БЕЛ Ł РУС

Беларускі дальнабойшчык скраў з шведскага порта кантэйнер з бананамі. А ў ім паўтары тоны какаіну на $156 мільёнаў

29.09.2026 / 19:50

Nashaniva.com

Кіроўцу фуры на літоўскіх нумарах затрымалі на пароме, які ішоў у Клайпеду. Разам з ім перад судом сталі яшчэ пяць чалавек.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

У Швецыі 35‑гадоваму грамадзяніну Беларусі выставілі абвінавачанне ў асабліва цяжкім нарказлачынстве. Паводле матэрыялаў следства, у маі 2025 года ён без дазволу забраў з порта Хельсінгборга рэфрыжэратарны кантэйнер з бананамі, у якім было схавана каля 1,5 тоны какаіну. Пра гэта паведаміла Мытная служба Швецыі (Tullverket).

14 мая 2025 года супрацоўнікі порта Хельсінгборга паведамілі мытнікам, што ў іх скралі рэфрыжэратарны кантэйнер. Паводле партовых сістэм, напярэдадні цягач з паўпрычэпам на літоўскіх нумарах пагрузіў кантэйнер і без дазволу паехаў з ім. Мытнікі высветлілі імя кіроўцы.

У той жа час імпарцёр садавіны знайшоў кантэйнер каля свайго тэрмінала ў Хельсінгборгу. Пломба была сарваная. Унутры засталіся бананы, але, паводле мытнікаў, месца там было значна больш, і частка грузу знікла. Пазней на стаянцы ў Ландскруне знайшлі два еўрапалеты і дзве пломбы.

«Мы разумелі, што трэба хутка затрымаць беларускага кіроўцу, пакуль ён не пакінуў краіны. Мы даведаліся, што цягач на літоўскіх нумарах знаходзіцца на пароме Nils Dacke, які выйшаў з Трэлеборга ў Карлсхамн. Перад тым як паром пакінуў гавань Стылерыд, каб ісці далей у Клайпеду, група мытнікаў паднялася на борт і затрымала 35‑гадовага кіроўцу ў рэстаране», — расказаў кіраўнік групы крымінальнага аддзела мытні «Поўдзень» Робін Шостад.

Паводле следства, фуру пераганялі на стаянку ў Ландскруне, дзе яе сустрэлі дзве машыны і перагрузілі наркотыкі. На запісе камеры відаць, як больш за 100 чорных мяшкоў пераносяць у белы арандаваны фургон. Мытнікі падлічылі, што ў кожным мяшку было 15 кілаграмаў какаіну — агулам каля 1500 кілаграмаў. Какаін завезлі ў кватэру ў Мальмё.

Праз некалькі дзён у кватэру ўламаліся і скралі частку какаіну. Пасля ўзлому там знайшлі амаль 232 кілаграмы наркотыкаў і такія ж пустыя чорныя мяшкі, як на відэа з Ландскруны.

Паводле ацэнкі мытнікаў, агульны кошт какаіну ў рознічным продажы — больш за $156 мільёнаў.

«Гэта жахліва вялікая колькасць какаіну. Пры гэтым трэба ўлічваць і ўсю шкоду, якую гэта наносіць нашаму грамадству: цяжкая арганізаваная злачыннасць і выдаткі на ахову здароўя», — сказаў Робін Шостад.

Абвінавачанні ў судзе Мальмё выставілі 12 лютага 2026 года. Па словах пракуроркі Карын Лундстрэм Крун, акрамя беларуса, у асабліва цяжкім нарказлачынстве абвінавачваюць трох грамадзян Нарвегіі 30, 33 і 18 гадоў, якіх звязалі з перагрузкай какаіну ў Ландскруне, і 32‑гадовага грамадзяніна Албаніі, у кватэры якога, паводле абвінавачання, захоўвалі какаін. Пракурорка патрабуе, каб пасля адбыцця пакарання ўсіх пяцярых выслалі са Швецыі і забаранілі ім вяртацца.

Шостага абвінавачанага, 32‑гадовага мужчыну, падазраюць у тым, што ён разам з іншымі ўламаўся ў кватэру ў Мальмё і скраў не менш за 270 кілаграмаў какаіну.

Чытайце таксама:

Беларуска ездзіла па Чарнагорыі адразу пад пяццю наркотыкамі

Аўстрыец ехаў у Беларусь з Літвы з какаінам, схаваным сярод цукерак

У іспанскай Валенсіі з'явіліся дзіўныя кірылічныя графіці. Беларус патлумачыў мясцовым, што яны азначаюць

Каментары да артыкула