БЕЛ Ł РУС

Новы ўкраінскі закон мае спрасціць жыццё беларусам, якія засталіся без дзейных дакументаў

10.10.2026 / 16:17

Nashaniva.com

Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны апублікавала законапраект аб зменах у заканадаўства, якія тычацца дакументавання замежнікаў і асоб без грамадзянства. У тым ліку ён прадугледжвае рашэнні для людзей, якія не могуць атрымаць або абмяняць пашпарты праз спыненне дзейнасці дыпламатычных прадстаўніцтваў іхніх краін ва Украіне. Праект закранае і грамадзян Беларусі, піша Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Паводле прапанаваных змен, у вызначаных законам выпадках беларусы змогуць абменьваць пасведчанні на часовае жыхарства нават з пратэрмінаванымі пашпартамі. Таксама плануецца дазволіць афармленне пасведчанняў на пастаяннае жыхарства з пратэрмінаваным пашпартам, а ў асобных сітуацыях — нават з копіяй страчанага пашпарта, калі раней ён ужо падаваўся ў міграцыйную службу.

Калі пасведчанне будзе аформленае паводле новага парадку, чалавек зможа законна заставацца ва Украіне і пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

Місія дэмакратычных сіл Беларусі падтрымлівае гэты законапраект і накіравала ў Дзяржаўную міграцыйную службу дзве канкрэтныя прапановы.

Першая — пашырыць магчымасць выкарыстоўваць пратэрмінаваны пашпарт пры атрыманні дазволу на іміграцыю на сямейнікаў грамадзян Украіны. Гэта тычыцца мужа або жонкі пасля двух гадоў шлюбу, дзяцей і бацькоў.

Другая прапанова — звязаць дзеянне спецыяльнага парадку не з тэрмінам ваеннага становішча, а з фактычнай адсутнасцю консульскіх паслуг выдачы і абмену пашпартоў. Завяршэнне ваеннага становішча само па сабе не азначае, што такія паслугі будуць адноўленыя.

Асобных змен для людзей, якія не маюць дзейных дакументаў і раней не прайшлі першасную легалізацыю ва Украіне, місія ў межах гэтага законапраекта не прапаноўвала. Іхняя сітуацыя патрабуе асобнага абмеркавання і, верагодна, спецыяльнай працэдуры ўстанаўлення асобы і дакументавання, а не толькі дадатковага выключэння для ўладальнікаў пратэрмінаваных пашпартоў.

Чытайце таксама:

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне

Павел Шурмей агучыў пытанні каліноўцаў адносна спецроты «Воля»

«Украіна дае вам крылы». Ва ўкраінскіх Вайскова-марскіх сілах з'явілася беларуская спецрота

Каментары да артыкула