Былы камандзір Палка Каліноўскага Павел Шурмей, які цяпер з'яўляецца палітычным прадстаўніком палка, звярнуўся да пасла па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны Яраслава Чарнагора з пяццю пытаннямі ў сувязі са стварэннем беларускай спецроты «Воля» ў складзе Вайскова-марскіх сіл Украіны.

Шурмей падкрэслівае, што беларускія вайскоўцы, якія ўжо ваююць ва Украіне, не выступаюць супраць з’яўлення новых падраздзяленняў і лічаць канкурэнцыю карыснай. Аднак, на яго думку, яна павінна адбывацца ў празрыстых і зразумелых для ўсіх умовах. Таму ён задае Яраславу Чарнагору пяць пытанняў.
Першае пытанне тычыцца таго, хто і на якім узроўні прыняў рашэнне аб стварэнні новай беларускай спецроты БПЛА: ці мае гэта рашэнне сістэмны характар і ці прымалася яно на ўзроўні палітычна-вайсковага кіраўніцтва Украіны.
Калі ж гаворка толькі пра эксперымент, то паводле якіх крытэрыяў будуць вызначаць яго паспяховасць і ці могуць вынікі паўплываць на стаўленне да іншых беларускіх добраахвотнікаў?
Другое пытанне датычыцца прынцыпаў адбору людзей, якім даручана кіраваць новай ротай.
Шурмей цікавіцца, чаму гэтую працу не даручылі беларусам з вялікім баявым досведам, у тым ліку ў сферы БПЛА. Па яго словах, сёння многія з беларускіх вайскоўцаў маюць практычны досвед баявой працы, планавання аперацый і кіравання.
У той жа час выканаўцам абавязкаў камандзіра новай спецроты, якая прэтэндуе на статус элітнай, прызначылі Мікіту Забугу — чалавека, які, як сцвярджаецца ў звароце, меў крыху больш за месяц досведу працы лагістам роты БПЛА. У сувязі з гэтым Павел Шурмей хоча ведаць, сталі падставай для такога прызначэння вайсковая адукацыя, досвед сучаснай вайны, арганізацыйныя здольнасці або рэпутацыя сярод вайскоўцаў.
Трэцяе пытанне звязанае з заявай пра тое, што беларусы нарэшце пачнуць атрымліваць афіцэрскія пасады.
Ці будзе гэта азначаць афіцыйнае прызначэнне на афіцэрскія пасады з адпаведнымі правамі, абавязкамі і юрыдычнай адказнасцю, ці беларусы і надалей будуць фармальна лічыцца салдатамі або снайперамі, фактычна пры гэтым выконваючы афіцэрскія функцыі, цікавіцца Шурмей. Ён сцвярджае, што такая сітуацыя разыходжання фармальнага і фактычнага вельмі распаўсюджаная ў беларускіх падраздзяленнях і раней, і цяпер. Калі ж зараз сітуацыя зменіцца і плануецца афіцыйнае прызначэнне беларусаў на афіцэрскія пасады, то як будзе выглядаць гэтая працэдура, паводле якіх крытэрыяў яна будзе ажыццяўляцца і ці распаўсюдзіцца на іншыя падраздзяленні?
Чацвёртае пытанне тычыцца заяў пра пачатак працы з далёкімі і сярэднімі ўдарнымі беспілотнікамі.
Павел Шурмей спасылаецца на досвед беларускіх спецыялістаў па БПЛА, якія служаць ва Узброеных сілах Украіны, і сцвярджае, што якасная падрыхтоўка тэхнічнага персаналу займае не менш за шэсць месяцаў. Для паўнавартаснага кіравання БПЛА аператыўнага ўзроўню, паводле яго слоў, патрэбныя не толькі навучанне, але і не менш за два гады агульнага баявога досведу. Ён адзначае, што беларусаў з такім узроўнем кампетэнцый няшмат, і пытаецца, хто будзе навучаць асабовы склад новай роты і забяспечваць яе падрыхтоўку, каб яна была элітнай не толькі па назве.
Пятае пытанне звязанае з праблемамі легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў.
У сувязі са стварэннем новай роты заяўлялася, што павелічэнне колькасці беларусаў у войску можа дапамагчы вырашыць праблемы з легалізацыяй, выдачай дакументаў, аднаўленнем страчаных пашпартоў, выплатамі, навучаннем і іншымі пытаннямі. Аўтар звароту ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць такога падыходу, паколькі, паводле яго слоў, праблемы беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць з 2022 года, да гэтага часу вырашаюцца вельмі павольна альбо застаюцца нявырашанымі.
У выніку Павел Шурмей ставіць пытанне, што павінна быць першасным: стварэнне неабходных юрыдычных умоў для ўзнікнення новых беларускіх і іншых падраздзяленняў альбо стварэнне новых падраздзяленняў у разліку на тое, што гэта ў будучыні падштурхне дзяржаву да заканадаўчых змен. Аўтар адзначае, што неабходныя змены не адбыліся на працягу больш чым чатырох гадоў.
«Украіна дае вам крылы». Ва ўкраінскіх Вайскова-марскіх сілах з'явілася беларуская спецрота
Што за Беларуская вызвольная армія, чый знак заўважылі ў звароце Зяленскага з ультыматумам да Лукашэнкі?
Мікіта Забуга атрымліваў узнагароду ад Ціханоўскай у пагонах падпалкоўніка. Ён расказаў, як так
Экс-камандзір Палка Каліноўскага Павел Шурмей пакінуў пасаду і заявіў, што падраздзяленне ўжо не з'яўляецца палком па колькасці
Каліноўцы заснавалі грамадскую арганізацыю і актывізуюць палітычную дзейнасць
Статкевіч заклікаў еўрапейцаў стварыць і ўзброіць Беларускі добраахвотніцкі корпус
Каментары
.ПКК гэта Гісторыя 2022 мабыць да сярэдзіны2023 да " цытадэль бахмут" мабыць дзе ..і скончылась і дабраахвотнікі таксама
Далей гэта звычайная гісторыя .......украінская