады зразумеў: буду толькі стаматолагам. У Емене гэта адна з найбольш шанаваных прафесій. Там шмат людзей з праблемамі з зубамі. Тут такіх менш. Уся справа ў вадзе — на маёй радзіме яна вельмі кепская».
Сам Саід, дарэчы, зубы беражэ: практычна не есць салодкага, толькі нейкія асаблівыя стравы, якія нагадваюць пра дом, і тое ў мінімальных колькасцях.
Падрыхтоўка да паступлення далася хлопцу няпроста. Усе экзамены трэба было здаваць на англійскай, а потым і працягваць навучанне на замежнай мове. Рускую ён з нуля асвойваў ужо на месцы. Дарэчы, цяпер Саід без праблем размаўляе па-руску. Ведае і некаторыя словы на беларускай: вядома ж, «бульба», а яшчэ «прыгожа» і «пачакай».
Пасля выхаду на працу прыйшлося хутка адаптавацца: узаемадзейнічаць з пацыентамі даводзілася ўжо па-руску. Калі ўзнікалі непаразуменні, на дапамогу прыходзілі калегі. Але цяпер Саід спраўляецца ўжо без «перакладчыкаў»: кажа, што ў стаматалогіі многае зразумела і без слоў.
Суразмоўца прызнаецца, што, наадварот, з'явіліся праблемы з роднай арабскай.
«Пачынаю яе забываць. Сустракаюся са знаёмым, ён хоча паразмаўляць, а я не магу. Прывык адказваць па-руску».
Самі пацыенты перыядычна цікавяцца, адкуль доктар родам. Праўда, знайсці Емен на карце з ходу можа далёка не кожны.
Знаходзіцца краіна на паўднёвым захадзе Аравійскага паўвострава, мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аманам. Насельніцтва краіны — прыблізна 43 мільёны чалавек. У гарадах жыве толькі траціна мясцовых, астатнія — у сельскай мясцовасці.
З 2014 года палітычная сітуацыя ў Емене застаецца вельмі нестабільнай: тут ідзе грамадзянская вайна.
«Калі хтосьці і чуў пра маю краіну, то звычайна з навін. І тады адразу пачынаюць распытваць пра вайну», — кажа Саід.
Сам ён родам з горада Таіза, паблізу ад Чырвонага мора. Як кажа Саід, гэта адносна далёка ад зоны канфлікту — яго блізкія ў бяспецы. Дарэчы, з роднымі ён сазвоньваецца кожны дзень. Сям'я вельмі вялікая: восем братоў і сясцёр, Саід — малодшы. Пляменнікаў у яго ўжо больш за 20.
Пляменнікі Саіда
«Першы год як маленькі гуляў у снезе»
Калі просяць успомніць першае ўражанне ад Беларусі, Саід адказвае адным словам:
— Снег.
— Ніколі раней не бачылі?
— Ніколі. Я прыехаў узімку, і ў першы ж дзень пайшоў снег. Мне гэта вельмі спадабалася. Я толькі і рабіў, што глядзеў на снег. Першы год, другі як маленькі гуляў у снезе, а потым перастаў. Прывык.
Апошняя зіма, самая снежная і халодная за 30 гадоў, яго ўжо не здзівіла: усё ж чалавек з вопытам. Хоць для госця з гарачай краіны беларускі мароз — тое яшчэ выпрабаванне.
«У Емене сярэдняя тэмпература — плюс 30. Круглы год. Калі там плюс 25, дзень ужо лічыцца прахалодным, усе апранаюць курткі.
Калі я тэлефаную бацькам, яны пытаюцца: «Як вы там жывяце? У цябе дома не холадна?» А я сяджу дома ў звычайным адзенні. Тлумачу, што ёсць батарэі, што дома цёпла».
Саід прызнаецца: вельмі хацеў бы, каб родныя прыехалі і ўбачылі Беларусь сваімі вачыма. Ён не раз запрашаў, але пакуль ніхто не адважыўся: не могуць надоўга пакінуць працу.
Дарэчы, нягледзячы на пастаянную спякоту, свае ўмоўныя «фішкі» надвор'я ў Емене таксама ёсць: гэта сезон дажджоў, калі чатыры месяцы запар ніводны дзень не абыходзіцца без ападкаў.
— У нас мала лясоў. Затое ёсць горы, вельмі вялікія. Глядзіш на іх — так прыгожа. А тут усё роўнае, да гэтага складана прывыкнуць.
— А ў лес па грыбы ўжо хадзілі?
— Не, пакуль ніхто не клікаў. Але хутка ў мяне будзе адпачынак, і сябар абяцаў завезці на рыбалку.
Кола зносін Саіда размеркаванае прыблізна 50 на 50: ужо з'явіліся беларускія сябры, але ёсць і вялікая кампанія землякоў-еменцаў. Пытаемся, што дагэтуль здзіўляе ў нас, — кажа, спакой беларусаў і цішыня на вуліцах. Асабліва гэта прыкметна пасля доўгага жыцця ў родным шумным горадзе.
«Мне здаецца, цяпер я б ужо да такога не змог прывыкнуць. Цяпер я люблю спакой», — усміхаецца Саід.
Беларусаў Саід называе дружалюбнымі, хоць са стэрэатыпам пра некаторыю закрытасць часткова пагаджаецца:
«Ёсць вельмі прыемныя людзі. Ёсць, вядома, і халодныя, асабліва з незнаёмцамі. Спачатку мне гэта здавалася дзіўным».
Па краіне Саід паездзіў грунтоўна: пабываў ва ўсіх абласных цэнтрах. У Віцебску вучыўся, у Оршы быў у інтэрнатуры, цяпер асталяваўся ў Мінску. Рэйтынг улюбёных гарадоў у яго свой: на першым месцы Мінск, потым Гродна, потым Магілёў. А вось з Гомелем не склалася: не ягоным аказаўся горад.
З беларускай кухняй у Саіда адносіны цёплыя, але з агаворкамі. Асабліва ён любіць боршч і бульбу. А вось з багаццем свініны і алкагольнымі пазіцыямі ў меню змірыцца складана: Саід мусульманін, такія прадукты ён не ўжывае.
А вось еменскіх рэстаранаў у Беларусі няма. З сябрамі ён часцей ходзіць у турэцкія ўстановы.
Дома пры гэтым Саід гатуе стравы сваёй кухні і вучыць гэтаму сваю дзяўчыну.
Від на браму ў сталіцы Емена, а таксама еменскі традыцыйны кінжал
Чаго сапраўды не хапае Саіду, дык гэта рыбы. Дома ў меню морапрадукты ў яго былі кожны дзень.
— Па моры сумуеце?
— Вядома. Хоць, на жаль, я не ўмею плаваць.
Пакуль тугу па моры ўдаецца закрываць з дапамогай аквапаркаў, куды Саід выбіраецца раз-два на месяц. Там, кажа, плаваць і не трэба.
«Я ніколі не бачыў такіх прыгожых дзяўчат. Гэта не камплімент, гэта праўда»
Што да асабістага жыцця, то ў Саіда ёсць дзяўчына, беларуска. Пазнаёміліся яны ў агульнай кампаніі. Сядзець у сацсетках або карыстацца праграмамі для знаёмстваў не ягоны фармат, перапіскі хлопец цярпець не можа. Ды і часу няма: на працы ён звычайна прападае з раніцы да позняга вечара.
«Пазнаёміцца з дзяўчынай тут лёгка. А вось знайсці чалавека, які прыйдзецца да душы, які будзе стаяць за тваёй спінай, з кім будзеш думаць пра будучыню, вельмі складана».
Асобна Саід адзначае прыгажосць беларусак:
«Я ніколі не бачыў такіх прыгожых дзяўчат. Гэта не камплімент, гэта праўда. Такіх дзяўчат трэба цаніць, кахаць, не крыўдзіць. Яны проста цудоўныя».
У Емене дагэтуль прынята выходзіць замуж рана — каля 18‑ці гадоў, мужчыны жэняцца бліжэй да 25—30 гадоў. Так што звычайна ў пары ёсць розніца ва ўзросце. Дзяцей у сем'ях па-ранейшаму шмат: пяць-шэсць малых абсалютна нікога не здзівяць. Але сам Саід ад такіх традыцый ужо адыходзіць: лічыць, што аднаго-двух дзяцей цалкам дастаткова.
«Навошта больш? Занадта цяжка!»
Закранулі і тэму рэлігіі. Саід тлумачыць: не абавязкова, каб жонка была мусульманкай. Галоўнае, каб паважала яго рэлігію і культуру.
Сам ён паспеў палюбіць ад душы беларускую культуру — гэта тэма не раз усплывае ў размове. Любімым святам нечакана называе Дзень горада і толькі на другім месцы Новы год. А яшчэ Саід застаўся ў захапленні ад «Славянскага базару ў Віцебску».
«Там класна. Два тыдні былі — увогуле не сумна. Я быў бы гатовы нават начаваць на вуліцы, настолькі весела».
Праз некалькі месяцаў Саід будзе падаваць дакументы на беларускі пашпарт. Але ўжо цяпер паводзіць сябе як мясцовы: чытае беларускія навіны, серыялы глядзіць толькі на рускай мове. Адным з апошніх паглядзеў «Чарнобыль».
Акрамя кухні, адна з самых моцных «нітачак», якія дагэтуль моцна звязваюць з роднай культурай, — гэта цяжкі ўсходні парфюм. Яго Саід проста абажае, і менавіта яго блізкія часцей за ўсё адпраўляюць яму ў пасылках.
Напрыканцы спыталіся, што б ён сам адправіў родным з Беларусі.
«У іх там усё ёсць. Калі б мог, адправіў бы снег. Вось яго ў іх няма», — смяецца суразмоўца.