БЕЛ Ł РУС

Еўрапейскія краіны адпрацуюць на вучэннях перакіданне міратворчых сіл ва Украіну

17.10.2026 / 19:08

Nashaniva.com

У лістападзе ў Польшчы пройдуць вайсковыя вучэнні, падчас якіх еўрапейскія краіны адпрацуюць перакіданне міратворчых сіл ва Украіну ў выпадку дасягнення рэжыму спынення агню паміж Расіяй і Украінай. Пра гэта піша The Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Kay Nietfeld / picture alliance via Getty Images

У манеўрах возьмуць удзел каля 1500 вайскоўцаў з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Польшчы. Яны будуць адпрацоўваць перамяшчэнне асабовага складу і забеспячэнне войскаў неабходнымі матэрыяламі, у тым ліку харчаваннем і палівам, у рамках патэнцыйнай міратворчай аперацыі.

Паводле крыніцы выдання ў Міністэрстве абароны Вялікабрытаніі, вучэнні будуць уключаць сцэнарый, у якім шматнацыянальныя сілы дзейнічаюць на адной тэрыторыі. Іншыя падрабязнасці не раскрываюцца.

Правядзенне манеўраў узгаднілі на ліпеньскім саміце «кааліцыі ахвотных» у Парыжы. У яе ўваходзяць краіны, якія аказваюць Украіне вайсковую і фінансавую падтрымку ў супрацьстаянні расійскаму ўварванню. Паводле інфармацыі The Times, гэта будуць першыя вучэнні, падчас якіх еўрапейскія вайскоўцы адпрацуюць дзеянні ва Украіне ў якасці сродку стрымлівання Расіі.

У ліпені прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бёрнэм заяўляў, што Лондан можа накіраваць ва Украіну вайсковы кантынгент пасля завяршэння актыўных баявых дзеянняў. Паводле яго слоў, кааліцыя на чале з Вялікабрытаніяй гатовая разгарнуць шматнацыянальныя сілы, каб гарантаваць доўгатэрміновую бяспеку Украіны.

Міністр абароны Вялікабрытаніі Уэс Стрытынг пасля сустрэчы з кіраўніком Пентагона Пітам Хегсетам у Вашынгтоне паведаміў, што вучэнні ў Польшчы павінны дапамагчы падрыхтавацца да арганізацыі неабходнай вайсковай падрыхтоўкі і пасляваеннага аднаўлення Украіны.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, у сваю чаргу, падкрэсліў вырашальнае значэнне прысутнасці Вялікабрытаніі і Францыі. Паводле яго слоў, гэта дапаможа кааліцыі падрыхтавацца да рэалізацыі гарантый бяспекі для Украіны і ўсяго рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Чытайце таксама:

Туск: Расія рыхтуецца да эскалацыі ў рэгіёне. Гэтая зіма будзе вырашальнай

Найбольш імаверным вынікам завяршэння канфлікту ва Украіне назвалі «фінскі сцэнар»

Замкнёнае кола. Чаму буксуюць перамовы пра мір ва Украіне?

Каментары да артыкула