БЕЛ Ł РУС

Былая палітзняволеная расказала пра цяжкі псіхалагічны стан адной са сваіх сябровак

9.10.2026 / 18:45

Nashaniva.com

Былая палітзняволеная Яна Пінчук, вызваленая сёлета 15 верасня, расказала пра цяжкі псіхалагічны стан палітзняволенай Марыны Леановіч, піша «Вясна».

Марына Леановіч

«Марына і я былі разам да майго памілавання. У яе вельмі нестабільны псіхалагічны стан, і яна знаходзілася ў бяспечным памяшканні, бо яе пераследавалі думкі пра самагубства», — напісала Яна Пінчук у сацыяльных сетках.

Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна мінчанка. Пасля школы адвучылася ў БДУІР на метролага. Адразу па размеркаванні дзяўчына пайшла працаваць у EPAM, дзе была франтэнд-распрацоўшчыцай (чалавек, які распрацоўвае тую частку праграмы, якую бачыць карыстальнік).

Таксама Марына займалася творчасцю. Напрыклад, пісала артыкулы для беларускай Вікіпедыі, рабіла ілюстрацыі ды перакладала на беларускую мову, а яшчэ пісала вершы. Усе сацсеткі дзяўчына вяла па-беларуску, але пад псеўданімамі.

Пасля пачатку вайны Марына паехала жыць у Грузію і асела ў Тбілісі. Дзяўчына захапляецца прыродай і фатаграфавала ды ідэнтыфікавала віды раслін ці насякомых, якія знаходзіла падчас вандровак.

Пра затрыманне Марыны напісалі ў твітары ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь. 14 студзеня 2025 года яна была асуджаная на 5 гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

Беларускамоўнай айцішніцы з EPAM, якая вярнулася з Грузіі, пагражае да дзесяці гадоў калоніі

Выйшла Яна Пінчук — адміністратарка тэлеграм-каналаў, якую экстрадавалі з Расіі і якой прысудзілі 12 гадоў

Яну Пінчук адправілі на 15 сутак у ШІЗА пасля размовы ў калоніі з Артурам Гайко

Каментары да артыкула