«Пішу яму лісты і аплачваю вучобу». Беларуска ўзяла пад апеку хлопчыка з Уганды
Ужо два месяцы Яўгенія (імя змененае) піша лісты незнаёмаму хлопчыку ва Уганду і пералічвае яму грошы на навучанне. 15‑гадовы Генры марыць стаць лекарам, але ў яго сям'і няма грошай на адукацыю. Яўгенія расказала выданню Most, чаму вырашыла стаць апякункай хлопчыка.

Яўгенія жыве ў Польшчы чатыры гады. Ужо некалькі гадоў яна час ад часу дапамагае дабрачынным праектам у Афрыцы. Пра гэтую ініцыятыву яна даведалася ад сваёй калегі. Тая перыядычна ездзіць у Афрыку і дапамагае мясцовым жыхарам.
«Як правіла, едуць туды на некалькі месяцаў. На данаты купляюць ложкі афрыканскім сем'ям. Там частыя паводкі, і праз гэта мэбля заўсёды робіцца непрыдатнай. Акрамя таго, дапамагаюць з лячэннем, ежай, канцыляркай».
Раней Яўгенія перавяла грошы на харчаванне і іншыя патрэбы дзяцей, а ў гэтым годзе ўпершыню ўзяла пад пастаянную апеку школьніка.
«Мая знаёмая сказала, што ёсць ужо двое дзяцей з Афрыкі, над якімі трэба ўзяць апеку. Дваіх пастаянна падтрымліваць фінансава яна не магла, але выбіраць паміж імі не хацелася. Выбераш аднаго, а другі што? Яна спытала, ці не хачу я далучыцца да дапамогі».
Яўгенія адразу пагадзілася. Яна падпісала дамову з фондам, які дапамагае афрыканскім дзецям. Дамова безлімітная. Яе можна скасаваць, калі апякун па нейкіх прычынах не зможа больш дапамагаць падапечнаму дзіцяці.
«Галоўнае — зрабіць гэта загадзя, каб не перарываць дапамогу і навучанне дзіцяці».
У межах гэтай дапамогі апякун мусіць быць на сувязі з дзіцем, пісаць яму матывацыйныя лісты і аплачваць навучанне ў школе.
«Там школьная адукацыя платная. І не ва ўсіх ёсць магчымасць вучыцца. Як правіла, дазволіць сабе вучобу ў школе могуць далёка не ўсе. Кожны месяц я пішу яму лісты і аплачваю вучобу — па 200 злотых штомесяц», — кажа беларуска.
У сям'і тры ложкі і два старыя матрацы
Бліжэй пазнаёміцца з падапечным Яўгенія змагла дзякуючы перапісцы. Хлопчык напісаў ёй сваю гісторыю.
15‑гадовы Генры жыве ў вёсцы на захадзе Уганды, разам са сваякамі ў драўляным доме. У сям'і ўсяго тры ложкі і два старыя матрацы, якія ім даводзіцца дзяліць. Бацькі зарабляюць выпадковымі падпрацоўкамі і невялікай гаспадаркай, але гэтых грошай недастаткова для ўсіх патрэб вялікай сям'і.
Генры — адзін з дзевяці дзяцей. Але двое яго братоў памерлі: аднаго збіла машына, другі памёр пяць гадоў таму пасля працяглай хваробы.
Не ўсе дзеці ў сям'і змаглі адвучыцца: хтосьці перарваў вучобу праз хваробу, хтосьці праз беднасць. Аднойчы бацьку нават прыйшлося прадаць частку зямлі, каб аплаціць лячэнне аднаго з сыноў.
Адзін брат падпаліў дом, другі — пагражаў расправай
Калі Генры быў маленькім, ягоны старэйшы брат, у якога былі сур'ёзныя псіхічныя праблемы, падчас адсутнасці бацькоў падпаліў дом. Хлопчык апынуўся ўсярэдзіне і атрымаў цяжкія апёкі. У бальніцы ён правёў больш за тры месяцы.
Сітуацыя ў сям'і заставалася небяспечнай: адзін са старэйшых братоў пагражаў Генры расправай. І тады мама аддала яго пад апеку дзядзькі, які трымаў дом для дзяцей-сірот. Там ён правёў пяць гадоў. Пасля закрыцця гэтага месца хлопчык пераехаў да бабулі і дзядулі, а пасля смерці дзядулі яго працягвала выхоўваць бабуля.
«Генры, нягледзячы на ўсё гэта, вельмі хоча атрымаць адукацыю — адвучыцца ў мясцовай школе, а потым паступіць ва ўніверсітэт і стаць доктарам. Яго мара — ратаваць людзей. І я буду шчаслівая, калі мой удзел яму ў гэтым дапаможа», — кажа Яўгенія.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары