БЕЛ Ł РУС

У ЗША жанчына вырасціла гіганцкі кабачок вагой з дарослага чалавека

9.10.2026 / 21:19

Nashaniva.com

Фельчарка Сара Віці са штата Мэн у ЗША вырасціла гіганцкі кабачок даўжынёй каля 120 сантыметраў і вагой 77,1 кілаграма. Дзякуючы гэтаму яна ўстанавіла адразу два рэкорды, піша The Washington Post.

Жанчына назвала свайго кабачковага рэкардсмена Сакратарыятам. Ён стаў самым цяжкім кабачком у ЗША, пераўзышоўшы папярэдні рэкорд, які складаў 69,2 кілаграма. Акрамя таго, плод перасягнуў папярэдні рэкорд Паўночнай Амерыкі: у Канадзе раней вырасцілі кабачок вагой 73,9 кілаграма.

Сара займаецца вырошчваннем гіганцкай гародніны з 2013 года. Акрамя кабачкоў, яна вырошчвае гарбузы і памідоры. У мінулым годзе яе кабачок важыў каля 73,7 кілаграма, але яго дыскваліфікавалі праз невялікую расколіну. Паводле правіл спаборніцтваў, любыя расколіны і трэшчыны на пладах могуць стаць прычынай дыскваліфікацыі.

Сёлета рэкорд таксама быў пад пагрозай. У маі ў Сары было тры кабачкі, але два з іх парэпаліся. Трэці плод мог пацярпець праз моцную буру з вялікай колькасцю ападкаў. Лішак вільгаці выклікае рэзкае паскарэнне росту кабачкоў, з-за чаго яны могуць расколвацца. Каб абараніць Сакратарыята, жанчына накрыла расліну брызентам, што дапамагло запаволіць яе рост.

Цяпер Сара плануе сабраць насенне рэкардсмена, каб у наступным годзе вырасціць яшчэ большы кабачок. Частку насення яна пакіне сабе, а астатняе раздасць іншым аматарам садоўніцтва.

«Для мяне найважнейшае — захаваць яго генетыку і распаўсюдзіць яе па ўсім свеце», — сказала жанчына.

У наступным годзе Сара спадзяецца наблізіцца да сусветнага рэкорду. Найцяжэйшы кабачок у гісторыі вырасціў брытанец Вінцэнт С'ёдзін у 2021 годзе: яго плод важыў 116,4 кілаграма.

Сакратарыята ж Сара ўрэшце плануе аддаць на корм свінням.

Чытайце таксама:

У Ваўкавыскім раёне жанчына вырасціла гіганцкі агурок ФОТАФАКТ

Жыхар Гродна вырасціў гіганцкі гарбуз — 150 кілаграмаў

Жыхар Добруша знайшоў у лесе гіганцкі баравік ФОТАФАКТ

Беларус вырасціў гіганцкі кавун вагой 42 кг і правёў яго дэгустацыю

Каментары да артыкула