Выстава «За нашу і вашу свабоду» праходзіць у Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне.

19 верасня ў Кіеве ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне, адкрылася выстава «За нашу і вашу свабоду». Яна знаёміць з беларускай нацыянальнай сімволікай, вайсковай формай і ўзнагародамі беларускага вызвольнага руху.
Адкрыццё адбылося ў Дзень беларускага нацыянальнага сцяга і герба, роўна праз 35 гадоў пасля гістарычных рашэнняў Вярхоўнага Савета, паведамляе рух «Воля» ў сваім фэйсбуку.
Экспазіцыя праводзіць наведвальнікаў праз розныя эпохі беларускай гісторыі: ад Полацкай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага, праз Беларускую Народную Рэспубліку, Слуцкі збройны чын і беларускія вайсковыя фармаванні ХХ стагоддзя, да сучаснага змагання за вольную Беларусь.
На выставе прадстаўленыя гістарычныя і сучасныя сцягі, праекты дзяржаўнай сімволікі, нацыянальнай сістэмы ўзнагарод, праект пашпарта вольнай Беларусі, а таксама сімволіка і форма будучага беларускага войска. Экспазіцыйныя стэнды дапаўняюць маніторы з інфармацыйнымі матэрыяламі. У актавай залі музея адбылася лекцыя пра гісторыю беларускіх нацыянальных сімвалаў.
На адкрыцці выступілі старшыня Геральдычнай рады «Пагоня» і беларускі добраахвотнік Мікіта Забуга, а таксама сябра гэтай рады Алесь Чайчыц. Украінскія ўдзельнікі падзякавалі беларускім добраахвотнікам, якія бароняць незалежнасць Украіны. Памяць загінулых беларускіх ваяроў ушанавалі хвілінай маўчання.
Сярод гасцей былі байцы роты «Воля», чальцы руху «Воля» і руху «Каліноўцы». Выставу таксама наведаў Яраслаў Чарнагор, пасол па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.



Каментары