Папулярнасць «Альтэрнатывы для Германіі» ўпершыню дасягнула 30%
Папулярнасць правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» упершыню дасягнула 30% па ўсёй Германіі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага сацыялагічным інстытутам INSA на замову газеты Bild.
Лідарка «Альтэрнатывы для Германіі» Аліса Вейдэль. Фота: Sean Gallup/Getty Images
У параўнанні з папярэднім тыднем падтрымка АдГ вырасла на адзін працэнтны пункт і склала 30%. Адначасова падтрымка кіроўнага блока ХДС/ХСС знізілася на адзін пункт — да 18%. Такім чынам, розніца паміж гэтымі палітычнымі сіламі павялічылася да 12 працэнтных пунктаў. Для ХДС і ХСС вынік у 18% стаў найніжэйшым за ўсю гісторыю.
Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі захавала 14% падтрымкі і цяпер адстае ад ХДС/ХСС на чатыры пункты. «Зялёныя» страцілі адзін пункт і таксама маюць 14%. «Левыя» захавалі паказчык у 10%.
Партыя BSW, раней вядомая як «Альянс Сары Вагенкнехт», павялічыла падтрымку з 3% да 4%. Вольная дэмакратычная партыя засталася на ўзроўні 4%. Такім чынам, абедзве партыі па-ранейшаму не пераадольваюць пяціпрацэнтны бар’ер, неабходны для праходжання ў Бундэстаг.
Апытанне INSA праводзілася з 28 верасня па 2 кастрычніка. У ім удзельнічалі 1202 выбаршчыкі, якіх апытвалі па тэлефоне і праз інтэрнэт.
Цяпер у Германіі абвастрылася крызісная сітуацыя ў кааліцыі ХДС/ХСС і СДПГ. Прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер быў вымушаны ўмяшацца ў спрэчкі паміж партнёрамі па ўрадавай кааліцыі, паколькі выказаў занепакоенасць адносна яе будучыні.
Іншыя апытанні паказвалі таксама нізкі ўзровень задаволенасці працай канцлера Фрыдрыха Мерца. Паводле яшчэ аднаго нядаўняга даследавання, калі б выбары ў Бундэстаг прайшлі ў бліжэйшую нядзелю, АдГ атрымала б найбольшую падтрымку ў Паўночным Рэйне — Вестфаліі, якая з'яўляецца роднай зямлёй Мерца.
Чытайце таксама:
У Еўропе ўжо думаюць, як будуць жыць без Мерца на чале Германіі
«Катастрофа». Партыя Мерца не прайшла ў парламент у Пярэдняй Памераніі