БЕЛ Ł РУС

Заява Трампа аб перайменаванні штучнага інтэлекту выклікала бум інтэрнэт-даменаў у Славеніі

29.09.2026 / 15:44

Ідаля Салавей

Прапанова Дональда Трампа замяніць тэрмін «штучны інтэлект» на «суперінтэлект» прывяла да рэкорднага ўсплёску цікавасці да нацыянальнай даменнай зоны Славеніі — «.si». Як піша выданне Foreign Policy, за лічаныя дні краіна атрымала тысячы новых заявак на рэгістрацыю вэб-адрасоў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Michael M. Santiago / Getty Images

Падчас свайго выступу на Генеральнай Асамблеі ААН прэзідэнт ЗША заявіў, што ва ўсіх афіцыйных амерыканскіх дакументах тэхналогію варта перайменаваць у «суперынтэлект» (Super Intelligence, або скарочана — SI). Паводле слоў Трампа, слова «штучны» гучыць фальшыва, у той час як новая назва гучыць больш дакладна і пераканаўча.

Гэтая заява імгненна адбілася на інтэрнэт-прасторы Славеніі — краіны, адкуль родам жонка палітыка Меланія Трамп. Менавіта за гэтай невялікай еўрапейскай дзяржавай з насельніцтвам 2,1 мільёна чалавек замацаваны нацыянальны дамен першага ўзроўню «.si».

Калі звычайна мясцовы рэгістратар фіксаваў каля тысячы новых заявак на месяц, то адразу пасля прамовы Трампа сітуацыя рэзка змянілася. У першы ж дзень было зарэгістравана больш за 2000 новых адрасоў, а на наступны яшчэ звыш 4000. Такім чынам, агульная колькасць славенскіх даменаў упершыню ў гісторыі перасягнула адзнаку 200 тысяч, а вераснёвы паказчык перавысіў 10 тысяч рэгістрацый.

Камерцыйныя хостынг-правайдэры хутка зрэагавалі на новы трэнд. Літоўская кампанія Hostinger пачала прасоўваць дамены.si са слоганам: «AI цяпер называецца суперынтэлектам. Зарэгіструй свой дамен.si». Першы год карыстання такім адрасам кампанія прапануе за $11,99, наступныя — за $16,99.

Гэтая сітуацыя нагадвае гісторыю брытанскай заморскай тэрыторыі Ангілья, якая валодае даменам «.ai». Пасля выбуховага росту папулярнасці ChatGPT у 2022 годзе маленькая выспа зарабіла на продажы сваіх адрасоў тэхналагічным кампаніям каля 32 мільёнаў даляраў за год, што склала больш за 20% усіх даходаў яе бюджэту за год.

Ці атрымаецца ў Славеніі паўтарыць такі поспех, пакуль незразумела. ARNES, якая кіруе нацыянальным даменам, бярэ з рэгістратараў па 10 еўра за кожны зарэгістраваны адрас. Таму ў Register.si падкрэсліваюць, што размовы пра «мільённыя заробкі Славеніі» на новым ажыятажы не маюць рэальных падстаў. Пры гэтым уладальнікам гандлёвых марак, слоганаў і кампаній, якія яшчэ не маюць адпаведнага адраса ў зоне.si, там раяць зарэгістраваць яго як мага хутчэй.

Чытайце таксама:

Трамп заявіў, што ў ЗША створаць «Сілы ШІ» і прызначаць адказнага за развіццё штучнага інтэлекту

Трамп заявіў, што Месяц належыць ЗША

Пасля сустрэчы з Ціханоўскай прэм'ер Славеніі згадаў Беларусь з трыбуны Генасамблеі ААН

«Мы апярэджваем Кітай». Трамп выступіў супраць запаволення распрацоўкі штучнага інтэлекту

Каментары да артыкула