У Беларусі створаць адзіны рэестр экспедытараў
Да 1 красавіка 2027 года ў Беларусі павінны стварыць дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Адзіны рэестр экспедытараў». Яго ўладальнікам і аператарам вызначаная Транспартная інспекцыя.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі замацоўвае патрабаванні да экспедытараў і вызначае парадак уключэння звестак пра іх у рэестр, прыпынення дзеяння гэтых звестак і выключэння з рэестра за парушэнне ўстаноўленых патрабаванняў.
Уключэнне звестак у рэестр будзе платным і каштаваць 10 базавых адзінак. За ўнясенне змен трэба будзе заплаціць адну базавую адзінку.
З 1 верасня 2027 года наяўнасць звестак пра экспедытара ў рэестры стане абавязковай умовай для працы на рынку транспартна-экспедыцыйных паслуг.