Кітай імкнецца стаць сусветным лідарам у галіне нейраінтэрфейсаў
Кітай мае намер стаць сусветным лідарам у распрацоўцы нейраінтэрфейсаў — тэхналогій, якія дазваляюць чалавечаму мозгу непасрэдна ўзаемадзейнічаць з камп’ютарамі, пратэзамі і іншымі электроннымі прыладамі. Як піша The Economist, нейраінтэрфейсы становяцца новым кірункам тэхналагічнага суперніцтва паміж Кітаем і ЗША.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Kevin Frayer/Getty Images
Пекін уключыў нейратэхналогіі да ліку прыярытэтных галін новай пяцігодкі на 2026—2030 гады. Сярод іншых прыярытэтаў — квантавыя вылічэнні, гуманоідная робататэхніка і тэрмаядзерная энергетыка.
У Кітаі ўжо працуюць сотні стартапаў і тысячы пастаўшчыкоў, якія займаюцца распрацоўкай і вытворчасцю нейраінтэрфейсаў.
NeuroXess — адна з вядучых кітайскіх кампаній у галіне цалкам бесправадных мазгавых імплантаў. Яна ўжо праводзіла клінічныя выпрабаванні.
StairMed распрацоўвае нейраімпланты і атрымлівае падтрымку тэхналагічнага гіганта Alibaba. Кампанія NeuCyber займаецца імплантаванымі нейраінтэрфейсамі пры дзяржаўнай падтрымцы. BrainCo вырабляе неінвазіўныя прылады і біянічныя пратэзы, якімі можна кіраваць з дапамогай электрычных сігналаў, што счытваюцца з арганізма.
Адначасова развіваецца рынак неінвазіўных нейратэхналогій. Каля 20‑ці кітайскіх кампаній ужо прадаюць пераносныя прылады — ад сістэм маніторынгу сну да гульнявых інтэрфейсаў, якія выкарыстоўваюць электрычную актыўнасць мозгу.
Кітай фармуе цэлую дзяржаўную экасістэму для развіцця гэтай галіны, якая ўключае фінансаванне, рэгуляванне, медыцынскую інфраструктуру і падрыхтоўку спецыялістаў.
Напрыклад, восенню 2026 года Цяньдзіньскі ўніверсітэт пачынае навучанне першых студэнтаў па асобнай бакалаўрскай праграме, прысвечанай нейраінтэрфейсам.
Кітай імкнецца прымяніць у нейратэхналогіях той жа падыход, які раней выкарыстоўваў у сферах электрамабіляў, акумулятараў і робататэхнікі: ператварыць перспектыўны навуковы кірунак у маштабную прамысловую галіну.
Калі амерыканская кампанія Neuralink Ілана Маска стала адным з сімвалаў тэхналагічнага прарыву ў гэтай сферы, то Кітай робіць стаўку на стварэнне цэлай індустрыі, здольнай масава вырабляць падобныя прылады для сусветнага рынку.
Чытайце таксама:
Хутка кожны зможа мець шапку, якая чытае думкі
Улады ЗША не дазволілі пачаць тэставанне на людзях прылады кампаніі Neuralink Ілана Маска
35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35