БЕЛ Ł РУС

Паведамленні, што ў кабіне пілотаў на борце з Дубая ў Тэль-Авіў пабіліся расіянін і ўкраінец, аказаліся фэйкам

30.09.2026 / 12:26

Nashaniva.com

Адзін пілот быў грамадзянінам ААЭ, а другі пілот — аманцам, якога падазраюць у спробе разбіць самалёт, піша Ynet. 

Кадры з борта самалёта

Першапачаткова медыя са спасылкаю на 12‑ы ізраільскі канал паведамлялі, што ў кабіне самалёта FlyDubai, які рэзка страціў вышыню, пабіліся расійскі і ўкраінскі пілоты. Аднак цяпер паведамляецца, што адзін пілот быў грамадзянінам ААЭ, а другі пілот — аманцам, якога падазраюць у спробе разбіць самалёт.

Паводле выдання Ynet, другі пілот з Амана напаў на эмірацкага камандзіра паветранага судна і параніў яго нажом. Следчыя мяркуюць, што ён мог паспрабаваць захапіць кіраванне і разбіць Boeing 737 MAX 8 са 174 пасажырамі, сярод якіх былі 27 дзяцей.

Спыніць нападніка, як сцвярджаецца, дапамаглі члены экіпажа, схаваны супрацоўнік бяспекі і некалькі пасажыраў. Іншыя пілоты, якія ляцелі гэтым рэйсам як пасажыры, дапамаглі пасадзіць самалёт.

Адна з пасажырак расказала тэлеканалу i24NEWS:

«Мы пачулі крыкі. Калі адчынілі кабіну, убачылі шмат крыві. Нехта ўдарыў пілота сцізорыкам».

Падчас інцыдэнту самалёт рэзка знізіўся прыкладна з 10 да 4,3 кіламетра. Экіпаж перадаў спачатку агульны сігнал бедства 7700, а пасля код 7500, які азначае незаконнае ўмяшанне або захоп самалёта.

Борт, які ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, развярнуўся і бяспечна прызямліўся ў Табуку ў Саудаўскай Аравіі. У FlyDubai пацвердзілі «інцыдэнт падчас палёту», але пакуль не раскрылі яго падрабязнасцяў. Усе пасажыры засталіся жывыя.

Ізраільскія сілавікі цяпер разглядаюць здарэнне як магчымы тэракт. Канчатковы матыў другога пілота пакуль не ўстаноўлены: правяраюцца як ідэалагічная, так і псіхалагічная версіі.

Афіцыйная версія не агучвалася.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула