«Украіна дае вам крылы». Ва ўкраінскіх Вайскова-марскіх сілах з'явілася беларуская спецрота
У Вайскова-марскіх сілах Украіны з'явілася новае беларускае падраздзяленне — спецрота беспілотных лятальных апаратаў «Воля». Кіраўнічыя афіцэрскія пасады ўпершыню будуць займаць грамадзяне нашай краіны. Пра гэта выданню «Люстэрка» расказаў выканаўца абавязкаў камандзіра спецроты Мікіта Забуга. Інфармацыю пацвердзілі ў МЗС Украіны.
Мікіта Забуга. Фота: «Наша Ніва»
Спецрота «Воля» ўваходзіць у склад 447‑га асобнага батальёна Вайскова-марскіх сіл Украіны. Паводле слоў Мікіты Забугі (пазыўны Аксон), упор робіцца на працу з ударнымі беспілотнікамі, а таксама на сродкі супрацьпаветранай абароны.
«Мы будуем элітнае падраздзяленне, якое займаецца дып– і мідлстрайкамі, а таксама СПА. Тут атрымліваюць навыкі сучаснай вайны, якая ў першую чаргу заснаваная на ўдзеле аўтаматызаваных сістэм вядзення бою. Сёння гэта вайна дронаў, ракет і артылерыі», — адзначыў камандзір спецроты.
Паводле слоў Забугі, усе кіраўнічыя пасады (афіцэрскія і сяржанцкія) у спецроце будуць займаць беларусы. Ён падкрэслівае, што раней у беларускіх фармаваннях Узброеных сіл Украіны падобнай практыкі не было: пасады афіцэраў беларусы не займалі. Гэты факт «Люстэрку» пацвердзіў і пасол па асобых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор.
«Вайскова-марскія сілы Украіны пайшлі на такі эксперымент. Спадзяюся, беларусы змогуць скарыстацца дадзенымі магчымасцямі. Украіна дае вам крылы», — адзначыў украінскі дыпламат.
Скрыншот сайта беларускай спецроты «Воля» ў складзе ВМС Украіны. Крыніца: joinvola.army
Дакладную колькасць асабовага складу новай структуры Мікіта Забуга раскрываць не стаў. Аднак ён адзначыў, што камплектаванне працягваецца і рота ўжо прыступіла да выканання задач. Забуга дадае, што кандыдаты ў спецроту праходзяць жорсткі адбор.
«Добраахвотнікаў чакаюць тэставанне на паліграфе, псіхалагічныя праверкі і ацэнка стрэсаўстойлівасці. Мы шукаем не ўсіх — мы шукаем сваіх, хто разумее, што свабода не прыходзіць сама і за яе трэба змагацца», — рэзюмаваў выканаўца абавязкаў камандзіра «Волі».
Чытайце таксама:
Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?
«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне
Беларуская выстава адкрылася ў адным з найбольшых музеяў Кіева