БЕЛ Ł РУС

У 16‑гадовага хлопца знайшлі зуб каля вока. Як ён там апынуўся?

15.10.2026 / 15:03

Ідаля Салавей

У Індыі лекары выдалілі 16‑гадоваму падлетку зуб, які вырас у незвычайным месцы — паміж верхнім павекам і брывом левага вока. Як такое магло здарыцца, тлумачыць The Сonversation.

Фота: American Academy of Ophthalmology 

Усё пачалося з невялікай прыпухласці каля левага вока, якая не выклікала ў падлетка ніякага болю. Каля месяца ён не звяртаўся па медыцынскую дапамогу. Але калі паміж верхнім павекам і брывом пачалі выступаць два цвёрдыя белаватыя кончыкі, хлопца адвезлі ў бальніцу.

Пасля абследавання высветлілася, што ў вобласці вачніцы знаходзіцца цалкам сфарміраваны ікол — зуб, які ў норме размяшчаецца трэцім ад сярэдзіны зубнога рада. Дактары выдалілі яго.

Такія выпадкі ў медыцыне называюць эктапіяй зубоў. Гэта рэдкая анамалія, пры якой зуб фарміруецца або праразаецца не ў тым месцы, дзе павінен. Часцей за ўсё такія зубы знаходзяць у верхнясківічнай пазусе — поласці за скулай. Але медыкі таксама выяўлялі іх у носе, паднябенні, падбародку, сківічным суставе і нават у вобласці вачніцы.

Гэта могуць быць як звычайныя малочныя або пастаянныя зубы, так і дадатковыя, якіх у чалавека ў норме быць не павінна.

Агляд 61 апісанага ў медыцынскай літаратуры выпадку паказаў, што эктапічныя зубы могуць заставацца незаўважанымі гадамі. У асобных выпадках яны выклікаюць боль, ацёкі, галаўны боль або цяжкасці з адкрываннем рота. Так, зуб, які вырас у насавой поласці, можа выклікаць закладзенасць носа, выдзяленні з яго і насавыя крывацёкі.

Як зуб можа апынуцца каля вока

Але як зуб увогуле можа апынуцца ў такім незвычайным месцы як вачніца? Адказ трэба шукаць яшчэ на этапе ўнутрычэраўнага развіцця чалавека.

Твар чалавека фарміруецца з некалькіх груп клетак і тканак, якія паступова перамяшчаюцца і злучаюцца паміж сабой. Ад іх правільнага ўзаемадзеяння залежыць і развіццё зубоў. Калі на гэтым этапе адбываецца збой, зуб можа пачаць фарміравацца ў неналежным месцы, часам нават далёка ад ротавай поласці.

Аднак прыроджаныя асаблівасці развіцця — не адзіная магчымая прычына. Да з'яўлення эктапічных зубоў могуць прыводзіць таксама траўмы, стаматалагічныя ўмяшанні, кісты і пухліны.

Фота: American Academy of Ophthalmology 

У некаторых выпадках наяўнасць некалькіх лішніх зубоў можа сведчыць пра спадчыннае захворванне. Напрыклад, пры такой рэдкай генетычнай хваробе як ключычна-чарапной дысплазіі парушаецца развіццё костак і зубоў.

Але ў выпадку індыйскага падлетка дактары не выявілі ніякіх траўмаў у мінулым і так і не змаглі вызначыць, чаму зуб вырас каля вока.

Ці заўсёды такі зуб трэба выдаляць

Не ўсе эктапічныя зубы патрабуюць выдалення. Калі зуб не выклікае праблем, дактары могуць проста назіраць за яго станам. Аднак калі ён становіцца прычынай запалення, перашкаджае дыханню, пашкоджвае суседнія тканкі або звязаны з утварэннем кісты, можа спатрэбіцца аперацыя. Рашэнне залежыць і ад таго, дзе менавіта знаходзіцца зуб.

Перад выдаленнем медыкі выкарыстоўваюць камп'ютарную тамаграфію, каб дакладна вызначыць размяшчэнне зуба і высветліць, наколькі блізка да яго знаходзяцца нервы, крывяносныя сасуды і іншыя важныя структуры.

Складанасць аперацыі залежыць ад месца, дзе вырас зуб. Часам дастаткова звычайнага выдалення, а ў іншых выпадках патрабуецца больш складанае хірургічнае ўмяшанне.

Напрыклад, зубы, якія апынуліся ў носе або насавых пазухах, часта можна выдаліць з дапамогай эндаскопа — тонкай трубкі з камерай і хірургічнымі інструментамі. Яе ўводзяць праз ноздры, што дазваляе абысціся без вялікіх разрэзаў. У адным з навуковых аглядаў апісана 27 выпадкаў такіх аперацый.

Пасля выдалення эктапічнага зуба на яго месцы не вырастае новы. Аднак калі ў чалавека ёсць адзін лішні зуб, могуць быць і іншыя, таму дактары часам праводзяць дадатковыя абследаванні, каб іх знайсці. У медыцынскай літаратуры апісаны адзінкавыя выпадкі, калі пасля выдалення зуба ў той самай вобласці фарміраваўся яшчэ адзін лішні зуб. Аднак такое здараецца надзвычай рэдка.

У індыйскага падлетка іншых зубоў у незвычайных месцах не знайшлі. Выпадак застаўся рэдкай анамаліяй, дакладную прычыну якой медыкі не змаглі зразумець.

Чытайце таксама:

У Вялікабрытаніі знайшлі мужчыну з трыма пенісамі — і ён мог пра гэта не ведаць

Зялёны валасаты язык — амерыканскія лекары паведамляюць пра трывожны выпадак з адным з пацыентаў

У Індыі са страўніка маладой жанчыны дасталі амаль 1,5 кг упрыгажэнняў і манет

Каментары да артыкула