БЕЛ Ł РУС

«Не дала я спаліць тыя паперы». Як у Парэччы выратавалі царкоўны архіў са спісамі рабочых фабрыкі Скірмунтаў і жыхароў 13 вёсак

14.10.2026 / 19:58

Nashaniva.com

У савецкія часы ў двары царквы ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна дзеці расклалі вогнішча і збіраліся кінуць у яго стосы старых пажаўцелых дакументаў. Паперы прыцягнулі ўвагу мясцовай жыхаркі, настаўніцы Парэцкай школы Антаніны Сідарук, якая вырашыла аднесці гэтыя старыя дакументы дадому. Пазней высветлілася, што сярод іх аказаліся спісы жыхароў 13 вёсак, а таксама рабочых знакамітай суконнай фабрыкі Скірмунтаў. Пра тое, як некалькі стосаў паперы з вясковага вогнішча ператварыліся ў каштоўную крыніцу па гісторыі Піншчыны, расказвае на Budzma.org Мікалай Заяц.

Антаніна Паўлаўна Сідарук разам з выратаванымі дакументамі. Якасць выявы палепшана пры дапамозе штучнага інтэлекту. Крыніца: часопіс «Архівы і справаводства», № 3, 2014, с. 61

Стосы пажаўцелых папер ля вогнішча

Гісторыю выпадковага выратавання дакументаў апісаў у 2014 годзе гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў у артыкуле «Архіўныя багацці скірмунтаўскага Парэчча», надрукаваным у часопісе «Архівы і справаводства». У ім Антаніна Сідарук згадвала, як аднойчы ўбачыла каля мясцовай царквы дзяцей, якія збіраліся паліць старыя паперы.

«Не дала я спаліць тыя паперы, як Плюшкін, прынесла іх дахаты, хоць маці і абуралася», — расказвала яна архівістам.

Дакладнага года гэтай гісторыі ў публікацыі няма — вядома толькі, што адбылося гэта яшчэ ў савецкі час.

Антаніна Паўлаўна не была выпадковай збіральніцай старасвеччыны. Карэнная парачанка, яна скончыла мясцовую школу, а пасля сама шмат гадоў у ёй працавала: была старшай піянерважатай, выхавацелькай групы падоўжанага дня, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, урэшце — дырэктаркай. Усё, што мела дачыненне да гісторыі Парэчча, а таксама да лёсу вучаніцы Парэцкай школы Яўгеніі Янішчыц — яна рупліва збірала для школьнага музея.

Сама Сідарук з усмешкай называла гэта «плюшкінствам»: «Нічога не выкідаю, усё нясу ў музей». Менавіта дзякуючы такой звычцы не зніклі і паперы з царкоўнага двара.

Царква ў Парэччы, 1915—1918 гг. Фота з Вікіпедыі

Што было ў выратаваных дакументах?

Пра незвычайную знаходку супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі даведаліся ад даследчыка гісторыі Скірмунтаў Алеся Смаленчука. У сакавіку 2014 года архівісты выправіліся ў Пінскі раён, каб пазнаёміцца з Антанінай Сідарук і вызначыць паходжанне папер, якія яна захоўвала. Высветлілася, што гэта фрагмент архіва Парэцкай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы. Сярод дакументаў захаваліся спаведныя і кліравыя ведамасці Парэцкай і Атоўчыцкай цэркваў за 1846—1925 гады.

Геаграфія дакументаў ахоплівае Альшанку, Атоўчыцы, Велясніцу, Закуцце, Каралін, Кротава, Мерчыцы, Навасёлкі, Поўкацічы, Парэчча, Рудку, Скарацічы і Цвярдоўку. У ведамасцях пазначаліся жыхары, іх узрост і поўны склад сем’яў.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўжо захоўваліся метрычныя кнігі Парэцкай царквы за 1798—1930 гады і Атоўчыцкай — за 1798—1877 гады, у якіх можна адшукаць запісы пра нараджэнне, шлюб ці смерць чалавека. Выратаваныя Сідарук ведамасці дадаюць да гэтага іншы зрэз — склад сям’і ў пэўны момант часу. Напрыклад, узрост чалавека дазваляе прыблізна вылічыць год нараджэння, імёны родзічаў — знайсці наступнае пакаленне, а назва вёскі — зразумець, у якім прыходзе працягваць пошук. Для невялікіх палескіх вёсак, дзе адны і тыя ж прозвішчы сустракаюцца ў некалькіх сем’ях, такая інфармацыя асабліва каштоўная.

Антаніна Сідарук сама добра разумела магчымасці такіх дакументаў. Яна вывучала радавод Яўгеніі Янішчыц і, паводле ўспамінаў архівістаў, магла расказаць, хто з жыхароў Парэчча і ў якой ступені даводзіцца адзін аднаму сваяком. Але ў выратаваных паперах знайшлася яшчэ адна катэгорыя запісаў, якая выводзіць гісторыю за межы звычайнай вясковай генеалогіі.

215 мясцовых рабочых і два замежнікі

На асобных аркушах былі пазначаныя рабочыя і іх родзічы з суконнай фабрыкі Скірмунтаў — вядомага прадпрыемства, што дало першую прадукцыю роўна 190 гадоў таму, у 1836-м. Прадпрыемства спачатку было невялікім, але хутка разраслося: паводле даследавання Алеся Смаленчука, ужо ў 1843 годзе тут працавалі два замежныя спецыялісты і 215 мясцовых рабочых. А ў 1859-м — 16 майстроў і 382 рабочыя, якія за год вырабілі каля 120 тысяч аршынаў сукна. Пры фабрыцы Скірмунт пабудаваў дамы на 90 кватэр для сямейных работнікаў, інтэрнаты, утрымліваў лекара і шпіталь на 12 ложкаў, дзейнічала вучылішча для дзяцей.

Ёсць у фабрычнай гісторыі і зусім невялікія чалавечыя сюжэты. Адзін з замежных майстроў — француз Ксаверы Маўрос — прыехаў разам з жонкай у Парэчча ў ліпені 1844 года. Напрыканцы года ён звярнуўся да ўладаў з просьбай дазволіць яму застацца пры фабрыцы на пастаяннае жыхарства. Замежныя спецыялісты не толькі працавалі самі, але і павінны былі рыхтаваць майстроў з мясцовых жыхароў.

Парэчча, маёнтак Скірмунтаў. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Польшчы

Такія лічбы добра паказваюць маштаб прадпрыемства. Але статыстыка амаль заўсёды пакідае людзей безыменнымі: «215 рабочых», «382 рабочыя», «майстры». Царкоўныя ведамасці дазваляюць зрабіць адваротнае — вярнуць гэтай колькасці імёны, узрост, сем’і і месца жыхарства.

Паперы, якія павінны былі знікнуць

Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Антаніне Сідарук расказалі пра магчымыя варыянты далейшага захавання дакументаў. Яна без ваганняў прапанавала перадаць іх на дзяржаўнае захаванне.

Архівісты асобна адзначалі, што падобныя дакументы маюць значна большую каштоўнасць, калі захоўваюцца не паасобку ў прыватных калекцыях, а як частка аднаго комплексу. Тады спаведныя ведамасці можна супастаўляць з метрычнымі кнігамі, іншымі царкоўнымі дакументамі і матэрыяламі пра саму фабрыку.

Парэцкую суконную фабрыку можна згадваць праз 190‑гадовы юбілей яе прадукцыі, уладальнікаў Скірмунтаў, замежных майстроў, паравыя машыны і вялізныя каменныя карпусы на беразе Ясельды. Але ў некалькіх пажаўцелых царкоўных ведамасцях засталася іншая гісторыя — імёны людзей, якія працавалі на гэтай фабрыцы, і іх сваякоў. І сёння гэтыя дакументы даступныя даследчыкам таму, што калісьці ў двары закінутай царквы Антаніна Сідарук не прайшла міма вогнішча.

Чытайце таксама:

Страчвала прытомнасць ад голаду, зарабляла на жыццё масажам — захапляльныя факты з біяграфіі Алаізы Пашкевіч, якой сёння 150 гадоў

Польская даследніца беларускай ідэнтычнасці марыць пра помнік «кулаку» ў Мінску і чакае, калі Беларусь зноў адкрыецца свету

Смалянчук пра БНР: Адна і тая ж падзея можа быць і перамогай, і адначасна — няўдачай

«Продкі вадзілі сяброўства са Скірмунтам». Беларус склаў радавод, які ўжо налічвае 1900 чалавек — як у яго атрымалася?

Перавыдадзена кніга пра кіраўніка ўрада БНР Рамана Скірмунта

Каментары да артыкула