Смалянчук пра БНР: Адна і тая ж падзея можа быць і перамогай, і адначасна — няўдачай
25 сакавіка ў Музеі Вольнай Беларусі прафесар і доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук распавядаў пра паразы і перамогі Беларускай Народнай Рэспублікі. «БНР не стала дзяржавай, але гісторыя на гэтым не заканчваецца», — сцвердзіў выступоўца. Сустрэча з гісторыкам на Дзень Волі сабрала поўную залу. «Белсат» пабываў на імпрэзе.

«Ведаеце, гісторыя — такая рэч, якая ніколі не сканчаецца. Нешта прайшло, а потым прыходзіць час, калі раптам адчуваеш, што тое, што было калісьці, жыве амаль што тут. Гісторыкаў часта папракаюць, што яны ўвесь час перапісваюць гісторыю. Але гэта нармальны, непазбежны, заканамерны працэс, калі, канешне, у гэта не ўмешваецца дзяржава. Бо ў кожнага новага пакалення — свае пытанні. І так будзе: праз нейкі час тэма абвяшчэння БНР будзе гучаць па-новаму. Таму і кажу: гісторыя — рэч, якая не мае заканчэння. Заканчэнне яе недзе ў будучыні, як бы парадаксальна гэта ні гучала», — казаў на самым пачатку Аляксандр Смалянчук.
«Акт роспачы» і «акт будучыні Беларусі»
Выступоўца ўспамінаў, як у 2004 годзе падчас навуковай канферэнцыі, прысвечанай разгрому партыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (1927), ён запытаў удзельнікаў: «Якую падзею беларускай гісторыі XX стагоддзя вы лічыце самай вялікай перамогай, а якую — найвялікшай паразай?» Смаленчуку запомніўся адказ гісторыка Алега Латышонка. Аўтар «Жаўнераў БНР» на пытанне пра перамогу адказаў: «Канешне, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі!». Перад тым, як назваць самую вялікую паразу, задумаўся. І пасля паўзы выдаў: «Абвяшчэнне БНР…».
«Гучыць парадаксальна. Незразумела, чаму так. Але вось пра гэта і варта размаўляць: чаму адна і тая ж падзея можа быць і перамогай, і адначасна — няўдачай», — разважаў Аляксандр Смалянчук.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года Смалянчук разглядае, з аднаго боку, як «акт роспачы» (надзеі на стварэнне супольнай дзяржавы з Літвой рассейваюцца, бо немцы ўжо прызналі самастойнасць Літвы), з другога — як «акт будучыні фактычнай Беларусі».
«БНР не стала дзяржавай, але адыграла велізарную ролю, бо стала, між іншым, адным з важных чыннікаў, якая прымусіла бальшавікоў стварыць ССРБ — Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь, як першапачаткова яна называлася… Гэта вельмі важная пераемнасць. Сёння пра гэта не хочуць казаць. Але я ўпэўнены, што і Украінская ССР паўстала толькі таму, што да гэтага была УНР, быў гетманат Скарападскага, была барацьба за дзяржаўнасць.
Бальшавікі нікому так проста нічога не давалі. Вы змагаліся за дзяржаву? Добра, даём вам дзяржаву — ССРБ, БССР. Мы разумеем, канешне, што гэта была за «дзяржава». Тым не менш, гэта было вельмі важна, бо БССР стала асновай Рэспублікі Беларусь. Тут ёсць непасрэдная пераемнасць…» — разважаў Аляксандр Смалянчук.
«Стаяць на глебе дэмакратычнай Беларусі»
Пазней, цытуючы «трохі сумны» верш Янкі Купалы «І прыйдзе» («І прыйдзе новых пакаленняў На наша месца грамада»), напісаны ўжо за часамі БССР, Смалянчук падкрэсліць, што абвяшчэнне БНР — гэта быў «крок у будучыню, крок у Рэспубліку Беларусь, і нават далей». А незалежная Рэспубліка Беларусь 1991 года з сімваламі БНР — бел-чырвона-белым Сцягам і гербам Пагоня — «была перамогай і вяртаннем Беларускай Народнай Рэспублікі».

«Вось нашая пераемнасць і нашая традыцыя — БНР. І трэба на гэта арыентавацца», — казаў Аляксандр Смалянчук.
«Як бачыце, не атрымалася гэта адстаяць. І тая краіна, якая павінна была быць дэмакратычнай, незалежнай, сёння выглядае зусім іншай, на жаль. Але яшчэ раз: гісторыя на гэтым не заканчваецца», — запэўніваў гісторык.
У сціслую гісторыю перамогаў і паразаў БНР Смалянчук уключыў і расповеды пра лёсы яе айцоў-заснавальнікаў — Антона і Івана Луцкевічаў, Язэпа Варонку, Рамана Скірмунта, пра жыццё і дзейнасць якога Аляксандр Смалянчук напісаў «таўшчэзную кнігу»
«Ніколі не было адзінства. Заўсёды быў раскол і нізоў, і вярхоў. Тое, што, на жаль, мы і сёння назіраем. Хоць, з іншага боку, ведаеце, можна заклікаць іх да адзінства, але разумееш, што адзінства не можа быць. Заўсёды ёсць розныя погляды. Толькі — што важна? Важна, каб людзі спрачаліся, стоячы на глебе Беларусі, дэмакратычнай і незалежнай. І калі стаяць на гэтай глебе, то заўсёды можна дамовіцца. Калі ўсе яны на гэтай глебе, калі ва ўсіх адзін падмурак, а не думкі пра свае інтарэсы — тады можна дамовіцца. Калі не — то не», — казаў Аляксандр Смалянчук.
Аўтар чырвона-зялёнага сцягу малюе партрэт Гітлера
Распавядаючы пра смерць Рамана Скірмунта, застрэленага ў Парэччы ў 1929 годзе, гісторык заўважае: «Такое ўражанне, што беларусы самі стралялі ў сваю будучыню». І працягваюць, на жаль, страляць.
«Калі сёння чытаем пра рэпрэсіі ў Беларусі, то задаеш сабе пытанне, хто гэтыя «сілавікі», якія робяць усё гэта. Нядаўна бачыў такіх двух «герояў». Адзін 1989 года нараджэння, другі — 1995-га. Беларусы, якія выраслі ў беларускай дзяржаве. І што яны робяць?.. Можна вельмі доўга, канешне, казаць пра Крэмль, пра Пуціна і гэтак далей. І тут я зноў вяртаюся да Ластоўскага. Нашая гісторыя, наш лёс залежыць толькі ад нас. Калі мы самі страляем у сваю будучыню, то чаго можам чакаць? І таму задача яднання беларусаў на нейкім генетычным, нацыянальным ці іншым узроўні застаецца і сёння актуальнай і вельмі важнай», — сцвердзіў Аляксандр Смалянчук.
Экскурсы ў гісторыі і разважанні пра сувязь гістарычных падзеяў з сучаснасцю прамоўца спалучаў з гісторыямі з жыцця і расповедамі пра сустрэчы з вядомымі асобамі. Гэтак, ён распавёў пра нядаўнюю размову з філолагам і перакладчыкам Лявонам Баршчэўскім.

«Ён цікава распавядаў мне пра сцягі. Як вядома, бел-чырвона-белы сцяг, які лукашэнкаўская прапаганда называе фашысцкім, стварыў Клаўдзій Дуж-Душэўскі, які падчас вайны хаваў у Коўне габрэяў, быў арыштаваны немцамі і сядзеў у лагеры. Між тым, аўтар чырвона-зялёнага сцягу мастак Мікалай Гусеў падчас вайны, хіба каб не памерці галоднай смерцю, маляваў партрэты нямецкіх афіцэраў. А потым, па просьбе гаўляйтара Кубэ, намаляваў вялікі партрэт Гітлера, які падчас мітынгаў дэманстраваўся на цэнтральнай плошчы Менску. Разумееце? Як жа ўсё тут заблытана ў нашай гісторыі…» — казаў Смалянчук.
«Абапірацца на беларускі народ»
«Які, на вашую думку, галоўны ўрок з паразаў і няўдач БНР павінны засвоіць цяперашнія беларускія дэмакратычныя палітыкі?» — пытаемся ў Аляксандра Смаленчука адразу пасля заканчэння сустрэчы.
«Складанае пытанне, але я б сказаў, што адзін з галоўных урокаў — гэта ўсё ж такі імкнуцца да яднання сваіх намаганняў у барацьбе за незалежную дэмакратычную Беларусь і абапірацца ў першую чаргу на беларусаў.
Калі апора — свой беларускі народ, нават калі ён раскіданы сёння па ўсім свеце, то будзе перамога. Калі такой апоры не будзе, калі не будзе масавай падтрымкі ідэі незалежнасці, дэмакратычнай Беларусі, цяжка будзе чагосьці дамагчыся. Гэта, думаю, усе палітыкі разумеюць і без мяне», — падсумаваў Аляксандр Смалянчук.
Ён прызнаўся, што 108‑я ўгодкі абвяшчэння БНР адзначае «з трошкі сумным настроем», таму што свята гэтае трэба адзначаць у Беларусі, «а такой магчымасці няма».
«Гэта сумна, але, ведаеце, я ўвесь час спрабую нешта недзе прамаўляць і казаць пра БНР, таму што лічу гэта вельмі важным. Вельмі важна, каб тэма гісторыі БНР гучала, каб людзі гэтым жылі, тым больш на Дзень волі. Бо гэта частка нашага мінулага, нашай нацыянальнай памяці», — падагульніў Аляксандр Смалянчук.
28 сакавіка ў Варшаве адбудзецца святочнае шэсце і святкаванне 108‑й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларускі марш на Дзень Волі стартуе а 16‑й гадзіне з плошчы Трох крыжоў у Варшаве.
Каментары