БЕЛ Ł РУС

Каля берагоў Турцыі знайшлі найстаражытнейшае ў свеце затанулае судна

14.10.2026 / 20:15

Nashaniva.com

Ля берагоў Турцыі, непадалёк ад вострава Кекова ў правінцыі Анталья, археолагі знайшлі рэшткі карабля, які затануў каля 4400—4700 гадоў таму. Як сцвярджаюць даследчыкі, гэта самае старажытнае з вядомых затанулых суднаў у свеце. Яно існавала прыкладна ў той самы час, калі будавалі піраміду Хеопса ў Егіпце, піша Бі-бі-сі.

На месцы катастрофы знайшлі тры каменныя якары

Драўляны корпус карабля не захаваўся, але на марскім дне засталіся прадметы, якія ён перавозіў: тры вялікія каменныя якары і больш за 30 керамічных сасудаў. Знаходкі раскіданыя па падводным схіле на глыбіні каля 30 метраў. Мяркуецца, што судна было гандлёвым, мела каля 10 метраў у даўжыню і перавозіла тавары па Міжземным моры.

Каб вызначыць узрост карабля, археолагі вывучылі форму сасудаў. Паколькі драўніна не захавалася, правесці радыявугляродны аналіз было немагчыма. Кераміка ж мае характэрныя прыкметы: дзве ручкі, выступаючае рабро ў сярэдняй частцы і пляскатае дно. Падобныя амфары знаходзілі ў Егіпце і на Блізкім Усходзе, дзе іх датуюць перыядам 4400— 4700‑гадовай даўніны.

Дзякуючы знойдзеным амфарам можна вызначыць і ўзрост судна. Фота: Hakan Öniz

Кіраўнік экспедыцыі Асацыяцыі міжземнаморскай археалогіі Хакан Эніз з турэцкага ўніверсітэта Акдэніз заявіў, што асаблівасці апрацоўкі керамікі дазваляюць упэўнена аднесці карабель да ранняга бронзавага веку.

Пасля падняцця на паверхню сасуды перадалі спецыялістам для кансервацыі. Археолаг з аўстралійскага ўніверсітэта Макуоры Карын Савада знайшла ўнутры некаторых з іх значную колькасць густога бліскучага асадку. Цяпер даследчыкі спрабуюць высветліць, што менавіта перавозілі на караблі. Гэта маглі быць аліўкавы алей, віно або драўняная смала. Не выключана таксама, што сасуды выкарыстоўвалі паўторна: пасля разгрузкі іх маглі зноў напаўняць таварамі і адпраўляць у плаванне.

Знаходкі, якія прабылі тысячы гадоў пад вадой, трэба закансерваваць. Фота: Hakan Öniz

Знаходка дапаможа лепш зразумець гандлёвыя сувязі старажытнага Міжземнамор'я. Паводле меркавання археолагаў, карабель, верагодна, адправіўся з усходняга ўзбярэжжа Міжземнага мора і накіроўваўся альбо ў Трою, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай паўночна-заходняй Турцыі, альбо на Крыт, дзе жылі мінойцы.

Раён вострава Кекова быў небяспечным для мараплаўства праз моцныя плыні і вятры. У навакольных водах ляжаць сотні затанулых караблёў, якія вывучаюць падводныя археолагі.

Хакан Эніз адзначае, што за кожнай такой знаходкай стаяць лёсы людзей, якія будавалі судны, выраблялі амфары і грузілі іх на караблі. Паводле ягоных слоў, даследчыкі разумеюць, што сталі першымі за пяць тысяч гадоў людзьмі, якія дакрануліся да гэтых прадметаў.

Падводныя археолагі старанна раскопваюць аб'екты. Фота: Hakan Öniz

Раней найстаражытнейшым вядомым затанулым суднам лічылася карабельная знаходка каля грэчаскага вострава Дакос, узрост якой складае каля 4200 гадоў. Аднак сярод караблёў, ад якіх захаваліся фрагменты драўніны, найстарэйшым застаецца судна ўзростам каля 2400 гадоў, знойдзенае ў Чорным моры каля берагоў Балгарыі.

Чытайце таксама:

Дзясяткі старажытных дзід на дне Дзвіны. У Віцебску прайшлі першыя падводныя раскопкі

Выключны выпадак: рака Проня падмыла бераг з курганамі, і знайшоўся рэдкай дасканаласці гаршчок, якому 5000 гадоў

На дне Бодэнскага возера знайшлі карабель XV стагоддзя

З возера ў Швейцарыі дасталі груз 2000‑гадовага судна — гладыятарскія мячы, манеты, посуд

У Егіпце знайшлі антычнае судна, якое раней бачылі толькі на мазаіках

Каментары да артыкула