БЕЛ Ł РУС

Мікола Дзядок выдаў кнігу пра тэхналогіі контррэвалюцыі

7.10.2026 / 22:36

Nashaniva.com

Былы палітвязень Мікола Дзядок паведаміў у сацсетках пра выхад сваёй кнігі пад назвай «Тэхналогіі контррэвалюцыі». Ягоная ўжо другая пасля выхаду з-за кратаў кніга (першая была пра гродзенскую турму) выйшла ў выдавецтве «Камунікат».

«Дзяржаўны апарат змог перамагчы ў 2020 годзе ў значнай ступені таму, што людзі, якія сутыкнуліся з рэпрэсіўным інструментарыем, нічога пра яго не ведалі. І былі не толькі напужаныя гэтым невядомым арсеналам, але і не ведалі, што яму супрацьпаставіць.

Улада, як бачым, праяўляецца не толькі ў дубінках, яна праяўляецца ў тым ліку ў манаполіі на веды.

У гэтай кнізе я пастараўся, наколькі мог рознабакова, разглядзець усе метады, сродкі і падыходы, якімі аўтарытарная дзяржава распраўляецца з грамадзянскай супольнасцю, пратэстам і самаарганізацыяй. У аднайменным эсэ я каталагізаваў і даў прыклады літаральна па ўсіх элементах гэтай разбуральнай працы: ад катаванняў да медыйных скандалаў. Ад адзіночных камер да распаўсюду чутак. Бо ва ўсіх у іх адна мэта — захаванне кантролю.

У ёй ёсць як больш мастацкія эсэ (напрыклад, «Дзяржава-ферма» — метафара аб тым, чаму Лукашэнка не збіраецца сыходзіць, нават калі 99% беларусаў прагаласуюць супраць яго), гэтак і больш даследчыя, як ужо згаданыя «Тэхналогіі контррэвалюцыі» і эсэ «Сямейныя каштоўнасці і аўтарытарызм» — аб тым, з якой мэтай рэжым так зацята прапагандуе гэтыя самыя сямейныя каштоўнасці (спойлер: да сям’і як каштоўнасці ім справы няма).

Крыху асобна ад усіх стаіць фінальнае эсэ: мой шчыры расповед пра 15 гадоў супрацьстаяння з ГУБАЗіКам. Многае з таго, што я там выклаў, я яшчэ ніколі і нідзе не казаў», — прадстаўляе сваю кнігу аўтар.

Неўзабаве плануюцца прэзентацыі гэтай кнігі: 24 кастрычніка ў Беластоку, 25‑га — у Варшаве, а 7 лістапада — у нямецкім Брэмене. Спіс прэзентацый, як абяцае Мікола Дзядок, будзе папаўняцца.

Чытайце таксама:

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

Мікола Дзядок расказаў, як сукамернік-крымінальнік зрабіў яго беларускамоўным

Мікола Дзядок выпусціў кнігу пра гродзенскую турму

Каментары да артыкула